Аўторак, 24 Люты 2015 12:49

17 студзеня 2015 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Леаніда Канстанцінавіча Лукшы (1930–2011), доктара тэхнічных навук, вучонага ў галіне мостабудавання, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, прафесара

Леанід Канстанцінавіч Лукша нарадзіўся 17 студзеня 1930 года ў вёсцы Хвалава Пружанскага павета (цяпер Сухопальскага сельсавета Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Яго бацька ваяваў у Першую сусветную вайну на тэрыторыі Румыніі, быў паранены і накіраваны на лячэнне ў г. Наварасійск, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай – данской казачкай, прывёз яе на сваю родную Пружаншчыну. У сям’і Лукшаў нарадзіліся два сыны і тры дачкі, з іх Леанід быў малодшым.

Леанід Лукша закончыў два класы пачатковай польскай школы, затым вучыўся ў Сухопальскай і Шарашоўскай школах. На ўсё жыццё запомніў настаўніка па прозвішчу Янчанка, які складаў вершы, вучыў дзяцей ствараць запамінальныя вобразы, прыводзіў у прыклад Пушкіна, Лермантава.

Дзяцінства і юнацтва Леаніда прайшлі ў суровыя гады ваеннага ліхалецця. Родная вёска Хвалава ў жніўні 1941 года была спалена нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пасля вайны адноўлена.

У дваццацігадовым узросце Леанід Лукша прыехаў у Мінск, каб атрымаць адукацыю. У 1956 годзе закончыў гідратэхнічны факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута. Пасля застаўся ў інстытуце працаваць старшым лабарантам, выкладаў у Мінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме, навучаўся ў аспірантуры Беларускай акадэміі навук. У 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю “Исследование прочности и пластичности бетона в условиях стесненной поперечной деформации”.

З 1966 года на працягу дзесяці гадоў Л. К. Лукша выкладаў дзве складаныя дысцыпліны ў Чанстахоўскім палітэхнічным інстытуце (Польшча). За сваю дзейнасць па падрыхтоўцы спецыялістаў-будаўнікоў для ПНР быў уключаны ў «Залатую кнігу тэхнічных навук» і «Залатую кнігу польскай навукі». Чытаў лекцыі студэнтам ва ўніверсітэтах Расіі, Літвы, Украіны, Японіі, Сірыі.

У 1980 годзе ў Маскве абараніў доктарскую дысертацыю “Расчёт прочности железобетонных конструкций с учетом напряженного состояния бетона, атрымаў навуковую ступень доктара тэхнічных навук.

Леанід Канстанцінавіч – спецыяліст з сусветным імем па праектаванню мастоў і тэорыі канструкцый. У многім ён быў піянерам – і ў стварэнні полых канструкцый, і ў абслугоўванні чыгуначных мастоў, і нават ў распрацоўцы жылезабетонных карпусоў ядзерных рэактараў. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых прац па трываласці будаўнічых канструкцый, супраціўленні матэрыялаў, тэорыі трываласці бетонаў і горных парод, тэорыі трываласці трубабетону, 27-мі вынаходніцтваў.

Зрабіў вялікі ўклад у развіццё кафедры мастоў і танэлей у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, якой кіраваў у 1983–1996 гадах. У 1985 годзе атрымаў званне прафесара. Дзякуючы яго намаганням пры кафедры была адкрыта аспірантура, дзе прафесар Л. К. Лукша падрыхтаваў 17 кандыдатаў тэхнічных навук. У 1990 годзе яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі БССР”.

Прафесар Л. К. Лукша – адзіны беларус, хто двойчы атрымліваў ганаровае званне «Чалавек года» (2009, 2010) Амерыканскага біяграфічнага інстытута.

Мала хто ведае, што доктар тэхнічных навук ўсё жыццё пісаў вершы. У Леаніда Канстанцінавіча выйшлі два зборнікі паэзіі “Вдохновение – отдохновение” (2004, 2007). Адзін з вершаў – “Беловежской пуще” – увайшоў у анталогію «Современная русская поэзия Беларуси» (2003).

Паэзія для Леаніда Міхайлавіча стала сапраўдным масточкам, праз які можна патрапіць на сваю малую радзіму, у дзяцінства і юнацтва, да сваіх незабыўных землякоў. Нямала вершаў прысвечана роднай Пружаншчыне: «Беларусь историческая», «Ода городу Пружаны», «Хвалово», «Беловежской пуще», «Сухополь» і інш. Адчуваецца любоў да роднага краю, жыццёвых вытокаў, светлы сум па далёкім мінулым.

Пасля выхаду на адпачынак Леанід Канстанцінавіч вёў актыўны лад жыцця: працягваў пісаць навуковыя артыкулы, удзельнічаў у саветах па абароне дысертацый, у 80 гадоў ездзіў на веласіпедзе, гуляў у шахматы, пісаў вершы і рамансы, іграў на гітары і нядрэння спяваў. Выхаваў двух сыноў і дачку.

Леанід Канстанцінавіч Лукша памёр у чэрвені 2011 года ў Мінску.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Пружанскай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Лукша Леанід Канстанцінавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 367.

  2. Мацяш, У. Апошні верш прафесара Лукшы : [памяці Л. К. Лукшы] / Уладзімір Мацяш // Раённыя будні (Пружаны). 2015. 17 студзеня. С. 4.

  3. Антаноўскі, М. Мост памяці : [пра Л. К. Лукшу] / Мікола Антаноўскі // Раённыя будні (Пружаны). 2012. 20 чэрвеня. С. 3.

  4. Антонаў, М. Мост у маладосць : [пра Л. К. Лукшу і яго паэтычную творчасць] / Мікола Антонаў // Раённыя будні (Пружаны). 2010. 13 лістапада. С. 3

  5. Столярчик, К. Профессор с гитарой : [пра Л. К. Лукшу] / Константин Столярчик // Вечерний Минск. 2010. 16 декабря.

  6. Лукша, ЛК.Учебно-методическое пособие для индивидуальной работы студентов по курсам «Искусственные сооружения на дорогах» для студентов специальности 29.10 ; «Строительство автомобильных дорог и аэродромов» и «Проектирование автодорожных мостов и труб» для студентов специальности 29.11 «Мосты и транспортные тоннели» / Л. К. Лукша, Л. Г. Расинская. Минск. 1992. 42 с.

  7. Лукша, ЛК.Прочность трубобетона / Л. К. Лукша. Минск : Вышэйшая школа, 1977. 96 c.

  8. Лукша, ЛК. Расчет прочности железобетонных конструкций с учетом напряженного состояния бетона : автореф. дис. на соиск. учен. степ. д-ра техн. наук : 05.23.01 / Л. К. Лукша ; Всесоюз. заоч. инженер.-строит. ин-т. Москва, 1980. 32 с.

  9. Лукша, ЛК.Исследование прочности и пластичности бетона в условиях стесненной поперечной деформации : автореферат диссертации, представленной на соискание ученой степени кандидата технических наук / Л. К. Лукша ; Академия наук Белорусской ССР, Отделение технических наук. Минск. 1962. 20 c.

  10. Ждан, Е. Портрет, пейзаж, натюрморт : [альбом] / Евгений Ждан ; вступ. ст. Л. К. Лукши. Минск : Энциклопедикс, 2010. 52 с. : ил.

  11. Лукша, Л. К.Вдохновение отдохновение : стихи / Леонид Лукша. Минск : Тонпик, 2007. 32 с.

  12. Лукша, Л. К.Вдохновение отдохновение : стихи / Леонид Лукша. Минск : УП “Технопринт”, 2004. 22 с.

  13. Лукша, Л. Беловежской пуще : [стихи] / Леонид Лукша // Современная русская поэзия Беларуси : антология / сост. А. Аврутин. Минск : Технопринт, 2003. С. 101.

  14. Лукша, Л. Сухополь : [стихи] / Леонид Лукша // Раённыя будні (Пружаны). 2015. 17 студзеня. С. 4.

  15. Лукша, Л. Хвалово ; Беловежской пуще ; Из безвестного жестокого романса ; Раздумье : [стихи] / Леонид Лукша // Раённыя будні (Пружаны). 2010. 13 лістапада. С. 3.

  16. Лукша, Л. Крепость-герой : [стихи] / Леонид Лукша // Белорусская военная газета. 2010. 27 нояб. С. 14.

  17. Леанід Лукша// be-x-old.wikipedia.org

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1555 разоў Апошняя змена Серада, 29 Красавік 2020 16:02