У справаздачы прамысловага аддзела Палескага ваяводскага кіравання за 1923 год адзначалася, што шэраг маламагутных дызельных электрастанцый, пабудаваных немцамі на Палессі ў гады акупацыі падчас Першай сусветнай вайны, былі ліквідаваныя ўжо пасля вайны, так як органы гарадскога самакіравання не маглі іх выкарыстоўваць у сувязі з адсутнасцю матэрыяльна-тэхнічных сродкаў. Замежны капітал у энергетычную прамысловасць не ўкладваўся.
Аднак горад будаваўся, насельніцтва павялічвалася, усе гэта патрабавала задавальнення новых патрэбаў у электрастанцыі. У 1925 годзе ў Брэсце-над-Бугам была пабудавана гарадская дызельная электрастанцыя (электровня мейска), якая размяшчалася па вуліцы Садовай, 22 (цяпер вул. Арджанікідзэ). Будынак электрастанцыі быў аднапавярховы, цагляны, перакрыцці драўляныя. На тэрыторыі быў размешчаны драўляны навес над басейнам, градзірня і цагляны будынак для ацяпляльных катлоў.
На гэтай электрастанцыі ў 1925–1929 гадах былі ўсталяваны 4 дызелі 600, 400, 200, 130 к. с. шведскай фірмы «Атлас-Дызель-Паляр» агульнай магутнасцю генератараў 920 кВт. Палівам для электрастанцыі была нафта маркі «Ойль-газава» (аналаг саляркі).
Дызель № 1 быў усталяваны ў 1935 годзе, дызель № 3 – у 1927-м, дызель № 4 – у 1929-м. Машынная зала была абсталявана ручным маставым кранам на 4 тоны. Паліўнае забеспячэнне было наступным: па шырокакалейных шляхах цыстэрны з нафтай завозіліся на тэрыторыю электрастанцыі, дзе разгружаліся ў бак, які знаходзіўся на зямлі. З бака ручным насосам «Альвеер» нафта магла перапампоўвацца ў любую з пяці ўстаноўленых наземных цыстэрнаў агульнай ёмістасцю 60 тон. З цыстэрнаў нафта іншай помпай магла перапампоўвацца ў расходныя бачкі дызеляў. Для ачысткі адпрацаванага масла на станцыі меўся перасоўны сепаратар «Лаваль». Для ацяплення станцыі паблізу будынка машыннай залы пазней была пабудавана кацельня, абсталяваная двума катламі Стрэля.
Ужо тады, да надзейнасці працы энергетычнага абсталявання электрастанцыі і работнікаў энергетыкі, гарадская ўлада выстаўляла высокія патрабаванні. Берасцеец таго часу, сын пажарнага Збігнеў Мікалаевіч Жураўлёў, у сваіх мемуарах апісаў выпадак, які адбыўся напярэдадні каталіцкага Раства Хрыстова. На электрастанцыі здарылася паломка, і ў горадзе не было святла. Надзвычайнае становішча спалохала энергетыкаў, і неабходную запчастку спешна даставілі з Швецыі на самалёце.
У 1932 годзе на дызельнай электрастанцыі працавалі 25 чалавек. Дырэктарам быў інжынер Анжэй Макавецкі, тэхнічным кіраўніком – Юзэф Рудскі. Брэсцкая гарадская дызельная электрастанцыя была самай буйной у ваяводстве, выпрацоўка электраэнергіі ў 1932 годзе склала 1,4 млн. кВт/г., а ў першым паўгоддзі 1934 года – 0,827800 млн. кВт/г, колькасць працуючых ўзрасла да 35-ці чалавек. Да 1939 года адміністрацыя, бюро па працы з кліентурай і каса ўзаемадапамогі работнікаў электрастанцыі размяшчаліся па вуліцы Пятроўскай, 3 (цяпер вул. Карбышава).
Справа была рэнтабельнай: досыць сказаць, што ў якасці жылля для сем’яў энергетыкаў быў пабудаваны салідны па тых часах двухпавярховы дом. Ён і сёння, з надбудаваным трэцім паверхам, стаіць на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Леніна, вядомы не аднаму пакаленню кандытарскай крамай, а да і пасля вайны тут размяшчалася адміністрацыя савецкай электрастанцыі.
Па меры росту горада магутнасці дызельнай «электровні» перастала хапаць, і ўлады прыступілі да ўзвядзення больш сур’ёзнай, паратурбіннай электрастанцыі магутнасцю 1500 кВт, па вуліцы Новаягелонскай (цяпер праспект Машэрава – ад скрыжавання з вуліцай Леніна ў бок крэпасці). Месца пад будаўніцтва выдзелілі з плошчаў парку.
Але пачалася Вялікая Айчынная вайна. Абедзве гарадскія электрастанцыі (дызельная і паратурбінная) засталіся непрацаздольнымі. Нямецкая адміністрацыя, якая прыйшла ў горад, хутка прыцягнула на працу былых работнікаў энергетыкі. У кароткія тэрміны былі ліквідаваны пашкоджанні катла фірмы «Бабкок-Зелянеўскі» і турбагенератара 1,5 МВт фірмы «Юнгстрэм». Была наладжана работа і дызельнай гарадской электрастанцыі магутнасцю 920 кВт. Бытавыя і прамысловыя спажыўцы сталі атрымліваць электраэнергію, за якую разлічваліся акупацыйнымі маркамі. Пры адступленні ў ліпені 1944 года немцы замініравалі і ўзарвалі абедзве гарадскія электрастанцыі.
Для эканомікі вызваленага Брэста пытанне аднаўлення разбуранай вайной энергагаспадаркі было самым галоўным. Кіраўніцтва горада прыняло рашэнне – тэрмінова прыступіць да работ па аднаўленні абедзвюх электрастанцый. У 1944 годзе на гэтыя мэты горад выдзеліў 400 тысяч рублёў. Аблвыканкам спецыяльным рашэннем абавязаў тэрмінова мабілізаваць на працу 100 рабочых. Да канца года ўдалося асвоіць толькі палову выдзеленых сродкаў. Былі адноўлены гарадскія электрычныя сеткі, дэмантавана разбуранае абсталяванне, пабудаваны механічныя майстэрні.
У студзені 1945 года распараджэннем № 7 Савет Народных Камісараў Ббеларускай ССР дазваляе Наркомхозу БССР перакінуць з Гродзенскай ГЭС часткі падорванага дызеля 400 к. с., а з Ваўкавыскай ГЭС – часткі дэмантаванага дызеля 200 к. с. у Брэст. Адначасова абавязвае Гродзенскі аблвыканкам аказаць садзейнічанне ў дастаўцы названага абсталявання для аднаўлення разбураных дызеляў 400 і 200 к. с. электрастанцыі.
У лютым 1945 года СНК БССР пастановай № 176 абавязаў кіраўніка Заходняй чыгункі тав. Кацяш у тэрмін не пазней чым 10 сакавіка 1945 года забяспечыць адпраўку энергацягніка 1000 кВт з Віцебска ў Брэст, а Наркамгасу тав. Забэла забяспечыць яго прыёмку і ўстаноўку. Акрамя таго, Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў працоўных, тав. Сікорскі быў абавязаны аказаць дапамогу Брэсцкай электрастанцыі рабочай сілай, мясцовымі матэрыяламі і транспартам для хутчэйшага пуску энэргацягніка.
У лютым 1945 года былі скончаны ўсе працы па дэмантажу няспраўнага абсталявання і аднаўленню цаглянага будынка дызельнай электрастанцыі. У красавіку 1945 года быў пушчаны ў працу дызель-генератар з магутнасцю рухавіка 400 к. с. Цалкам дызельную электрастанцыю аднавілі ў кастрычніку 1946 года.
4 студзеня 1948 года была адноўлена і першая чарга галоўнай электрастанцыі горада. Абедзве электрастанцыі (паравая і дызельная) працавалі ізалявана. Дызельная электрастанцыя забяспечвала ў асноўным электраэнергіяй спажыўцоў чыгункі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна.
Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела
1. Электростанция // Сарычев, В. В поисках утраченного времени : Кн. 2 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 265–268.
2. Из акта приёмки электростанций г. Бреста : от 7 января 1940 г. № 58 // Брест в 1939–1941 гг. : документы и материалы / сост. А. Г. Карапузова и [др.] Брест, 2012. Раздел 3. Социально-культурное развитие города. С. 105–108.
3. Из протокола № 22 заседания бюро Брестского обкома КП(б)Б о реконструкции электростанции в г. Бресте : от 8 апреля 1940 г. // Брест в 1939–1941 гг. : документы и материалы / сост. А. Г. Карапузова и [др.] Брест, 2012. Раздел 3. Социально-культурное развитие города. С. 113.