Аўторак, 24 Люты 2015 13:17

15 лютага 2015 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Пятра Паўлавіча Бабея (1945), спартсмена, заслужанага трэнера Беларусі

Пётр Паўлавіч Бабей нарадзіўся 15 лютага 1945 года ў вёсцы Ёдчыкі Альбенскага сельсавета Косаўскага раёна (цяпер Квасевіцкага сельсавета Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) ў шматдзетнай сям’і.

У 1959 годзе скончыў сем класаў Квасевіцкай сярэдняй школы і паступіў у Брэсцкае будаўнічае вучылішча № 6. У навучальны 1959–1960 год было 176 навучэнцаў. Для заняткаў у будынку на вул. Будзённага, 36 меліся дзве майстэрні (для сталяроў і маляроў-аддзелачнікаў), тры класы, кабінеты, лабараторыя. Працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці. Пётр Бабей у час вучобы ў вучылішчы захапіўся спортам, пачаў займацца ў секцыі вольнай барацьбы.

Спартыўнае жыццё ў абласным цэнтры ў 1960-х гадах было актыўным, развіваліся валейбол, баскетбол, лёгкая атлетыка, гімнастыка, веласпорт і інш. У 1960 годзе ў Брэсце былі два стадыёны, тры футбольныя палі, 25 баскетбольных і 61 валейбольных пляцовак, 24 спартыўна-гімнастычныя залы. Тады традыцыйнымі сталі гарадскія спартыўныя святы, прысвечаныя значным гістарычным падзеям, у іх прымалі ўдзел вучні школ, навучэнцы прафесійна-тэхнічных вучылішч, студэнты.

Пасля заканчэння вучылішча Пётр Бабей атрымаў накіраванне ў Гомельскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне працаваць маляром-мантажнікам. У Гомелі Пётр Бабей займаўся вольнай барацьбой пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера СССР С. В. Рэйгельскага.

Вольная барацьба – від спартыўнай барацьбы, у якой акрамя прыёмаў барацьбы грэка-рымскай шырока выконваюцца тэхнікі і сілавыя прыёмы – захваты саперніка ніжэй паясніцы, падсечкі, падбівы, абвівы, падножкі, перавароты і інш., аснованыя на дзеяннях рук, корпуса і ног.

Пётр Бабей у 1965 годзе быў прызваны на тэрміновую службу ў Савецкую армію. Пасля дэмабілізацыі завочна скончыў факультэт фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрыманне адукацыі сумяшчаў з працай у будаўніча-мантажным упраўленні і трэніроўкамі.

У 1968 годзе П. П. Бабей атрымаў званне майстра спорту СССР, стаў працаваць трэнерам па вольнай барацьбе ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе № 5.

У 1986 годзе П. П. Бабей быў прызначаны на пасаду дырэктара ДЮСШ № 5 Гомельскага вагонарамонтнага завода (цяпер – Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 5). Зараз Пётр Паўлавіч працягвае трэнерскую работу ў гэтай жа школе.

За сваю педагагічную дзейнасць ён падрыхтаваў дваццаць пераможцаў шматлікіх рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтваў. З брыгадай трэнераў прымаў удзел у падрыхтоўцы пераможцаў першынстваў СССР: Мікалая Савіна і Аляксандра Гузава. У 1995 годзе М. Савін стаў пераможцам маладзёжнага першынства свету ў Іране, у 2000 годзе прымаў удзел у ХХVІІ летніх Алімпійскіх гульнях у Сіднэі.

Таксама значных поспехаў у спорце дасягнулі іншыя вучні Пятра Паўлавіча: член нацыянальнай зборнай каманды Республікі Беларусь Марыя Мамашук, якая стала сярэбраным прызёрам маладзёжнага першынства Еўропы, бронзавым прызёрам Сусветнай летняй Універсіяды-2013; Дзмітрый Курзаў стаў двухразовым прызёрам спартакіяды Рэспублікі Беларусь (2011), пераможцам VІ Усеўкраінскага адкрытага турніру па вольнай барацьбе (2012).

У красавіку 2011 года ў Гомельскім гарадскім спартыўным комплексе адбылося абласное першынства па вольнай барацьбе сярод юнакоў і дзяўчын 1996–1997 гадоў нараджэння. Сярод прызёраў аказаліся шэсць спарсменаў, якіх трэніраваў П. П. Бабей.

У 1990 годзе Пётр Паўлавіч атрымаў ганаровае званне «Заслужаны трэнер БССР». У 1999 годзе быў узнагароджаны знакам «Почетному железнодорожнику» за шматгадовую плённую працу ў спартыўным таварыстве «Лакаматыў».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Борьба вольная // Спортивная энциклопедия Беларуси. Минск, 2005. С. 89–90.

  2. Фізкультура і спорт / Г. І. Пасохіна // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. С. 564–569.

  3. Вершинин, С. Гость редакции – спортсменка Мария Мамошук / Сергей Вершинин // Гомельские ведомости. 2013. 18 октября.

  4. Вершинин, С. Золото гомельчанки на турнире по вольной борьбе : [о Марии Мамошук] / Сергей Вершинин // Гомельские ведомости. 2013. 18 декабря.

  5. Нацыянальная бібліятэка Беларусі : інтэрнэт-партал. – Рэжым доступа: http://wcent.nlb.by/factualdbtest/view/faces/Search.jspx?_afPfm=-gjh2rbprh

  6. Беларуская фэдэрацыя барацьбы : інтэрнэт-партал. – Рэжым доступа:http://wrestling.by/index.php?option=com_temoevents&view= member&id=524&group=40&Itemid=150&lang=ru

  7. Гомельские ведомости : интернет-портал. Режим доступа: http://newsgomel.by/news/gost-redakcii-sportsmenka-mariya-mamoshuk

  8. Борцовский портал Самсон : интернет-портал. – Режим доступа: http://wrestling.com.ua/ru/news/article/jenskaya/13_07_05_ne_prosto_mariya/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1388 разоў Апошняя змена Серада, 08 Ліпень 2020 12:32