Вярхоўнае камандаванне страціла веру ў Брэсцкую крэпасць і загадала эвакуіравацца з крэпасці 8 жніўня. Гэта была складаная задача, але яна была выканана. Гарнізон крэпасці са шматлікім узбраеннем і баявымі запасамі быў эвакуіраваны, частка крэпасных збудаванняў і мастоў была ўзарвана. Адступаючыя рускія апалчэнцы і казакі падпальвалі кінутыя гараджанамі дамы, кідалі ў вокны гранаты (тактыка “выпаленай зямлі”).
Эвакуацыя брэстаўчан праходзіла гвалтоўна і недастаткова арганізавана. Цягнікі не маглі вывезці ўсіх. Дакладных звестак аб колькасці эвакуіраваных не захавалася, прыкладна некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, пераважна жанчын, дзяцей і старых пакінулі горад. Дарогі на ўсход ад Брэста былі забіты фурманкамі з невялікай паклажай харчоў, адзення, фуражу. Нямецкія войскі ў час свайго наступлення нярэдка абстрэльвалі з артылерыі і бамбілі з аэрапланаў скапленні і абозы бежанцаў. Большая частка жыхароў эвакуіравалася ва ўсходнія раёны Беларусі і ў бліжэйшыя губерні Расіі.
Пасля двухдзённых баёў у ноч на 13 жніўня 1915 года аўстрыйскія атрады 12-й пехотнай дывізіі захапілі крэпасць і горад. У Брэст-Літоўску пачалася германская акупацыя, якая працягвалася да канца 1918 года. За гэты перыяд большая частка горада ўяўляла амаль суцэльныя разваліны: з 3670 будынкаў было знішчана 2500. На момант прыходу нямецкіх войск у Брэст-Літоўск тут засталося не болей некалькіх дзесяткаў жыхароў. Аднак праз месяц у горад пачалі вяртацца мясцовыя жыхары, якія ўхіліліся ад эвакуацыі, альбо перабраліся праз лінію фронту. За тры наступныя гады колькасць жыхароў вырасла да некалькіх тысяч чалавек.
Вялікая частка захопленых беларускіх земляў з гарадамі Навагрудак, Слонім, Баранавічы, Пінск, Пружаны, Кобрын і Брэст-Літоўск увайшла ў склад ваенна-аперацыйнай паласы паміж усходняй мяжой “Обер Оста” (былая Гродзенская губерня) і лініяй германа-расійскага фронту. На працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі, немцы разглядалі яе як часова акупіраваную і хацелі выкарыстаць яе на перамовах з Расіяй узамен на іншыя тэрыторыі. Тым не меньш, яны ўстанавілі ў Заходняй Беларусі жорсткі акупацыйны рэжым, які суправаждаўся тэрорам і шматлікімі рабаваннямі.
Захопнікі абшуквалі дамы і руіны, усё што-кольвек каштоўнае сартыравалі, грузілі ў вагоны і адпраўлялі ва Усходнюю Прусію. Потым разбіралі будынкі і вывозілі цэглу. Немцы пабудавалі палявую пазіцыю з бетонных укрыццяў на ўсходзе крэпасці. На тэрыторыі горада ўзвялі баракі, склады, вышкі, пераўтварыўшы Брэст-Літоўск у тылавы склад кайзераўскай арміі. Асобныя часткі акупацыйных войск дыслацыраваліся ў крэпасці, там жа быў і шпіталь. Нямецкія могілкі былі ўладкаваны каля в. Дуброўка (цяпер у межах Брэста). У горадзе з ліпеня 1916-га па май 1918 года размяшчаўся штаб галоўнакамандуючага германскімі войскамі на Усходзе фельдмаршала Леапольда Баварскага.
Жыццё мясцовага насельніцтва рэгламентавалі шматлікія загады, выдадзеныя нямецкай адміністрацыяй. Аб’явы вывешваліся ў людных месцах на нямецкай, яўрэйскай, рускай і польскай мовах. Кантроль за ўстаноўленымі правіламі жыццядзейнасці быў бязлітасны, за парушэнні следавалі штрафы, зняволенне, а то і смяротнае пакаранне. Практыкаваліся і фізічныя пакаранні. Шырока распаўсюдзіліся ваенна-палявыя суды. Строга кантралявалася перамяшчэнне, якое дазвалялася толькі пехам у межах пасялення. Ноччу дзейнічала камянданцкая гадзіна. Забаранялася прадаваць мяса і прадукты новага ўраджаю, паляваць і лавіць рыбу, атрымліваць пасылкі, газеты і т. п. Для грамадзян уводзіліся нямецкія пашпарты, са снежня 1915 года яны былі на нямецкай і беларускай (лацiнiцай) мовах.
Немцы ўстанавілі шэраг падаткаў: асабісты падатак, на гандаль, прамысловасць, на жывёл, у т. л. і на сабак, і інш. Іх зборам займаліся спецыяльныя ваенізаваныя каманды. Распаўсюджанай з’явай сталі рэквізіцыі жывёл, ураджаю, прадуктаў харчавання і т. п. Практыкавалася мабілізацыя мясцовых жыхароў на розныя гаспадарчыя работы, будаўніцтва ваенных умацаванняў. З 1916 года жыхароў вывозілі на работы ў Германію.
У вялікай колькасці вывозіліся матэрыяльныя каштоўнасці, прамысловае абсталяванне, сельскагаспадарчыя жывёлы, прадукты харчавання, розная сыравіна. Асабліва шмат вывозілася драўніны з Белавежскай пушчы. На лесанарыхтоўках выкарыстоўвалі рабскую працу трапіўшых у палон французскіх і рускіх салдат, лясы апуталі сеткай вузкакалейных чыгунак. Жыхары мелі недахоп харчавання і іншых сродкаў першай неабходнасці: мыла, лекаў і т. п., на гэтыя і іншыя тавары ўводзіліся купоны і талоны. Хлеб у гарадах размяркоўваўся па картках, але быў вельмі нізкай якасці. Асабліва цяжка было старым і дзецям.
3 сакавіка 1918 года ў Брэст-Літоўску была падпісана Брэсцкая мірная дамова. Горад быў перададзены Украінскай народнай рэспубліцы, пачалася ўкраінізацыя. У лістападзе 1918 года Германія і яе саюзнікі пацярпелі ваеннае паражэнне ў І Сусветнай вайне, 11 лістапада Германія падпісала Камп’енскае перамір’е. У пачатку студзеня 1919 года немцы пачалі эвакуіравацца з Брэст-Літоўска, экакуацыя ішла на працягу месяца. 9 лютага 1919 года польскія атрады з аператыўнай групы генерала А. Лістоўскага і ўланы з Віленскай самаабароны ротмістра Е. Дамброўскага ўвайшлі ў Брэст-Літоўск.
За гады нямецкай акупацыі насельніцтва Брэст-Літоўска моцна скарацілася. Многія мужчыны загінулі на фронце, тысячы эвакуіраваных жыхароў больш не вярнуліся на радзіму. Насельніцтва акупіраваных тэрыторый гінула ад голада, хвароб, расстрэлаў. Матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці знішчаны альбо вывезены. Гісторыя нямецкай акупацыі 1915–1918 гадоў – адзін з самых трагічных эпізодаў гісторыі беларускага народа.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
-
Першая сусветная вайна 1914–18 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 472–476.
-
Брэст-Літоўскаякрэпасць напярэдадні першай сусветнай вайны / У. А. Абрамаў. Брэст у першую сусветную вайну / П. І. Корнеў // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 1. С. 216–219.
-
На крутыхпаваротах гiсторыi : [Брэсцкi мiр] // Памяць. Брэст : гiсторыка-дакументальная хронiка : у 2 кн. Мiнск : БЕЛТА, 1997. Кн. 1. С. 221–224.
-
Мамонтов, В. И. Беларусь в период германской оккупации в годы Первой мировой войны (сентябрь 1915 – ноябрь 1918 гг.) : автореферат дис. / Виктор Иванович Мамонтов. Воронеж, 1997. 26 с.
-
Бешанов, В. В. Брестская крепость / В. В. Бешанов. Минск : Беларусь, 2004. 158 с. : ил. Из содерж.: «Смутное время». С. 57–74.
-
Бешанов, В. Накануне великой катастрофы : Крепость Брест-Литовска в Первой мировой войне : [оккупация] / Владимир Бешанов // Брестский курьер. 2014. 2 окт. (№ 40). С. 21; 9 окт. (№ 41). С. 21.
-
Белявина, В. Н. По другуюсторону линии фронта : жизнь населения на оккупированной территории // Белявина, В. Н. Беларусь в годы Первой мировой войны / В. Н. Белявина. Минск : Беларусь, 2013. С. 305–317.
-
Сарычев, В. Начало “польских часув” // Сарычев, В. В поисках утраченного времени : Книга первая / Василий Сарычев. Брест. : ОАО “Брестская типография”, 2006. С. 53–62.
-
Тотальные разрушения – кайзеровская оккупация. 1915–1918 гг. // Народный фотоальбом : 1000 фотографий о Брестеп к 1000-летию города / сост. Юрий Рубашевский. Брест : ООО “РИА “Вечерний Брест”, 2009. С. 53–74.
-
Саматыя, В. Проблемы беженцев в Беларуси в годы Первой мировой войны / В. Саматыя // Белорусский журнал международного права и международных отношений. 2003. № 2. С. 71–73.
-
Платонаў, Р. Пад пятой германскага кайзера : [акупацыя Беларусі] / Расціслаў Платонаў // Беларускі гістарычны часопіс. 2001. № 2. С. 51–56; № 5. С. 22–25.
-
Бутаков, Я. Брестский мир. Ловушка Ленина для кайзеровской Германии / Я. А. Бутаков. Москва : Вече, 2012. 448 с. (Военный архив).
-
Ксенофонтов, И. Н. Мир, которого хотели и который ненавидели : документальный репортаж [о заключении Брестского мирного договора] / Игорь Николаевич Ксенофонтов. Москва : Политиздат, 1991. 414 с.
-
Курков, И. Н. Творцы Брестского мира : [1918 г.] // Курков, И. Н. Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск, 2005. С. 187–194.