Чацвер, 19 Сакавік 2015 15:23

14 жніўня 2015 г. – 630 гадоў з часу заключэння Крэўскай уніі 1385 г., дзяржаўнага саюза паміж ВКЛ і Польшчай, вынікамі якога стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410 г., шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу і культурнае збліжэнне з ёй

Пасля смерці вялікага князя Альгерда (1296–1377) у Вялікім Княстве Літоўскім пачалася барацьба за ўладу. Вялікім князем стаў Ягайла Альгердавіч (1362–1434), але паколькі ён быў яшчэ падлеткам, то фактычна правіцелем ВКЛ быў ягоны дзядзька Кейстут.

У Польшчы пасля смерці Казіміра Вялікага (1310–1370) прарвалася дынастыя каралей Пястаў. Польскі трон перайшоў да вянгерскага караля Людовіка (1326–1382), чыя дачка Марыя была жонкай Сігізмунда, брандэбургскага маркграфа. Не жадаючы мець каралём прадстаўніка германскай дынастыі, польскія магнаты і шляхта аб’явілі дачку Марыі дванаццацігадовую Ядвігу (1373–1399) польскай каралевай. Праўда, Ядвіга была ўжо абручана з аўстрыйскім герцагам Вільгельмам.

У 1384 годзе палякі прапанавалі Ягайлу Альгердавічу стаць іх каралём. Вялікі князь пагадзіўся на гэту прапанову, паколькі быў зацікаўлены ва ўмацаванні сваёй улады. Аднак, каб атрымаць польскую карону, ён павінен быў згадзіцца на шэраг умоў і падпісаць унію.

Унія была падпісана 14 жніўня 1385 года ў замку Крэва (цяпер на тэрыторыі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці). Тут сабраліся дэлегацыі трох вялікіх дзяржаў: ВКЛ, Венгрыі і Польшчы. Падпісалі акт з боку ВКЛ: Ягайла, князь Трокскі Скіргайла, князь Мсціслаўскі Сямён Лугвен, князь Ноўгарад-Северскі Дзмітрый Карыбут і князь Вітаўт.

У выніку Ягайла ўзяў на сябе шэраг абавязацельстваў: перавесці Літву на лацінскі алфавіт; выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі і садзейнічаць, каб вярнуць страчаныя Польшчай землі; павялічыць колькасць палонных; перайсці ў каталіцызм і абраціць да яго ўсіх сваіх братоў, баяр, народ; далучыць да Польскага каралеўства рускія землі; выплаціць былому жаніху Ядвігі Вільгельму 200 тысяч у якасці кампенсацыі за парушэнне шлюбнай дамовы. Войска, заканадаўства і судовая сістэма, а таксама скарбніца (уключаючы грашовую эмісію) заставаліся раздзельнымі, захоўвалася і мяжа паміж дзяржавамі з узіманнем мытных збораў.

Унія прадугледжвала паглынанне Польшчы ВКЛ, стварэнне адной дзяржавы. Васалы пры гэтым павінны былі прысягаць польскаму каралю. Аднак на справе атрымалася інакш, Вялікае Княства Літоўскае захавала сваю незалежнасць.

Канчаткова пацвярджэнне Крэўскай уніі адбылося 11 студзеня 1386 года ў Валкавыску. Польскія прадстаўнікі перадалі Ягайлу акт аб выбранні яго каралём і выдачы за яго каралевы Ядвігі. 2 лютага 1386 года на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайла быў аднагалосна выбраны польскім каралём. Праз дзесяць дзён Ягайла перайшоў у каталіцтва. 18 лютага 1386 года ён ажаніўся з Ядвігай i 3 сакавіка яго карануюць пад імем Уладзіслаў ІІ. Кароль стаў жыць у Польшчы і стуль праз сваіх намеснікаў кіраваць Вялікім Княствам Літоўскім. Заснаваная дынастыя Ягелонаў правіла Польшчай і ВКЛ да 1572 года.

Падпісанне Крэўскай уніі хоць і выклікала хвалю незадаволенасці часткі літоўска-рускай знаці, але стала этапам да заканчэння барацьбы паміж дзвюма дзяржавамі за паўднёва-заходнія рускія землі і садзейнічала пашырэнню іх мяжы да ўзбярэжжа Чорнага мора. Крэўская унія паклала пачатак акаталічвання насельніцтва і пашырэнню уплыву Польшчы на ВКЛ. Адным з наступстваў уніі было атрыманне каталіцкімі феадаламі дадатковых праў і вольнасцей. Унія дазволіла дабіцца перамогі ў Грунвальдскай бітве (1410), што ліквідавала пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна. Быў атрыманы шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу і культурнае збліжэнне з ёю.

Умовы Крэўскай уніі былі ўдакладнены Віленска-Радомскай уніяй у 1401 годзе. Да пытання Крэўскай уніі вярталіся ў 1413, 1447, 1451, 1453, 1501, 1503, 1564, 1566 і 1567 гадах. Дзейнічалі ўмовы гэтай уніі на працягу 184-х гадоў – да 1569 года, калі ВКЛ і Каралеўства Польскае падпісалі Люблінскую ўнію, якая аб’яднала абедзве дзяржавы ў канфедэратыўную абмежаваную выбіраемую манархію.

Крэўская унія – буйнейшая гістарычная падзея ў гісторыі Польшчы, Русі і Вялікага Княства Літоўскага. Польшча зрабілася правадніком каталіцкай агрэсіі на ўсход. У ВКЛ закончыўся працэс зліяння рускай і літоўскай народнасцей, паміж імі пачаў расці антаганізм, які парадзілі каталіцкі фанатызм і польскі шавінізм. Аб’ектыўна-рэальная магчымасць аб’яднання Русі не была здзейснена. Кіраўніцтва ВКЛ аказалася ў польскіх руках, варожых да праваслаўнай Русі.

У ХХ ст. праблематыка, звязаная з Крэўскай уніяй, набыла вострую палітычную злабадзённасць. У падзеях сярэдневякоўя гісторыкі даваеннай Польшчы шукалі абгрунтаванне для вялікадзяржаўных дамаганняў на “Крэсы Усходне” і на Віленскі край. У Беларусі, якая гістарычна апынулася на самым стыку праваслаўнай і каталіцкай цывілізацый, асабліва важна памятаць і засвоіць урокі Крэўскай уніі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1. Крэўская унія 1385 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 286–287.

2. Крэўская унія 1385 / А. Грыцкевіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 159.

3. Акт Крэўскай уніі 1385 г. / пер. з лац. А. Ліцкевіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у [3] т. Мінск, 2010. Т. 3. Дадатак. А–Я. С. 424–245.

4. Uniapolsko-litewska // NowaencyklopediapowszechnaPWN. Warszawa, 2004. Т. 8. S. 404.

5. Ермаловіч, М. Крэўская унія // Ермаловіч, М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае / Мікола Ермаловіч. Мінск, 2003. С. 219–223.

6. Сагановіч, Г. Крэўская унія і змена знешнепалітычнага статусу ВКЛ // Гісторыя Беларусі : у 6 т. Мінск, 2008. Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. С. 105–123.

7. Ліцкевіч, А. Крэва: саюз і разрыў цывілізацый : [канцэптуальны погляд на пачатак саюза паміж Польшчай і ВКЛ] / Алег Ліцкевіч // Беларуская думка. 2008. № 4. С. 88–93. Бібліягр.: 29 назв. С. 92–93.

8. Любавский, М. К. Внутренние политические кризисы в Литовско-Русском государстве в ХIV в. и инкорпорация его в Корону Польскую // Любавский, М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / Матвей Кузьмич Любавский ; подгот. к печати Д. В. Карев. Минск : Беларуская навука, 2012. С. 149–153.

9. Новосельский, В. В. История Великого княжества Литовского от рождения до Люблинской унии (1236–1569), или 333 года борьбы за возвышения и выживания : Ягайло и Витовт – борьба за власть (1382–1392) / В. В. Новосельский. – Минск : Элайда, 2012. – 240 с. : ил.

10. Бардах, Ю. Акт у Крэве // Бардах, Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : 2-е выд. / Юліуш Бардах ; пер. з пол. і франц. ; укл. Г. Сагановіч. Мінск : Медысонт, 2010. С. 23–43.

11. Бутэвіч, А. Паміж Княствам і Каронай. Ад Крэва да Кракава / Анатоль Бутэвіч. – Мінск : Выдавецкі дом “Звязда”, 2013. – 464 с. – Са зместу: Панядзелак, 14 жніўня 1385 ; Крэўская унія, 14 жніўня 1385 года. – С. 109–113.

12.  Польско-литовская уния. Грюнвальдская битва // История Польши / под ред. В. Д. Королюка, И. С. Миллера, П. Н. Третьякова. Москва, 1956. C. 122128.

13.  Сіткевіч, С. А. Уніі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага: набыткі і страты / С. А. Сіткевіч, С. А. Сільвановіч // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1. Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія. 2014. № 2. С. 24–35.

14. Алексейчик, Я. Я. Похищение Ядвиги / Яков Алексейчик // Беларуская думка. 2014. № 8. С. 3845.

15. Стасюк, И. Ф. Сближение Великого Княжества Литовского с Польшей : VII класс / Ирина Стасюк // Беларускі гістарычны часопіс. 2013. № 1. С. 66–68.

16. Белямук, М. Вялікі князь Вітаўт і ягоная маестатная пячатка / Міхась Белямук // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2009. № 31. С. 137–141.

17. Цярохін, С. Таямніцы Крэўскай уніі / С. Цярохін // Беларуская мінуўшчына. 1995. № 3. С. 7–10.

18. Jasienica, P. Myśli o dawnej Polsce / Paweł Jasienica. Warszawa Czytelnik, 1977. 273 s. – Са зместу: [Uklad w Krewie]. – S. 229–238.

19. Юхо, І. А. Крэўская унія / І. А. Юхо // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 4. С. 22–24.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2309 разоў Апошняя змена Серада, 14 Красавік 2021 15:26