У 1901 годзе была пераўтворана ў гімназію. Складалася з 8-мі асноўных, падрыхтоўчага і чатырох паралельных (1–4-ы) класаў. Колькасць навучэнцаў – ад 450 да 520. Вывучаліся руская, французская, нямецкая, лацінская мовы, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, матэматыка. У праграму ўваходзілі ўрокі па маляванні, чыстапісанні, музыцы, спевах і інш. Праваслаўны святар і ксёндз выкладалі Закон Божы, а законавучыцель іудзейскай веры – іудзейскае веравучэнне. Плата за навучанне ў гімназіі складала 55–65 руб., у падрыхтоўчым класе – 50–60 руб. у год. На ўтрыманне гімназіі адпускалася ў год у залежнасці ад колькасці навучэнцаў: з дзяржаўнай казны 25–35 тыс. руб., з сум платы за навучанне 12–22 тыс., з гарадской казны – 300–800 руб.
Будынак мужчынскай гімназіі ў Брэст-Літоўску быў узведзены ў 1903 годзе па праекце ваеннага інжынера А. А. Трэццякова. Будынак быў цагляны, з характэрнымі для канца ХІХ – пачатку ХХ стст. элементамі архітэктуры. Першапачаткова будынак быў двухпавярховым, П-падобны ў плане. Унутраная планіроўка калідорная, класныя пакоі арыентаваны на поўдзень. Па хадатайніцтве Гарадской думы, 25 верасня 1904 года мужчынская гімназія атрымала назву: «Яго Імператарскай Высокасці Цэсарэвіча Аляксея Мікалаевіча поўная мужчынская гімназія».
У час Першай сусветнай вайны, летам 1915 года, у сувязі з нямецкай акупацыяй Брэст-Літоўска гімназія была зачынена. Архіў гімназіі знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна.
У 1921 годзе Брэст увайшоў у склад Польшчы і ў будынку гімназіі размясцілася дзяржаўная гімназія імя Рамуальда Траўгута. З 1939 года па 1941 год тут размяшчалася савецкая школа, у 1941–1946 гадах – шпіталь, спачатку нямецкі, а з вызваленнем Брэста – Чырвонай арміі. Потым там знаходзіўся настаўніцкі інстытут.
Зараз у будынку былой гімназіі (вул. Мицкевича, 28), помніку грамадзянскага будаўніцтва, размешчаны адзін з навучальных карпусоў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела
-
Брэсцкая мужчынская гімназія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Т. 2. Мінск. 1994. С. 97.
-
Брэсцкая мужчынская гімназія / М. М. Забаўскі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 180.
-
Брэсцкай мужчынскай гiмназii будынак // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 289.
-
Гимназии // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 183.
-
Мужская гимназия / В. М. Чернатов // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 75–76
-
Сарычев, В. Вечеринка 1937 года // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 235–237.
-
Сарычев, В. Гимназия им. Траугутта // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 230–232.
-
Сарычев, В.Пане профессорже // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 233–234.
-
Сарычев, В. В. Гимназия им. Траугутта / В. В Сарычев // Вечерний Брест. 2005. 11 февр. С.8.