Граф Карл Іванавіч Оперман (1766–1831) – вядомы расійскі інжынер, картограф і фартыфікатар, член Дзяржаўнага Савета, дырэктар Інжынернага і Будаўнічага дэпартаментаў. Атрымаў інжынерную адукацыю. У 1783 годзе прыняты ў рускае поданства, пачаў службу ў чыне паручыка Інжынернага корпуса. Удзельнік руска-шведскай вайны 1788–1790 гадоў. У 1792 годзе інжынер-капітан К. І. Оперман пасланы ў Польшчу, удзельнічаў у падаўленні паўстання Т. Касцюшкі 1794 года. У 1806–1807 гадах удзельнічаў у вайне з французамі ў Польшчы і Усходняй Прусіі. У 1810 годзе стварыў Інжынернае вучылішча, якое ў 1819 годзе пераўтворана ў Галоўнае інжынернае вучылішча. Удзельнік вайны з Напалеонам 1812–1814 гадоў. З 1826 года – ганаровы член Расійскай Акадэміі навук.
Па праекту і пад кіраўніцтвам К. І. Опермана ў 1810 годзе пачаліся работы па будаўніцтву крэпасці каля г. Бабруйска. Месца было выбрана на суднаходнай рацэ Беразіне, непадалёку ад суднаходнай часткі Нёмана. Бабруйская крэпасць павінна была служыць апорным пунктам на Палессі і плацдармам для збору войскаў у выпадку вайны Расіі на захадзе. У 1816 годзе Бабруйская крэпасць была пабудавана і лічылася крэпасцю 1-га класа. У 1818 годзе быў складзены праект перабудовы Бабруйскай крэпасці, які быў рэалізаваны ў 1825 годзе.
Другая крэпасць, якая ўзнікла на заходняй мяжы, гэта Дзінабургская (цяпер г. Даўгапілс, Літва). Яе будаўніцтва пачалося ў 1810 годзе, а завершана ў 1840-я.
Пасля свяржэння Напалеона (1815) усе еўрапейскія дзяржавы былі заклапочаны пытаннем рэарганізацыі ўмацаванняў сваіх граніц. Ваенныя ўсвядомілі, што старыя крэпасці з адной замкнутай агароджы цесныя і малыя, не могуць змясціць сродкі для харчавання і снабжэння палявой арміі, не могуць мець і дастаткова моцны гарнізон, не забяспечваюць жыхароў і гарадскія будынкі ад бамбардзіравання. Такім чынам былі ўстаноўлены новыя палажэнні: стварэнне абшырнага плацдарма, які змяшчае ўсе патрэбныя для арміі сродкі; магчымасць ствараць гарнізонам буйныя актыўныя дзеянні; забяспячэнне ядра ўмацаванага пункта ад бамбардзіравання. Гэтыя новыя палажэнні патрабавалі карэннай рэарганізацыі формы ўсяго крэпаснога распалажэння.
У 1818 годзе Аляксандр І назначыў свайго брата Мікалая Паўлавіча генерал-інспектарам па інжынернай частцы і захаваў пры ім вопытнага інжынера К. І. Опермана, дырэктара інжынернага дэпартамента, у якасці памочніка. З гэтага часу фартыфікацыйныя планы Расіі змяніліся да лепшага. На гэты час ў Расіі налічвалася больш за 100 крэпасцей розных класаў.
На разгляд былі прадстаўлены некалькі праектаў крэпасцей у Брэст-Літоўску, які знаходзіўся на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў, на рэках Заходні Буг і Мухавец. На месцы старажытнага горада планавалася пабудаваць ваенную крэпасць, якая б змагла служыць апорным пунктам для дзеючай арміі ў гэтым раёне. У 1828 годзе было закончана будаўніцтва дарогі Варшава – Брэст-Літоўск, якая паўплывала на ажыўленне гандлёвых сувязей. Канчатковае рашэнне аб будаўніцтве Брэст-Літоўскай крэпасці з’явілася ў пачатку 1829 года. Камітэт па будаўніцтве крэпасці на чале з інжынер-генералам К. І. Оперманам прадставіў праект абарончай лініі “Брэст-Літоўск” часовага профілю, які потым можна ператварыць у доўгачасовы. На будаўніцтве крэпасці на працягу двух гадоў меркавалася штодзённа залучаць 1 тыс. сапёраў, 7 тыс. салдат і 1 тыс. коней.
У кастрычніку 1830 года гэты праект, аўтарамі якога былі ваенныя інжынер-генералы К. І. Оперман, Н. М. Малецкі і палкоўнік А. І. Фельдман, з некаторымі папраўкамі зацвердзіў імператар Мікалай І. Быў створаны будаўнічы камітэт, падначалены Н. М. Малецкаму, інжынернай камандай кіраваў інжынер А. І. Фельдман. Агульнае кіраўніцтва будаўніцтвам ажыццяўляў інжынер генерал-маёр І. І. Дэн. Найвышэйшы нагляд за будаўніцтвам крэпасці быў ускладзены на генерал-фельдмаршала Ф. І. Паскевіча.
Рэалізацыя праекта была адкладзена з-за польскага паўстання 1830–1831 гадоў, якое закранула некалькі паўночных паветаў Беларусі. Пасля ліквідацыі Каралеўства Польскага стратэгічныя вайсковыя планы звязваліся з будаўніцтвам на тэрыторыі губерняў Прывіленскага краю новых крэпасцей. У 1832–1834 гадах збудавана Аляксандраўская цытадэль у Варшаве.
6 чэрвеня 1833 года ў Брэст-Літоўску пачаліся масавыя земляныя работы, будаўніцтва чатырох часовых умацаванняў. У сувязі з пабудовай крэпасці горад быў перанесены амаль на 3 км на ўсход. Гараджанам пры перасяленні былі часткова вернуты страты, але многія помнікі архітэктуры незваротна страчаны. Некаторыя мураваныя пабудовы былі прыстасаваны для патрэб гарнізона, іншыя былі разабраны: каталіцкія кляштары аўгусцінцаў, дамініканцаў, трынітарыяў, прыходскі касцёл і мураваная Мікалаеўская царква, сінагога, праваслаўны Сімяонаўскі манастыры, драўляныя цэрквы: Троіцкая, Міхайлаўская, Праабражэнская.
Былі насыпаны валы, прарыты каналы. Да 1836 года земляныя работы ў асноўным завершаны. Абарончая лінія крэпасці складалася з шэрагу бастыённых фортаў з равелінамі і ўяўляла сабой моцны апорны пункт.
Першы камень крэпасці быў закладзены 1 чэрвеня 1836 года. У падмурак былі замураваны бронзавая дошка і скарбонка з манетамі. Гэтыя ўнікальныя рэліквіі былі знойдзены ў красавіку 1953 года у час разборкі завалаў у Цытадэлі і зараз дэманструюцца зале № 1 Музея абароны крэпасці.
26 красавіка 1842 года над крэпасцю быў падняты крэпасны сцяг. Брэст-Літоўская крэпасць 1-га класа ўвайшла ў лік дзеючых крэпасцей Расіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
-
Брэсцкая крэпасць / У. А. Абрамаў, Т. М. Ходцава // Энцыклапедыя гісторыіі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 94–96.
-
Крэпасць // Энцыклапедыя гісторыіі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 285–286.
-
Крэпасць Брэст-Лiтоўск у 18–19 ст. / У. А. Абрамаў // Памяць. Брэст : гiст.-дакум. хронiка : у 2 кн. Мiнск, 1997. Кн. 1. С. 148–151.
-
Опперман Карл Иванович // Большая энциклопедия : в 62 т. Москва, 2006. Т. 34. С. 86–87.
-
Опперман Карл Иванович // Залесский, К. А. Наполеоновские войны. 1799–1815 : биогр. энцикл. словарь / К. А. Залесский. Москва : АСТ, 2003. С. 335–336.
-
Брестская крепость на ветрах истории / авт. концепции и текста А. М. Суворов. Брест, 2007. 151 с. : ил. Из содерж.: [Проект Брестской крепости]. С. 15–19.
-
Бешанов, В. В. Брестская крепость / В. В. Бешанов. Минск : Беларусь, 2004. 158 с. : ил., [8] л. ил.
-
Брэсцкая крэпасць : злучае нас часiнаў нiць... : фотаальбом / аўт.-склад.: Б. А. Крэпак iiнш. Мінск : Культура i мастацтва, 2004. 90 с. : іл.
-
Яковлев, В. В. Эволюция долговременной фортификации / Виктор Васильевич Яковлев. Москва : Госвоениздат НКО СССР, 1931. 288 с. : ил.
-
Яковлев, В. В. История крепостей : Эволюция долговременной фортификации : [переиздание книги 1931 г.] / Виктор Васильевич Яковлев. Москва : Полигон, 1995. 311 с. : ил.
-
Пивоварчик, С. А. Формирование и развитие системы фортификационного строительства в Беларуси (1772–1941 гг.) : автореф. дис. ... д-ра ист. наук / Сергей Аркадьевич Пивоварчик ; БГУ. Минск, 2009. 38 с.
-
Піваварчык, С. А. Беларусь у фартыфікацыйным ўмацаванні Расійскай імперыі / Сяргей Аркадьевич Піваварчык. Гродна, 2004.
-
Піваварчык, С. Крэпасць “Палесьсе” / Сяргей Піваварчык // ARHCE. Пачатак. 2011. № 3 (102). С. 301–312.
-
Піваварчык, С. Фартыфікацыйнае будаўніцтва ў Беларусі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ ст.) / Сяргей Піваварчык // Беларускі гістарычны часопіс. 2005. № 9. С. 17–21.
-
Адамянц-Подъяков, В. Государь-император Николай I семь раз посещал крепость : [1835, 1840, 1843, 1845, 1850, 1851, 1853] / В. Адамянц-Подъяков // Заря. 2006. 10 июня. С. 4.