Ужо з юных гадоў ва Уладзіміра Стэльмаха праявілася цікаўнасць да тэатра. А першая прэм’ера юнага акцёра – камедыя «Прымакі» Янкі Купалы, – адбылася ў саўгасным драмгуртку ў 1925 годзе.
У 1926 годзе, скончыўшы сямігодку, Уладзімір Стэльмах паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, які захапіў яго не толькі вучобай, але і бурным літаратурным і акцёрскім жыццём. У гэты час ён іграў на дзвюх самадзейных сцэнах – у тэхнікуме і драмгуртку клуба «Кім», якім кіраваў В. Галаўчынер. У. Стэльмах з удзячнасцю ўспамінаў сваіх першых настаўнікаў па акцёрскай справе – М. А. Міцкевіча, педагога па сцэнічнаму руху К. М. Саннікава, педагога па грыму А. К. Ільінскага. У 1928 годзе паступіў у студыю БДТ-2 (назва Беларускага тэатра імя Я. Коласа ў 1926–1944 гг.). У 1930 годзе, пасля заканчэння вучобы ў студыі, яго перавялі ў Беларускі дзяржаўны цэнтральны тэатр рабочай моладзі ў Мінску (ТРАМ).
Далейшы творчы лёс У. Стэльмаха (псеўданім В. Уладзіміраў) вызначаўся пастаянным творчым пошукам, ростам вопыту і майстэрства. У 1934 годзе вучыўся ў Ленінградскім тэатральным інстытуце, дзе кіраўніком спецкурсаў быў вядомы рэжысёр, прафесар У. М. Салаўёў. З 1937 па 1941 гады працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача імя Н. Крупскай.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны У. Стэльмах знаходзіўся ў Чырвонай арміі, удзельнічаў у баях пад Смаленскам. У 1942 годзе з’яўляўся загадчыкам ваеннага аддзела, прапаганды і агітацыі Рудаўскага райкама ВКП(б) Тамбоўскай вобласці. У 1943 годзе ён адазваны ў распараджэнне ЦК КП(б)Б і прызначаны дырэктарам тэатра БДТ-2, які знаходзіўся тады ва Уральску, пазней у Арэхава-Зуеве Маскоўскай вобласці, а з 1944 года – у Віцебску.
У 1945 годзе У. Стэльмах пераведзены ў Мінск дырэктарам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, з 1947 па 1951 гады – на пасадзе дырэктара Беларускага тэатра імя Янкі Купалы. У 1954 годзе завочна закончыў тэатразнаўчы факультэт Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва імя А. Луначарскага ў Маскве (ГИТИС). З 1951 па 1955 гады займаў пасаду начальніка аддзела тэатраў Міністэрства культуры БССР. З 1955 па 1966 гады У. Стэльмах з’яўляўся дырэктарам і адным з заснавальнікаў Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Творчы тандэм У. Стэльмаха і Л. Мазалеўскай, галоўнага рэжысёра тэатра, фактычна стварыў і заклаў лепшыя традыцыі сённяшняга Рэспубліканскага тэатра юнага гледача. З 1966 па 1971 гады – намеснік старшыні прэзідыўма праўлення Беларускага тэатральнага аб’яднання.
Літаратурнай дзейнасцю У. Стэльмах займаўся з 1930 года, калі была апублікавана яго першая п’еса “Шляхі”. Выступаў у перыядычным друку з артыкуламі пра беларускі тэатр. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1965 года. Яго п’есы не сталі з’явай беларускай драматургіі, былі прадуктам свайго часу, ставіліся пераважна аматарскімі гурткамі: «Шляхі» (з рэжысёрскімі заўвагамі да пастаноўкі М. Міцкевіча, 1931), «Крушэнне рэнегатаў» (1931), «Тры крыжыкі», «Фантан» (1932), «Канец маскарада» (1938, у сааўтарстве з Ю. Рудзько).
У. Стэльмах выступаў і як тэатральны крытык у кнігах: «Народны артыст СССР Г. П. Глебаў» (1954), «Шляхи білоруського театру» (Кіеў, 1964), «Кранаючы чуткія струны душы» (1966), «Тэатр і час» (1973). Заслуга Уладзіміра Стэльмаха як пісьменніка заключаецца і ў тым, што ён напісаў творчыя партрэты такіх майстроў беларускай сцэны, якімі з’яўляюцца К. Саннікаў, У. Крыловіч, Л. Мазалеўская, П. Малчанаў, А. Ільінскі, М. Міцкевіч і інш. Пераклаў на беларускую мову п’есы: «Хітрыкі Скапэна» Ж. Мальера, «На граніцы» В. Белазёрава, «Хлопчык з Гаваны» В. Чычкова, «Бялее ветразь адзінокі» (паводле В. Катаева).
Стэльмах-акцёр найбольш выявіўся ў характарных ролях, у якіх карыстаўся яркімі сакавітымі фарбамі: Петухоў («Трывога» Ф. Кнорэ), Польдзі («Працяг будзе» А. Бруштэйн), фельдфебель Мокры («Музыканцкая каманда» Д. Дэля) у ТРАМе. У Тэатры юнага гледача найбольш значныя ролі: стары марак Пенкраф («Таямнічы востраў» Ж. Верна), рабочы Розенц («Гады выпрабавання» К. Раймонд), Пан («Цудоўная дудка» В. Вольскага), з іншых роляў: Валер («Тарцюф» Мальера), Косця-капітан («Арыстакраты» М. Пагодзіна).
За плённую працу У. Стэльмах узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1961 годзе яму было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.
Памёр Уладзімір Мацвеевіч Стэльмах 27 студзеня 1974 года. Пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.
Архіў У. Стэльмаха захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 111).
15 ліпеня 2010 года ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі адбылася сустрэча, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння У. М. Стэльмаха. Вядучы сустрэчы-успаміну – доктар мастацтвазнаўства Анатоль Сабалеўскі. Прыняла ўдзел дачка У. Стэльмаха, Дзіяна Уладзіміраўна Стэльмах, тэатразнавец, кандыдат мастацтвазнаўства.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
-
Стельмах Владимир Матвеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 372.
-
Стельмах Владимир Матвеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в [7] т. Минск, 2008. Т. 7. С. 109.
-
Стэльмах Уладзімір Мацвеевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2003. Т. 2. С. 377.
-
Стэльмах Уладзімір Мацвеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 231.
-
Парафянюк, Г. Уладзімір Стэльмах / Г. Парафянюк // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 480–481.
-
Стэльмах Уладзімір // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 5. С. 437–440.
-
Стэльмах Уладзімір Мацвеевіч / Дз. У. Стэльмах // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 151–152.
-
Прысвяціў жыццё тэатру / склад.: Л. К. Лабазава, Н. С. Андрайчук. – Камянец : Цэнтральная бібліятэка, 2005. 5 с.
-
Пятровіч, С. Уладзімір Стэльмах / С. Пятровіч // Майстры беларускай сцэны : [нарысы] / склад. Р. В. Марчук. Мінск : Полымя, 1986.
-
Стэльмах, У. М. Тэатр i час : запiскi дырэктара тэатра / Уладзімір Мацвеевіч Стэльмах. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. – 175 с. ; [12] л. іл.
-
Стэльмах, У. М. Кранаючы чуткiя струны душы / Уладзімір Мацвеевіч Стэльмах. – Мінск : Беларусь, 1966. – 87 с.
-
Стэльмах, У. Кранаючы чуткiя струны душы : (урыўкі) / Уладзімір Стэльмах // Песні Белавежы : Камянеччына літаратурная : проза, паэзія, публіцыстыка / укл. З. Дудзюк. Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. С. 277–284.
-
Стэльмах Дзіяна Уладзіміраўна // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2003. Т. 2. С. 377.
-
Лаўранчук, Т. Шляхі драматурга: [пра тэатральнага дзеяча У. Стэльмаха] / Тамара Лаўранчук // Навіны Камянеччыны. 2014. 3 мая. С. 21.
-
95 гадоў з дня нараджэння : [Стэльмаха Уладзіміра Мацвеевіча, беларускага драматурга, акцёра] // Полымя. 2005. № 7. С. 237.
-
Парафянюк, Г. Прысвяціў жыццё тэатру / Георгій Парафянюк // Навіны Камянеччыны. 1993. 3 сакавіка. С. 2.
-
Калатухін, У. Родам з Бушміч / У. Калатухін // Ленінец (Камянец). 1989. 23 верасня.
-
Стэльмах Уладзімір Мацвеевіч // Вікіпедыя [Электронный ресурс]. Режим доступа: https://be.wikipedia.org/wiki/
-
Сустрэча памяці Уладзіміра Стэльмаха // 21.BY. Стартовая страница Беларуси : [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://news.21.by/culture/2010/07/06/96543.html