Субота, 23 Май 2015 18:43

15 сакавіка 2015 года – 95 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іванавіча Малевіча (1920–1994), удзельніка партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, поўнага кавалера ордэна Славы

Аляксандр Іванавіч Малевіч нарадзіўся ў вёсцы Ліпск (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) 15 сакавіка 1920 года ў сялянскай сям’і. У 1934 годзе закончыў пяць класаў школы. Працаваў рознарабочым.

У час нямецкай акупацыі Беларусі бацька і старшы брат Міхаіл сталі партызанамі. Аляксандр Малевіч быў сувязным партызанскага атрада (з сакавіка 1942 г.), а пасля таго, як немцы з гестапа схапілі на допыт маці разам з дванаццацігадовай сястрой і чатырохгадовым братам, уся сям’я вымушана была ратавацца ў партызанскай зоне. Аляксандр Малевіч ваяваў у складзе гэтага ж атрада.

Пасля вызвалення Беларусі Аляксандр Малевіч быў прызваны ў рады Чырвонай арміі 26 верасня 1944 года. Са снежня 1944 года – у складзе 642-га стралковага палка 200-й Дзвінскай стралковай дывізіі 2-га Беларускага фронту. На фронце са студзеня 1945 года. Першы бой прыняў 14 студзеня 1945 года. Быў радавым, ефрэйтарам, камандзірам стралковага аддзялення. Вызначыўся пры вызваленні Польшчы і ў баях на тэрыторыі Германіі.

3 сакавіка 1945 года Аляксандр Малевіч замяніў у баі выбыўшага са строю камандзіра аддзялення. Быў паранены, але не пакінуў поле бою. Было гэта ў час вызвалення Варшавы, у баі за населены пункт Ной-Паршэсніца (на паўночны захад ад г. Хойніцэ). Узнагароджаны ордэнам Славы III ступені (загад па 22-й стралковай дывізіі № 032 ад 20 сакавіка 1945 г.). 23 сакавіка 1945 года ў баі за горад Аліва пад агнём ворага ўварваўся ў варожыя траншэі і выбіў засеўшых там гітлераўцаў; у наступным баі пры ўзяцці горада Данціга, узначальваючы аддзяленне, атакаваў праціўніка і асабіста знішчыў 14 і ўзяў у палон 18 гітлераўцаў. Удастоены ордэна Славы II ступені (загад па 49-1 арміі № 038 ад 5 красавіка 1945 г.).

1 мая 1945 года на тэрыторыі Германіі ў раёне горада Расток ефрэйтар Малевіч са сваім аддзяленнем узяў у палон 150 салдат праціўніка. Асабіста першым уварваўся ў варожую траншэю, зразіў 10 салдат праціўніка і некалькі ўзяў у палон. 31 мая 1945 года Маршалам Савецкага Саюза К. К. Ракасоўскім быў прадстаўлены да ордэна Славы I ступені (Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні ад 30 чэрвеня 1945 г.).

На вайне быў двойчы паранены і кантужаны. Меў таксама ордэн Айчыннай вайны І ступені, медаль «За баявыя заслугі».

Малодшы сержант Малевіч быў дэмабілізаваны ў чэрвені 1946 года, вярнуўся ў родную вёску. Доўгія гады Аляксандр Іванавіч працаваў лесніком у Гарадзішчанскім лясхозе. У часопісе “Лесное хозяйство” (1975, № 5) пра яго быў змешчаны нарыс І. Карпызы.

9 мая 1985 года ўдзельнічаў у парадзе ў гонар 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне на Краснай плошчы ў Маскве.

Аляксандр Іванавіч Малевіч памёр 29 мая 1994 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Брэус Ірына Леанідаўна, бібліёграф

 

  1. Малевич Александр Иванович// Регионы Беларуси: энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 67.

  2. Малевич Александр Иванович // Кавалеры ордена Славы: биографический справочник / Борис Долготович. Минск: БелЭн, 2006. С. 28.

  3. Малевич Александр Иванович // Республика Беларусь: энциклопедия : в 7 т. Мінск, 2007. Т. 4. С. 626.

  4. Малевіч Аляксандр Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 58.

  5. Малевіч Аляксандр Іванавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 327.

  6. Кавалер Славы // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 253–254.

  7. Малевич Александр Иванович // Навечно в сердце народном : [биогр. справочник]. 3-е изд. Минск, 1984. С. 325.

  8. Салдаты Перамогі : пра жыхароў Брэстчыны – Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы // Народная трыбуна. 2009. 8 мая. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1272 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 11:51