Аўторак, 21 Ліпень 2015 15:43

14 чэрвеня 2015 г. – 115 гадоў з дня нараджэння Міхася Забэйды-Суміцкага (1900–1981), опернага спевака, педагога ў эміграцыі

Міхась Іванавіч Забэйда-Суміцкі нарадзіўся 14 чэрвеня 1900 года ў вёсцы Шэйпічы (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобалсці) у беднай сялянскай сям’і. Бацька – Іван Андрэевіч Забэйда з вёскі Несцяровічы, маці – Аляксандра Феліксаўна Суміцкая з вёскі Шэйпічы. Дзяцей у сям’і нарадзілася сямёра, але выжыў толькі Міхась. Калі яму было паўтары гады, бацька памёр.

Гадоў з васьмі-дзевяці Міхась пачаў працаваць у панскім маёнтку. Скончыў Зельзінскую аднакласную школу, потым – двухкласную царкоўна-прыхадскую школу ў Галоўчыцах (1914). У тым жа годзе ён паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Калі набліжаўся фронт Першай сусветнай вайны, семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск. Скончыў семінарыю ў 1918 годзе і паехаў працаваць у Сібір, куды эвакуіравалі маці. Настаўнічаў у сяле Усць-Калманскае, што каля Барнаула. Арганізаваў там культурна-асветніцкае таварыства, ствараў хары і драматычныя гурткі.
У 1920 годзе грамадзянская вайна зноў зрушыла з месца Міхася Забэйду. Ён апынуўся ў Харбіне, на станцыі Пагранічная Усходне-Кітайскай чыгункі, потым – у Вэйшахэ. У Харбіне ён пачаў вучыцца музыцы. Яго настаўніцай была Ю. К. Платніцкая, былая супрацоўніца Ф. Шаляпіна. Навучанне ішло паспяхова, але сам Міхаіл Іванавіч не быў задаволены сабою. Ён пакінуў заняткі музыкай і паступіў на юрыдычны факультэт Харбінскага расійскага ўніверсітэта. У 1929 годзе паспяхова яго скончыў з дыпломам ІІ ступені і правам атрымання дыплома І ступені.
Аднак жыць без спеваў Міхась Забэйда не змог і замест прапанаванага месца ў асыстэнтуры зрабіўся салістам Харбінскай оперы. Дэбютаваў у ролі Ленскага ў оперы «Яўген Анегін» П. Чайкоўскага. За тры гады, аддадзеных Харбінскай оперы, ён выканаў 15 партый: Фаўст («Фаўст» Ш. Гуно), Альфрэд («Травіята» Дж. Вердзі), Уладзімір («Князь Ігар» А. Барадзіна) і інш. Прычым нязменна спяваў на мове арыгіналу. Крытыка добра прыняла маладога спевака, ён паверыў у сябе, захацеў удасканаліць свае здольнасці, для гэтага ў 1932 годзе паехаў у Мілан (Італія).
Вучыўся ў маэстра Фэрнанда Карпі, які раней канкурыраваў з Каруза і іншымі славутымі спевакамі. Там М. Забэйда ўпершыню пачуў Фёдара Шаляпіна, пазнаёміўся з Леанідам Собінавым. Міхаіл Іванавіч з поспехам выступаў у Мілане, спяваў на 16-ці мовах. Канцэртуе ў Міланскай кансэрваторыі, гастралюе па Італіі, выконвае тэнаровыя партыі ў операх «Травіята», «Рыгалета», «Севільскі цырульнік» на сцэне «Ла Скала».
У гэты час спявак атрымаў вестку, што маці, з якою ён не бачыўся шаснаццаць гадоў, моцна хварэе і хоча яго бачыць. У 1935 годзе Міхаіл Іванавіч вярнуўся на бацькаўшчыну. Яго першы на радзіме канцэрт адбыўся ў Ружанах, што паблізу з Шэйпічамі. У канцэрце сярод класічных твораў прагучала і беларуская калыханка, якую калісці спявала яго маці. Ад яе ён і ўзяў тады другую частку прозвішча – Суміцкі. У 1935–1936 гадах М. Забэйда-Суміцкі выступаў у беларускіх гарадах (Ружаны, Беласток, Баранавічы, Брэст-над-Бугам, Гародня), па ўсёй Польшчы, у Літве, Латвіі, Чэхаславакіі.
На 1935–1936 гады заключыў кантракт з Пазнаньскім оперным тэатрам. Там спяваў па-польску. Пашырыў свой рэпертуар новымі операмі: «Выкраданне з Сэраля» В. Моцарта, «Юлій Цэзар» Г. Ф. Гендэля, «Барыс Гадуноў» М. П. Мусаргскага і інш.
У 1936 годзе прэзентацыі класічнага беларускага рэпэртуару адбыліся ў культурнай сталіцы краю – Вільні. Рыгор Раманавіч Шырма запрасіў спевака выступіць з канцэртам. Адбыліся сумесныя канцэрты М. Забэйды-Суміцкага і хору Р. Шырмы. У Вільні пазнаёміўся з Максімам Танкам.
З 1937 года працаваў салістам на Варшаўскім радыё. Займаўся актыўнай канцэртнай дзейнасцю, гастраляваў па гарадах Польшчы (у тым ліку ў Заходняй Беларусі), Латвіі, Эстоніі. 1938 год стаў вельмі плённым на шматлікія радыёканцэрты, гастрольныя туры (Баранавічы, Беласток, Брэст-над-Бугам, Гародня, Вільня, Ліда, Камянец, Сасноўка). Радыёвыступленні М. Забэйды-Суміцкага трансліраваліся ў Парыжы, Празе, Нью-Ёрку, Лондане. Аднак ужо з канца 1938 года яго нацыянальна-асветніцкая дзейнасць усё болей і болей абмяжоўвалася польскімі ўладамі.
У 1939 годзе было запланавана вялікае гастрольнае турнэ спевака па Еўропе і Амерыцы, але перашкодзіла Другая сусветная вайна, яна захапіла М. Забэйду-Суміцкага ў Варшаве. У маі 1940 года артыст атрымаў запрашэнне з Прагі ад Народнага тэатра, куды неўзабаве і пераехаў. Да канца жыцця родным горадам для яго стала Прага. Нямецкімі ўладамі абвінавачваўся ў тым, што спяваў рускія і беларускія творы. Быў арыштаваны, вызвалены з прыходам Чырвонай арміі.
Пасля вайны застаўся жыць у Чэхаславакіі, выступаў з канцэртамі, запісваўся ў студыях, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. У часы хрушчоўскай адлігі наладзіліся кантакты з Радзімай, узнавілася перапіска з сябрамі, найперш з Р. Шырмам і М. Танкам. У 1963 годзе адбыліся апошнія гастролі М. Забэйды-Суміцкага на Бацькаўшчыне.
Міхаіл Іванавіч цяжка і доўга хварэў. У Празе яго наведвалі М. Танк, Я. Брыль, У. Караткевіч, А. Лойка, А. Гарадзіцкі, С. Грахоўскі.
Міхась Забэйда-Суміцкі памёр 21 снежня 1981 года. Пахавалі яго на Альшанскіх могілках побач з Пятром Крачэўскім і Васілём Захаркам – прэзідэнтамі Беларускай Народнай Рэспублікі. На магіле помнік з надпісам на чэшскай і беларускай мовах.
Архіў спявака захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. Вялікая калекцыя грампласцінак і магнітафонных запісаў захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Да 100-годдзя з дня нараджэння спевака ў Шэйпічах быў адкрыты памятны знак. Каштоўнай з’яўляецца кніга Алеся Горбача «Песняй даваў людзям радасць», якая выйшла ў серыі «Нашы славутыя землякі» (2007).

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Фядун Вера Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Забэйда-Суміцкі Міхаіл Іванавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2012. Т. 4. С. 687.

  2. Забейда-Сумицкий Михаил Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 3. С. 578.

  3. Забэйда-Суміцкі Міхаіл Іванавіч // 250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур. Мінск : УП «Экоперспектива», 2008. С. 315–316.

  4. Забэйда-Суміцкі Міхаіл Іванавіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 503–504.

  5. Забэйда-Суміцкі Міхаіл Іванавіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. Т. 1. С. 418–420.

  6. Забэйда-Суміцкі Міхаіл Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 491.

  7. Горбач, А. Песняй даваў людзям радасць : Міхась Забэйда-Суміцкі / Алесь Горбач. – Мінск : Тэхналогія, 2007. – 63, [2] с., [8] л. іл. – (Нашы славутыя землякі).

  8. На мове песні : [пра М. І. Забэйду-Суміцкага] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 408–411.

  9. Паўлюковiч, Н. ...Мо не забудзе мяне матчын край... / Ніна Паўлюковіч. – Пружаны : Цэнтр. раён. б-ка iмя М. Засiма, 2001. – 14 с.

  10. Забэйда-Суміцкі, М. «Мужным мне нялёгка быць…» : лісты Міхася Забэйды-Суміцкага да Надзеі Батурыцкай / Міхась Забэйда-Суміцкі ; прадмова П. Рогача // Дзеяслоў. 2006. № 5. С. 271–283.

  11. Забейда-Сумицкий, М.: «Радуюсь их радостям» : [письма Владимиру Яговдику] / М. Забейда-Сумицкий ; публ. В. Яговдика // Нёман. 2001. № 6. С. 172–191.

  12. Забэйда-Суміцкі, М. Крык болю, так і непачуты на бацькаўшчыне : лісты да Нила Гілевіча / Міхась Забэйда-Суміцкі // Першацвет. 1997. № 4. С. 125.

  13. Забэйда, М. Мастацтва за мір / Міхась Забэйда // На суд гісторыі : успаміны, дыялогі / уклад., прадм. і звесткі пра аўтараў Б. І. Сачанкі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. С. 186–207.

  14. Дыдышка, Н. Жменька зямлі : [Міхась Забэйда-Суміцкі] / Ніна Дыдышка // Народная трыбуна. 2014. № 15. (На крылах кахання).

  15. Шабуня, Н. Песняй даваў людзям радасць : сцэнарый прэзентацыі кнігі А. Горбача «Песняй даваў людзям радасць», прысвечанай М. Забэйдзе-Суміцкаму / Н. Шабуня // Бібліятэка прапануе. 2013. № 1. С. 2–9.

  16. Чыгрын, С. Міхась Забэйда-Суміцкі ў Варшаве // Чыгрын, С. Такі іх лёс / Сяргей Чыгрын. Мінск, 2012. С. 88–95.

  17. Палешка, Я. Спявак сусветнага маштабу... : яго талент захапляў самых вытанчаных аматараў оперы / Я. Палешка // Народная трыбуна. 2012. 27 студзеня (№ 5). С. 10.

  18. Шніп, В. Балада Міхала Забэйды-Суміцкага // Шніп, В. Проза і паэзія агню : вершы, аповесць, эсэ / Віктар Шніп. Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. С. 97.

  19. Падаляк, У. Тэнар-прэм’ер. Беларус… : старонкі жыцця Міхася Забэйды-Суміцкага / Уладзімір Падаляк // ЛіМ. 2010. 10 верасня (№ 36). С. 11.

  20. Зінчук, Р. А ў сэрцы заўсёды Радзіма…: [праграма першага канцэрта ў Празе М. Забэйды-Суміцкага захоўваецца у фондах музея «Пружанскі палацык»] / Р. Зінчук // Краязнаўчая газета. 2010. № 22. С. 4.

  21. Лойка, А. Салаўіныя прэлюды Міхала Забэйды-Суміцкага і Вячаслава Кабржыцкага : [успаміны пра спевакоў] / Алег Лойка // Роднае слова. 2007. № 4. С. 83–85.

  22. Здановіч, К. Шэйпічы – Прага : Імя славутага дзеяча беларускай культуры Міхаіла Забэйды-Суміцкага, на жаль, мала вядома на Радзіме / Канстанцін Здановіч // Народная трыбуна. 2007. 17 сакавіка. С. 9.

  23. Горбач, А. «Песні сталі нашай моваю…» / А. Горбач // Вечерний Брест. 2007. 6 июня. С. 12.

  24. Зданович, К. Михаил Забейда и его «Лявоніха» / Константин Зданович // Заря. 2006. 22 июля. С. 10.

  25. Паляшчук, А. «...Ніколі не разлучуся з беларускай песняй» / А. Паляшчук // Звязда. 2005. 15 чэрвеня.

  26. Водчыц, Т. Міхаіл Забэйда-Суміцкі памятаў пра Радзіму заўсёды / Таццяна Водчыц, Таццяна Рымашэўская // Культура. 2005. № 28. С. 15.

  27. Горбач, А. Запозненае каханне Міхася Забэйды-Суміцкага / Алесь Горбач // Раённыя будні (Пружаны). 2003. 20 верасня. С. 3.

  28. Мартыненка, В. Мы зноў шукаем Забэйду? Ён тут! : [пра аўдыяальбом спевака М. Забэйды-Суміцкага] / В. Мартыненка // Звязда. 2001. 6 чэрвеня. С. 7.

  29. Горбач, А. Голас самой зямлі нашай : да 100-годдзя з дня нараджэння М. Забэйды-Суміцкага / Алесь Горбач // Раённыя будні (Пружаны). 2000. 13 чэрвеня. С. 1, 3; 20 чэрвеня. С. 3; 27 чэрвеня. С. 3; 5 ліпеня. С. 3; 18 ліпеня. С. 3.

  30. Геніюш, Л. Забэйдзе-Суміцкаму : [верш] / Ларыса Геніюш // Выбраныя творы. Мінск, 2000. С. 35–36.

  31. Берасцень, С. Горкая радасць вяртання : у сталічным Доме дружбы адбылася вечарына, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Міхася Забэйды-Суміцкага / С. Берасцень // ЛіМ. 2000. 7 ліпеня. С. 10.

  32. Антонаў, М. Вяртанне спевака : [на 100-гадовы юбілей спевака на яго радзіме ў в. Шэйпічы быў адкрыты памятны знак] / Мікола Антонаў // Раённыя будні (Пружаны). 2000. 22 ліпеня. С. 2.

  33. Дзве легенды : перапіска Зоські Верас і Міхася Забэйды-Суміцкага / уст. слова, падр. да друку, публ. Т. Лапкоўскай // Полымя. 1998. № 8. С. 263–280.

  34. Марціновіч, А. Песня стала мовай : Міхась Забэйда-Суміцкі // Марціновіч, А. Зерне да зерня : гісторыя ў асобах : эсэ, нарысы / А. Марціновіч. Мінск : Юнацтва, 1996. С. 356–365.

  35. Станкевіч, А. Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня / Адам Станкевіч ; публ. Яўгена Паплаўскага // Мастацтва. 1995. № 1. С. 64–67.

  36. Жукава, Г. «Таямніца» Забэйды-Суміцкага : [пра сяброўства з Аленай Багуцкай] / Г. Жукава // ЛіМ. 1995. 7 ліпеня. С. 15.

  37. Шырма, Р. Міхась Забэйда-Суміцкі і беларуская песня // Шырма, Р. Песня – душа народа : з літаратурнай спадчыны / Рыгор Шырма. Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. С. 112–116.

  38. Грахоўскі, С. Вярнуўся песняй на Радзіму : [М. Забэйда-Суміцкі] / Сяргей Грахоўскі // Беларуская мінуўшчына. 1993. № 5–6. С. 67–71.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2036 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 12:25