У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак вучылішча быў разбураны, у агні загінулі музычныя інструменты і бібліятэка. Пасля вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у вучылішчы пачаліся заняткі 1 верасня 1944 года. Першы выпуск (усяго тры чалавекі) адбыўся ў 1948 годзе.
За вялікую працу па падрыхтоўцы музычных кадраў у 1969 годзе калектыў вучылішча быў узнагароджаны Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
У 1972 годзе быў адкрыты новы будынак музычнага вучылішча па вул. Гогаля, 7. У 1990 годзе было створана аддзяленне народных харавых спеваў.
У лістападзе 1993 года рашэннем Брэсцкага аблвыканкама вучылішча было пераўтворана ў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову новага тыпу – музычны каледж, а 12 жніўня 1994 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь каледжу было прысвоена імя Рыгора Раманавіча Шырмы (1892–1978), народнага артыста СССР і БССР, Героя Сацыялістычнай Працы, харавога дырыжора, фалькларыста, музычнага і грамадскага дзеяча.
1 верасня 1994 года пры каледжы адкрыта дзіцячая музычная школа прафесійнай адукацыі, дзе працуюць лепшыя выкладчыкі.
Навучэнне ў каледжы дзённае, штогод тут займаецца больш за 300 навучэнцаў па спецыяльнасцях:музыказнаўства, інструментальнае выканальніцтва, дырыжыраванне, спевы (акадэмичныя), мастацтва эстрады, акцёрскае майстэрства.
Пры каледжы працуюць творчыя калектывы: народны хор, аркестр рускіх народных інструментаў, моладзёжны хор, аркестр беларускіх народных інструментаў, аркестр духавых інструментаў, сімфанічны аркестр, камерны аркестр, змешаны хор. Многім з іх прысвоена званне народных.
Калектыў каледжа вядзе вялікую канцэртную дзейнасць, аказвае метадычную дапамогу дзіцячым музычным школам і калектывам мастацкай самадзейнасці, прапагандуе музычную культуру сярод насельніцтва горада і вобласці.
Пры каледжы ў 2003 годзе створана першасная арганізацыя ГА «БРСМ». На рахунку арганізацыі шмат цікавых спраў: гэта арганізацыя валанцёрскага руху, святочных канцэртаў і сустрэч з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы, удзел у працы інфармацыйнай групы, працоўных брыгадах па добраўпарадкаванні каледжа, удзел у працы краязнаўчага гуртка «Брестоведение», гарадскіх і Рэспубліканскіх патрыятычных акцыях. За сваю актыўную дзейнасць першасная арганізацыя каледжа была неаднаразова адзначана падзякамі і граматай Ленінскага раённага камітэта БРСМ.
Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы – адно з вядучых сярэдніх спецыяльных музычных навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Тут рыхтуюць будучых прафесійных музыкаў, вучаць, як выконваць, складаць музыку, слухаць яе і разумець, а галоўнае – як вучыць музыцы.
За гады свайго існавання каледж падрыхтаваў больш за 5 тысяч спецыялістаў, сярод іх сотні ўдзельнікаў музычных фестываляў, лаўрэатаў, дыпламантаў розных конкурсаў у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой, больш за 60 стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У цяперашні час па шасці спецыяльнасцях навучаюцца 298 вучняў, працуюць 127 высокакваліфікаваных выкладчыкаў і канцэртмайстраў.
Сярод выпускнікоў каледжа многа таленавітых музыкантаў-выканаўцаў, арганізатараў і кіраўнікоў творчых калектываў, ансамбляў, выкладчыкаў дзіцячых музычных школ, вучылішчаў і кансерваторый. Калектыў каледжа ганарыцца заслужаным артыстам Расіі і народным артыстам Бураціі Б. Пецюком, заслужанымі артыстамі Беларусі М. Шошчыцам, М. Зданевічам, Л. Тышко, заслужаным артыстам Украіны Ф. Богданавым і многімі іншымі.
Вядомыя выпускнікі: Валянціна Верамяюк (1955) – заслужаны настаўнік БССР, кавалер ордэнаў Леніна і Дружбы народаў, Аляксандр Дзямешка (1966) – удзельнік легендарнага ансамбля «Песняры», Леанід Тышко (1964) – удзельнік легендарнага ансамбля «Песняры», Уладзімір Солтан (1974) – кампазітар, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР і іншыя.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічным аддзелам
-
Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Г. Шырмы // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 71.
-
Брестский государственный музыкальный колледж имени Г. Ширмы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 172.
-
Брестский музыкальный колледж имени Г. Ширмы // Республика Беларусь : энциклопедия : [в7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 522.
-
Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы / У. І. Нікіценкаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 585–586.
-
Брэсцкі музычны каледж / Г. В. Сегянюк // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т. 4. Мінск, 1997. С. 297.
-
Жабинский, Р. А.Брестский музыкальный колледж: история и современность / Ромуальд Адольфович Жабинский. Брест : Альтернатива, 2011. 227 с. : ил.
-
Данилова, Е. За месяц семь лауреатов : [Брестский музыкальный коледж пополнил копилку своих наград] / Елена Данилова // Заря. 2014. 4 дек. С. 18.
-
Данилова, Е. Ваш выпуск, артисты! : [к 75-летнему юбилею Брестского музыкального колледжа им. Г. Ширмы] / Елена Данилова // Заря. 2014. 5 июня. С. 5.
-
Павлова, Л. Век Михаила Минстера : он и сейчас дирижирует своим временем / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2013. 19 дек. (№ 51). С. 10.
-
Жебит, Н. Рыцарь скрипки : [100-летний юбилей М. Е. Минстера] / Наталья Жебит // Вечерний Брест. 2013. 18 дек. С. 8.
-
Бачюлюнайте, Н. “На свете каждый миг мелодия родится…” : [музыкальный колледж отметил своё 70-летие] / Н. Бачюлюнайте. // Брестский вестник. 2010. 15 апр. С. 2.
-
Свинтилова, Н. Повелители эмоций : Брестскому музыкальному коледжу 70 лет / Н. Свинтилова // Вечерний Брест. 2010. 31 март. С. 6.
-
Данилова, Е. Пять тысяч путёвок в мир искусства : [Брестский музыкальный колледж им. Г. Ширмы] / Елена Данилова // Заря. 2010. 25 март. С. 1.
-
Тихон, А. Эта истина проста: совершенству нет предела : [Брестский музыкальный колледж им. Г. Ширмы] / А. Тихон // Брестский вестник. 2008. 16 окт. С. 12.
-
Бунеева, Л. Встречай, учи и снова расставайся : Брестский музколледж проводил за порог свой 60-й выпуск и первый “академический” / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2009. 20 июня. С. 7.