У 1915 годзе ў сувязі з надыходам фронту Першай сусветнай вайны сям’я Здановічаў пераехала ў горад Крамянчуг. Праз год дзеці засталіся сіротамі, Гаўрыіл разам з малодшымі сёстрамі трапіў у прытулак сяла Саланціна, што на Палтаўшчыне, вывучыўся на шаўца.
З 1919 года Гаўрыіл Здановіч праходзіў службу ў Чырвонай арміі. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне, абараняў Петраград ад войскаў Юдзеніча. У 1920 годзе скончыў камандзірскія курсы ў Краменчугу. У 1921 годзе быў прыняты ў партыю. Скончыў ваенную акадэмію імя М. Фрунзе (1931), курсы пры бронетанкавай акадэміі (1933). З 1931 года служыў на пасадах начальніка штаба палка, дывізіі.
Вялікую Айчынную вайну Гаўрыіл Станіслававіч сустрэў ля Гомеля ў званні палкоўніка. У начальны перыяд вайны разам з дывізіяй трапіў у акружэнне, з якога выйшаў з баямі пад горадам Пірацін Палтаўскай вобласці. Амаль пяць месяцаў быў начальнікам штаба 4-й стралковай дывізіі, а затым у горадзе Армавір фарміраваў 197-ю стралковую дывізію. Удзельнік Сталінградскай бітвы, вызвалення Данбаса, баёў на Беларусі, Украіне, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі. 15 мая 1944 года ў баях за Днястроўскі плацдарм камандзір дывізіі Г. С. Здановіч быў паранены.
13 красавіка 1945 года воіны дывізіі генерал-маёра Г. С. Здановіча ў ходзе Браціслаўска-Брноўскай аперацыі вызвалілі славацкі горада Гадонін. 9 мая 1945 года генерал-маёр Г. С. Здановіч сустрэў недалёка ад Прагі.
8 чэрвеня 1945 года 203-я Запарожская стралковая дывізія генерал-маёра Г. С. Здановіча была накіравана ў Тамцак-Булак (Манголію), дзе прыняла ўдзел у савецка-японскай вайне. За 32 дні дывізія з баямі прайшла больш за 1350 км па Маньчжурыі. Праз бязводныя стэпі, пераадолела горы Вялікага Хінгана, фарсіравала раку Ляохэ і выйшла ў раён горада Фусінь (Кітай).
8 верасня 1945 года Гаўрыілу Станіслававічу Здановічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Г. С. Здановіч узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава і Кутузава II ступені, Айчыннай вайны І ступені, многімі медалямі.
Да 1953 года Г. С. Здановіч служыў у Савецкай арміі, быў начальнікам курса Ваеннай акадэміі імя М. Фрунзэ. Затым – старшынёй Тамбоўскага абласнога камітэта Дабраахвотнага таварыства садзейнічання арміі (ДОСАРМ, ДОСААФ). Выбіраўся дэпутатам Тамбоўскага абласнога Савета.
Родную вёску Крывошын наведваў два разы: у 1954 і 1974 гадах.
У 1980 годзе выйшла кніга ўспамінаў Гаўрыіла Станіслававіча ў літаратурнай апрацоўцы Л. П. Максімава “Идём в наступление”.
Апошнія гады жыцця Гаўрыіла Станіслававіча Здановіча прайшлі ў горадзе Варонежы, дзе ён памёр 6 ліпеня 1984 года. Пахаваны на Паўднёва-заходніх могілках г. Варонежа.
У вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна яго імем названа вуліца. З 16 мая 1992 года Крывошынская сярэдняя школа з гонарам носіць імя Г. С. Здановіча. На будынку школы ў 1985 годзе была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, у школьным гісторыка-краязнаўчым музеі створана экспазіцыя, прысвечаная выдатнаму земляку.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы.Брэус Ірына Леанідаўна, бібліёграф
-
Зданович Гавриил Станиславович// Регионы Беларуси: в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2008. Кн. 1. С. 399.
-
Зданович Гавриил Станиславович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Кн. 1. Минск, 2005. С. 175.
-
Здановіч Гаўрыіл Станіслававіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6. Мінск, 1996. Т. 3. С. 437.
-
Мемориальная доска Здановичу Гавриилу Станиславовичу : [в д. Кривошин]// Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 286.
-
Зданович Гавриил Станиславович //Герои Советского Союза : краткий биографический словарь. Москва, 1987. Т. 1. С. 542.
-
Зданович, Г. С. Идём в наступление : [о 203-й стрелковой Запорожско-Хинганской дивизии] / Г. С. Зданович ; лит. запись Л. П. Максимова. – Москва : Воениздат, 1980. – 181 с. ; [9] л. ил. – (Военные мемуары).
-
Канько, Г. Наш генерал / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2015. 8 красавіка. С. 3.
-
Максімчык, В. Гераічны Здановіч // Ляхавіцкі веснік. 2010. 10 красавіка. С. 3.
-
Чаранкевіч, Л. Святло нязгаснай зоркі : [пра Героя Савецкага Саюза Г. Здановіча] // Ляхавіцкі веснік. 2005. 6 красавіка. С. 3.
-
Чаранкевіч, Л. Генерал [Г. С. Здановіч] // Ляхавіцкі веснік. 2000. 5 красавіка. С. 2.