Аўторак, 07 Красавік 2015 18:33

12 красавіка 2015 г. – 160 гадоў з дня нараджэння Арсеня Іванавіча Маркевіча (1855–1942), архівіста, літаратуразнаўца, гісторыка, аўтара прац па археалогіі і гісторыі Крыма, грамадскага дзеяча, члена-карэспандэнта АН СССР (1927)

Арсень Іванавіч Маркевіч нарадзіўся 12 красавіка 1855 года ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст) у сям’і свяшчэнніка. Вельмі сціплы, працавіты побыт яго сям’і быў поўны разумовых, інтэлектуальных інтарэсаў, якія былі ўласцівы яго сваякам па бацьку і па маці – дачцы пратаіярэя, настаяцеля сабора Брэст-Літоўска. Дзед Арсеня па бацьку быў магістрам багаслоўя Віленскага ўніверсітэта, адзін з родзічаў маці быў прафесарам універсітэта, другі – выдатным дзеячам па народнай асвеце ў Таўрычаскай губерні. Прыход бацькі складаўся з мяшчан і сялян вёсак Бярозаўка, Казловічы, Плоска, Дуброўка, Гузні, Рэчыца, Шпановічы і Трышын, а таксама гарнізона Брэст-Літоўскай крэпасці, да ўзвядзення ў ёй гарнізоннай царквы.

Арсень Маркевіч навучаўся ў народным вучылішчы, прагімназіі роднага горада, у гімназіі Бяла-Падляскі. У 1872 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1876 годзе. З’яўляўся стыпендыятам Міністэрства народнай адукацыі. Па заканчэнні курса за сачыненне “Юрый Крыжаніч і яго літаратурная дзейнасць” быў удастоены ступені кандыдата.

Выкладаў рускую і царкоўна-славянскую мовы і славеснасць у жаночым вучылішчы г. Холм (цяпер Хэлм, Польшча) у 1876–1879 гадах. Затым чатыры гады ў гімназіі г. Шаўлі Віленскай вучэбнай акругі (цяпер Шаўляй, Літва). У Літве выкладчыцкая праца была цяжкая, бо вучні ў большасці былі са жмудзінаў, якія кепска ведалі рускую мову. Але намаганні настаўніка былі паспяховымі і на экзамене сталасці выпускнікі гімназіі напісалі такія сачыненні, што іх назвалі лепшымі ва ўсёй вучэбнай акрузе. У гэты час Арсень Іванавіч таксама вывучаў літоўскую і жмудскую мовы, напісаў артыкул пра ігумена Брэсцкага Афанасія Філіповіча.

Здароўе стала падводзіць, таму А. І. Маркевіч вырашыў пераехаць у цёплы клімат, з 1883 года жыў у г. Сімферопалі (Крым). У 1883–1907 гадах выкладаў у мужчынскай і жаночай гімназіях. Крым запаланіў яго не толькі прыродай і кліматам, але яшчэ ў большай ступені сваёй гісторыяй і старажытнасцямі. Ён пачаў старанна вывучаць іх і літаратуру пра Крым. У 1885 годзе Арсень Іванавіч зрабіў важнае для сябе падарожжа ў Грэцыю, Егіпет, Палесціну, каб праясніць многія моманты ў гісторыі Крымскага паўвострава.

У 1907 годзе Арсень Іванавіч быў выбраны і на працягу дзесяці гадоў быў членам Папячыцельскага савета Таўрыйскіх дзіцячых прытулкаў. З 13 чэрвеня 1911 года да 1918 года працаваў дырэктарам сімферопальскага дзіцячага прытулку графіні Адлерберг.

З 1908 года – старшыня Таўрыйскай вучонай архіўнай камісіі. Спрыяў адкрыццю ў 1918 годзе Таўрыйскага ўніверсітэта (з 1921 г. – Крымскі ўніверсітэт імя М. В. Фрунзэ), у якім выкладаў на пасадзе прафесара. Быў назначаны членам Папячыцельскага савета Таўрыйскага ўніверсітэта. У кастрычніку 1918 года быў выбраны яго дацэнтам, перадаў універсітэту сваю асабістую бібліятэку.

А. І. Маркевіч даследаваў гісторыю Таўрыды (Крыма), яго асноўныя працы: “Таврическая губерния во время Крымской войны. По архивных материалах” (1905), “Топонимика Крыма” (1924), “Симферополь, яго исторические судьбы, старина и недавнее прошлое” (1924) i iнш.

Сістэматызаваў навуковыя працы (“Taurica – Опыт указателя сочинений, касающихся Крыма и Таврической губернии вообще”) і мастацкія творы (“Крым в русской поэзии”) пра Крым. Прадметам яго асаблівай цакаўнасці была тэма “Крым у расійскай паэзіі”. Сабраў даныя аб знаходжанні ў Крыму А. С. Пушкіна, А. С. Грыбаедава, М. В. Гогаля, В. А. Жукаўскага, дзекабрыстаў-літаратараў. Арганізаваў Усерасійскі кнігаабмен: высылаў “Известия” Таўрычаскай вучонай архіўнай камісіі у абмен на кнігі гістарычнага, краязнаўчага, даведачнага характару.

У 1927 годзе навуковыя заслугі А. І. Маркевіча былі прызнаны выбраннем яго членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР.

Адносіны з Савецкай уладай былога сапраўднага стацкага саветніка А. І. Маркевіча былі складанымі. Ён з захапленнем вітаў Лютаўскую рэвалюцыю, як і большасць інтэлігентаў верыў у светлую будучыню Расіі. Але здарылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая прынесла шмат расчараванняў. У 1930–1931 гадах А. І. Маркевіч абвінавачваўся ў “реабилитации колониальной политики русского правительства в Крыму”.

У канцы 1930-х гадоў Арсень Іванавіч цяжка захварэў, пакінуў Крым, пераехаў у Ленінград да дачкі. Працягваў працаваць над рукапісам “Топонимика Крыма”. Калі сілы пакідалі яго, прывёў у парадак і перадаў Акадэміі гісторыі і матэрыяльнай кульутры сваю картатэку ў 21 тысячу картак.

Арсень Іванавіч Маркевіч памёр 18 студзеня 1942 года ў блакадным Ленінградзе.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Маркевіч Арсень Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 117.

  2. Маркевіч Арсень Іванавіч / Валерый Пазднякоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. С. 75.

  3. Кошлякова, Е. А. Памяти А. И. Маркевича / Елена Арсентьевна Кошлякова // Известия Крымского отдела Географического общества Союза ССР. Симферополь, 1961. Т. 7. С. 233–238.

  4. Маркевич, А.И. Моя автобиография / А. И. Маркевич ; предисловие С. Б. Филимонова // Археология Крыма. Симферополь, 1997. Т. 1. № 1. С. 186–188.

  5. Автобиография А. И. Маркевича / подгот. В. Ф. Козлов // Археографический ежегодник за 1987 год. Москва : Наука, 1988. С. 312–316.

  6. Непомнящий, А. А. Арсенiй Iванович Маркевич i розвиток архiвноi справи в Криму / А. А. Непомнящий // Украiнське архiвознавство: iсторiя, сучасний стан та перспективи : науковi доповiдi Всеукраiнськоi конференцii. Киiв, 1997. Ч. 1. С. 225–235.

  7. Глазов, В. История оживает благодаря таким людям, как Арсений Маркевич / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2010. 9 декабря (№ 50). С. 32.

  8. Ермоленко, В. Знаток крымской истории / В. Ермоленко // Веды. 2010. 14 апреля. С. 7.

  9. Арсений Маркевич – организатор краеведческого движения в Крыму [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://bibliofond.ru/view.aspx?id=14868

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1328 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:00