Віктар Арсеннеў прыйшоў архітэктарам у Брэсцкі філіял інстытута “Белдзяржпраект” (у 1974 г. пераўтвораны ў “Брэстграмадзянпраект”). Працаваў кіраўніком групы, галоўным архітэктарам праектаў.
У 1970-я гады Брэст перажываў інтэнсіўнае развіццё, у верасні 1976 года Савет Міністраў БССР зацвердзіў новы генеральны план горада. Абласны інстытут комплекснага праектавання “Белграмадзянпраект” выйшаў на самастойную распрацоўку шматпавярховых будынкаў, яго калектыў быў здольны комплексна вырашаць забудову цэлых кварталаў і мікрараёнаў. У выніку праведзенай работы значна змяніўся выгляд абласнога цэнтра, жылая плошча на кожнага чалавека ў 1979 годзе склала 11,8 кв. м.
Віктар Васільевіч працаваў разам з Расціславам Аляксеевічам Шылаем (1936–2004), Валянцінам Міхайлавічам Гапіенкам і іншымі архітэктарамі. У 1976 годзе В. В. Арсеньеў прыняты ў Саюз архітэктараў СССР. Аўтар праекта жылога дома па вул. Кааператыўнай (1975–1978).
В. В. Арсеньеў – вядучы архітэктар Брэста у 1980-х, з 1982 года – галоўны архітэктар майстэрні інстытута “Брэстграмадзянпраект”. У 1980 годзе пад кіраўніцтвам В. В. Арсеньева ў інстытуце быў распрацаваны мікрараён “Усход-4” для Маскоўскага раёна г. Брэста. Аўтар праекта стаматалагічнай паліклінікі па вул. Камуністычнай (1982). У 1983 годзе на вул. Маскоўскай (цяпер праспект Машэрава), 75/1 узведзены будынак газеты “Заря” (“Дом друку”) ад групы В. В. Арсеньева.
Да найбольш удалых архітэктурных рашэнняў Брэста адносіцца жылы мікрараён “Усход-3”, у яго праектаванні прымаў удзел В. В. Арсеньеў разам з Р. А. Шылаем, В. М. Гапіенкам, Л. С. Валахановічам. Мікрараён быў эксперыментальным, разлічаны на 15 тысяч жыхароў, з 1984 года забудоўваўся крыжападобнымі ў плане жылымі дамамі-комплексамі, сблакіраванымі рознай павярховасці (ад 5 да 12 паверхаў).
Новы аэравакзальны комплекс Брэста быў пабудаваны паводле індывідуальнага праектакалектыву брэсцкіх архітэктараў пад кіраўніцтвам В. В. Арсеньева. Намаганнямі будаўнічага трэста № 8 г. Брэста аэравакзал расчыніў свае дзверы 15 кастрычніка 1986 года. Асаблівасцю архітэктурнай кампазіцыі аэравакзала стала практычна поўная адсутнасць масіўных калон. Для зручнасці пасажыраў і супрацоўнікаў дах і столь утрымлівалі спецыяльныя нясучыя канструкцыі без дадатковых падтрымак. Камфартабельны комплекс быў разлічаны на абслугоўванне 400 пасажыраў. У той час гэта быў другі ў СССР пасля Ленінградскага аэравакзал, дзе была вырашана праблема развядзення па розных узроўнях патоку прылятаючых і адлятаючых пасажыраў. Для зручнасці пасажыраў былі абсталяваны рэстаран “Зорны”, магазін “Тавары ў дарогу”, бар, сталовая. За гэту працу аўтары праекта В. В. Арсеньеў, А. Ляшук, В. Кяскевіч, Р. А. Шылай і В. М. Гапіенка ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР (1988).
З 1986 года В. В. Арсеньеў – галоўны архітэктар Дзяржаўнага праектнага інстытута № 3 у Ленінградзе. З 1991 года – генеральны дырэктар архітэктурнай майстэрні “ПТАМ В. В. Арсеньева”. У 2000 годзе майстэрня была пераўтворана ў ААТ “Архитектурная мастерская В. В. Арсеньева”. Спецыялізацыя майстэрні – увесь спектр будаўнічага праектавання (жылыя і грамадскія будынкі, будынкі і збудаванні для транспарту, планіроўка кварталаў, спартыўныя збудаванні і г. д.). Быў выкананы вялікі аб’ём эскізных архітэктурных праектаў, як на конкурснай аснове, так і па індывідуальных.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
-
Арсеньеў Віктар Васільевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 504.
-
Арсеньев Виктор Васильевич // Архитекторы Советской Белоруссии : биографический справочник. Минск : Беларусь, 1991. С. 11.
-
Брэсцкі аэрапорт / А. В. Пятроўская // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 504–507.
-
Жыллёвае будаўніцтва ў горадзе ў 1950–1990-я гады / П. І. Гарбунь // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 450–465. Са зместу: В. Арсеньеў. С. 461.
-
Брэсцкі аэравакзал / В. І. Анікін // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 90.
-
Аникин, В. И. Градостроительство Белоруссии / В. И. Аникин, Е. Л. Заславский, И. А. Иодо ; под общ. ред. А. В. Сычевой. Минск : Вышэйшая школа, 1988. 247 с. : ил. Из содерж.: В. Арсеньев. С. 154–155.