Субота, 23 Май 2015 18:39

2015 г. – 245 гадоў з часу заснавання (1770) у г. Брэсце суконнай мануфактуры

У ходзе Паўночнай вайны Рэчы Паспалітай і Расіі са Швецыяй Бярэсце (цяпер горад Брэст) было ў 1706 годзе захоплена і спустошана шведскімі войскамі. Горад збяднеў і згубіў сваё значэнне. Дзякуючы знаходжанню ў Бярэсці ўладаў павета і ваяводства, захавалася яго права на самакіраванне. Паменьшалася колькасць яго жыхароў, у заняпад прыйшлі рамесная вытворчасць і гандаль. Толькі ў другой палове XVIII ст. пачалося ажыўленне эканомікі. Горад стаў галоўным рачным портам на Заходнім Бугу, праз які экспартавалі зерне, пяньку, лес і іншыя тавары.

У сярэдзіне XVIII ст. ў Бярэсці пачынаецца развіццё прамысловай вытворчасці. Гэта здарылася дзякуючы рэформам графа Антонія Тызенгаўза (1733–1785), палітычнага і грамадскага дзеяча, аднаго з уплывовых фінансістаў свайго часу. Ён паходзіў са шляхецкага роду, які меў нямецкія карані. Антоній Тызенгаўз займаў пасады падскарбія ВКЛ, гродзенскага старасты, адміністратара каралеўскіх эканомій у ВКЛ. Ён вёў перапіску з Жан-Жакам Русо, быў сябрам дзяцінства апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Цэнтрам дзейнасці А. Тызенгаўза былі гарады Гродна і Паставы.

На сойме 1764 года было прынята рашэнне перадаць каралеўскія эканоміі ў дзяржаўнае кіраванне. Падскарбій ВКЛ Антоній Тызенгаўз у 1765 годзе правёў у іх аграрную рэформу. Але самай значнай яго справай з’яўляецца запуск многіх мануфактур, якія ён будаваў галоўным чынам у Гародні, а таксама ў іншых гарадах.

У сувязі з гэтым у Бярэці ў 1770 годзе адкрываецца каралеўская суконная мануфактура, якая мела 7 ткацкіх станкоў і 12 калаўротаў. Мануфактура – форма вытворчасці, заснаваная на падзеле працы і ручной рамесніцкай тэхніцы. На брэсцкай мануфактуры працавала каля 20-ці чалавек. Працоўны дзень працягваўся 12 гадзін, працавалі шэсць дзён на тыдзень.

Аднак увядзенне мануфактур на крэдыце, неэканамічнае выкарыстанне сыравіны, высокія прадажныя цэны і як вынік слабы збыт прадукцыі, адсутнасць закінаўленасці майстроў і рабочых, неэфектыўнасць прыгоннай працы прывялі да заняпаду прадпрыемстваў А. Тызенгаўза. Правал «эканамічнага цуду» А. Тызенгаўза прывёў да адхілення яго ад кіравання эканоміямі ў 1780 годзе. Усе яго мануфактуры пад Гародняй, якія ён ствараў на працягу 15-ці гадоў, былі ліквідаваны за некалькі дзён.

У сувязі з цяжкасцямі збыту тканін, зняццем А. Тызенгаўза з пасады падскабія і наглядам за мануфактурамі ў 1780-х гадах каралеўская суконная мануфактура ў Бярэсці была зачынена.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

  1. Мануфактуры // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 271.

  2. Мануфактуры // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 255.

  3. Блеск и горечь веков // Брест. На перекрёстке дорог и эпох : [1019–2009]. Брест. 2009. С. 54–89. – Из содерж. : [суконная мануфактура]. – С. 85.

  4. Тызенгаўз Антоній ; Тызенгаўза рэформа // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 677–679.

  5. Гардзееў, Ю. Рамантык эпохі асветніцтва. Антон Тызенгаўз / Юры Гардзееў. – Мінск : Тэхналогiя, 2008. – 67с. – ( Нашы славутыя землякi).

  6. Чаропка, В. Падзенне рэфарматара. Антоній Тызенгаўз // Чаропка, В. Лёсы ў гісторыі / Вітаўт Чаропка. Мінск, 2005. C. 339–348.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1372 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 11:55