Панядзелак, 26 Студзень 2015 16:07

4 студзеня 2015 г. – 70 гадоў з дня нараджэння (1945) Фёдара Віктаравіча Шастака, мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кераміка)

Фёдар Віктаравіч Шастак нарадзіўся 4 студзеня 1945 года ў вёсцы Харошча Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

 

Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў Т. М. Паражняка, В. Г. Гаўрылава. Са студэнцкіх гадоў (з 1973 г.) пачаў прымаць удзел у мастацкіх выстаўках. У 1974 годзе скончыў інстытут і прыехаў працаваць на Івянецкую фабрыку мастацкай керамікі і вышыўкі. Распрацаваў шэраг эталонаў мастацкіх вырабаў, за што быў узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР у 1977 годзе.

У 1979 годзе Фёдар Віктаравіч прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. З 1979 года – загадчык Навукова-даследчай мастацка-эксперыментальнай лабараторыі ў Мінску. З 1983-га па 2002 год працаваў на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва.

Сярод асноўных твораў мастака: дэкаратыўная скульптура «Певень», дэкаратыўна-керамічнае пано «Ураджай»; трыпціхі «Край мой родны», «Івянецкія майстры», «Зубр», «Ікар», «Пегас» (1976), «Да зорак», «Марына»; дэкаратыўная кампазіцыя «Хваля» (1978–1979); дэкаратыўныя талеркі «Футбол» і «Варатар», «Чалавек і прырода», камплекты дэкаратыўных ваз «Квітнеючы сад», «Бабіна лета», «Салют», талеркі, свяцільні для інтэр’ера рэстарана ў Талачыне Віцебскай вобласці.

Ф. В. Шастак афармляў інтэр’еры кафэ Магілёўскага праектна-канструктарскага інстытута машынабудоўлі, Палаца культуры у Светлагорску, універмага ў Жодзіна, сталовай шклозавода Барысава і інш.

Аўтар пластоў «Магілёў», «Гомель» для залы пасяджэнняў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; камінаў і пячэй для музея-сядзібы А. Міцкевіча ў Завоссі Баранавіцкага раёна (1998); электракаміна для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (2006). Творам Фёдара Віктаравіча характэрна арганічнае спалучэнне традыцыйных і сучасных форм.

Працы Фёдара Віктаравіча ўпрыгожваюць інтэр’еры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Вырабіў дзесяць самых шыкоўных кашпо на калонах у Палацы Незалежнасці. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, прыватных калекцыях.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай

імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Шастак Фёдар. Шестак Федор. Shastak Fedar // Сучаснае беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. ХХІ стагоддзе / аўт. тэкску, склад, пер. на бел. мову: К. С. Аксёнава. Мінск, 2013. С. 196–199.

  2. Шестак Фёдор Викторович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2 : Брестская область. С. 469.

  3. Шастак Фёдар Віктаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 385.

  4. Шастак Фёдар Війтаравіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 611.

  5. Шастак Фёдар Віктаравіч / Л. Ф. Салавей // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 558–559.

  6. Сахута, Я. М. Беларуская народная кераміка / Я. М. Сахута. Мінск : Полымя, 1987. 112 с. : [16] л. іл. Са зместу: Ф. Шотсак: С. 66, 71.

  7. Жук, В. И. Современная белорусская керамика: тенденции развития / В. И. Жук. Минск : Наука и техника, 1984. 168 с.: ил. Из содерж.: Ф. Шестак: С. 107, 110, 121, 138, 167.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1276 разоў Апошняя змена Чацвер, 23 Красавік 2020 10:56