Чацвер, 19 Сакавік 2015 15:32

10 студзеня 2015 г. – 215 гадоў з дня нараджэння Адама Дамінікавіча Сузіна (1800–1879), кандыдата філасофіі, удзельніка польскага нацыянальна-вызваленчага руху, падарожніка, сакратара Зялёнага союза Таварыства філаматаў

Адам Сузін нарадзіўся 10 студзеня 1800 года ў маёнтку Кулігоўшчына Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. Маёнтка таго даўно няма, а месца гэта цяпер ля вёскі Босяч Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі – капітан Дамінік і Аўгіння Сузіны.

 

 

Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, якая за кароткі тэрмін (1806–1851) выхавала шмат патрыётаў: Кастусь і Віктар Каліноўскія, Рамуальд Траўгут, Напалеон Орда, Каэтан, Юзаф і Люцыян Крашэўскія, Кароль Нямцэвіч і многія інш.

 

У 1816 годзе гімназіст Адам Сузін выступіў з рэфератам супраць антынапалеонаўскай брашуры былога касцюшкаўца Пятра Багурскага. Крытыкаваў агрэсіўную палітыку Расійскай імперыі, аднак у цэлым дабразычліва адзываўся аб Аляксандры І.

 

Гімназію скончыў у 1819 годзе і паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Тут пазнаёміўся і пасябраваў з Адамам Міцкевічам, геніем польскага рамантызму. Праўда А. Міцкевіч закончыў універсітэт у год паступлення Адама Сузіна, але гэта не перашкаджала сяброўству. Па заканчэнні ўніверсітэта ў 1823 годзе А. Сузін атрымаў вучоную ступень магістра філасофіі.

 

Адам Сузін быў актыўным філаматам, сакратаром тайнага Зялёнага, а інакш матэматычнага Саюза. Несумненна яго заслуга ў тым, што невялікі паўмасонскі асветніцкі гурток філаматаў пераўтварыўся ў дастаткова сур’ёзную палітычную арганізацыю філарэтаў. Быў добры знаёмы з Тамашам Занам і Янам Чачотам. Вясной 1823 года разам з іншымі філаматамі арыштаваны па справе філаматаў. Ён быў адным з першых, хто трапіў за краты, лічыўся адным з самых небяспечных “дзяржаўных злачынцаў”.

 

14 жніўня 1824 года А. Сузін быў прыгавораны да ссылкі ў Арэнбургскую губерню, прытым першыя паўгода павінен быў правесці ў турме Орскай крэпасці, затым знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

 

У сакавіку 1829 года А. Сузін атрымаў дазвол пераехаць у Арэнбург, дзе ён пасяліўся разам з Тамашам Занам. Служыў пазаштатным чыноўнікам у Арэнбургскай памежнай камісіі, казначэеем, архіварыусам, у 1832 годзе – бухгалтарам. Быў зноў арыштаваны восенню 1833 года разам з Т. Занам, Я. Віткевічам і В. Івашкевічам і абвінавачаны ў падрыхтоўцы захопу Арэнбурга з дапамогай салдат, сярод якіх было шмат рэпрэсіраваных і высланых з Польшчы. Аднак з-за адсутнасці доказаў арыштаваныя праз месяц былі вызвалены.

 

Адам Сузін з дыпламатычнымі даручэннямі летам 1834 года выязджаў да казахскага султана Бай-Мухамеда, сустракаўся са старэйшынамі казахскіх родаў. Яму даручылі высветліць абстаноўку, што склалася пасля ўзвядзення на беразе Каспійскага мора ўмацавання Нова-Аляксандраўск, якое выклікала абурэнне хівійскага хана. У 1871 годзе Адам Дамінікавіч апублікаваў успаміны пра гэтыя свае падарожжы ў некалькіх нумарах варшаўскага часопіса «KronikaRodzinna» («Сямейная хроніка»).

 

З 1837 года жыў на Валыні ў маёнтку Млынаў у свайго сябра графа Кароля Хадкевіча, дзе са студзеня 1838 года быў гувернёрам у яго пляменнікаў, але нядоўга.

 

Зноў быў арыштаваны 20 ліпеня 1838 года, на гэты раз па справе падпольнай арганізацыі «Саюз польскага народа» Шымона Канарскага. Спачатку яго прывезлі ў Луцк, потым –­ у Кіеў, затым быў перавезены ў следчую камісію ў Вільні. З-за адсутнасці доказаў высланы ў Кіеў пад нагляд паліцыі. Да лютага 1839 года знаходзіўся ў Кіеўскім астрозе, а пасля вызвалення жыў у Млынаве.

 

У 1841 годзе Адам Дамінікавіч вярнуўся ў Вільню, неўзабаве перасяліўся ў Варшаву. Звестак пра яго варшаўскае жыццё не захавалася.

 

Адам Сузін памёр 11 снежня 1879 года.

 

Слынны паэт Адам Міцкевіч увекавечыў А. Сузіна пад ўласным імем у трэцяй частцы паэмы «Дзяды», а таксама ў вершы “Адаму Сузіну”. Польская пісьменніца Марыя Канапніцкая таксама трапятліва адносілася да сямейства Сузіных, на старонках яе твораў часта сустракаецца прозвішча Сузін, а Паўлу Сузіну прысвечана апавяданне “Як загінуў Сузін”.

 

У беларускую свядомасць гэту неардынарную асобу вярнуў гісторык Валянцін Пятровіч Грыцкевіч. Пра Адама Сузіна можна гаварыць не толькі, як пра рэвалюцыянера, але ак падарожніка, даследчыка-натураліста, этнографа.

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

 

  1. Сузин Адам / А. П. Гришкевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 391.

  2. Сузин Адам / П. С. Коровин // Орская биографическая энциклопедия / под ред. Л. Н. Большакова. Оренбург : ОАО “ИПК Южный Урал”, 2005.

  3. Сузін Адам / Анатоль Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 443.

  4. Філарэты // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 35.

  5. Філаматы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 34–35.

  6. SuzinAdam// NowaencyklopediapowszechnaPWM. Warszawa, 2004. T. 8. S. 22.

  7. Грицкевич, В. П. В степи за Илеком : [очерк про А. Сузина] // Грицкевич, В. П. От Немана к берегам Тихого океана / В. П. Грицкевич. Минск : Полымя, 1986. С. 132–148.

  8. Міцкевіч, А. Адаму Сузіну : [верш; пер. К. Цвіркі] // Міцкевіч, А. Выбраныя творы / Адам Міцкевіч. Мінск : Беларускі кнігазбор, 2003. С. 65. (Беларускі кнігазбор).

  9. Міцкевіч, А. Дзяды : паэма [пер. К. Цвіркі] // Міцкевіч, А. Выбраныя творы / Адам Міцкевіч. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2003. С. 277–504. (Беларускі кнігазбор).

  10. Гус, М. С. Дуэль в Кабуле : [ист. роман о жизни польского офицера, востоковеда Яна Викторовича Виткевича (1809–1839); упоминается А. Сузин] / Михаил Семёнович Гус. – Ташкент : Узбекистан, 1964. – 336 с. : ил.

  11. Яновіч, М. Адам Сузін : падарожнік па казахскім стэпе / Міхась Яновіч // Народная воля. 2004. 26 сак. (№ 54). С. 3.

  12. Ильин, А. Берестейские и свислочские страницы дела № 632 : [о деле филаретов 1823 г., в т. ч. про Адама Сузина] / Александр Ильин // Гістарычная Брама. 2001. № 1 (18).

  13. Сузин Адам // Википедия: свободная энциклопедия: [Электронный ресурс]. Режим доступа: https://ru.wikipedia.org/wiki/Сузин,_Адам

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1790 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 11:34