Серада, 03 Люты 2016 10:33

1 студзеня 2016 г. – 55 гадоў з часу адкрыцця Брэсцкай абласной дзіцячай бібліятэкі (суч. аддзел літаратуры для дзяцей і юнацтва УК «Абласная бібліятэка імя М. Горкага; 1961–1987)

Брэсцкая абласная дзіцячая бібліятэка была афіцыйна створана 1 студзеня 1961 года на базе аддзела абслугоўвання дзяцей Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, якое з’явілася пры абанеменце ў 1945 годзе. З 1956 года загадчыцай дзіцячага аддзела была Клаўдзія Дзмітрыеўна Камісарава (Пятрэнка; 1922–2005), якая адпрацавала ў бібліятэцы больш за 40 гадоў. Яна выдатна ведала літаратуру, сфарміравала цудоўны фонд, трапятліва адносілася да кніг.

Новая ўстанова атрымала свой асобны будынак па вул. Куйбышава, 32, у якім дагэтуль аблкiнапракт захоўваў кіноплёнкі. Работнікам створанай дзіцячай бібліятэкі давялося самім класці печы, нарыхтоўваць дровы, каб перажыць зіму 1961–1962 гадоў.

16 лютага 1961 года першым дырэктарам была назначана Лізавета Карпаўна Кухарава (1916–2009), заслужаны дзеяч культуры БССР (1967). Станаўленне ўстановы абавязана найперш гэтаму чалавеку, цалкам адданаму бібліятэчнай справе, яе упартаму баявому характару. Ураджэнка Саратава, у Брэсце яна апынулася з мужам – Мікалаем Маркавічам Унукавым (1915–1958), работнікам партыйных органаў, які ў 1954–1958 гадах быў дырэктарам Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага. Л. К. Кухаравай удалося да 1969 года зрабіць рэканструкцыю старога аднапавярховага з пячным ацяпленнем будынка ў двухпавярховы з выгодамі.

За дзень сюды прыходзілі ад 100 да 150 юных чытачоў, але бібліятэкары паспявалі з кожным пагутарыць, кожнаму падабраць кнігі. Бібліятэка мела пункты выдачы ў школах горада, даводзілася насіць туды стосы кніг, абслугоўваць вучняў, альбо астаўляць кнігі пад адказнасць педагогаў. Для бібліятэчнага абслугоўвання сельскіх чытачоў былі арганізаваны выязды аўтамашынай ў вёскі Тэльмы, Раманаўскія хутары, Страдзічы, Знаменку, Камарова.

Цікава праходзілі “Тыдні дзіцячай і юнацкой кнігі”, арганізаваныя сумесна з абласным Палацам піянераў. Адбыліся сустрэчы з пісьменнікамі Агніяй Кузняцовай, Міхаілам Герчыкам і інш. Два разы на год праходзіла мерапрыемства для бацькоў і дзяцей “Усёй сям’ёй – на сустрэчу з кнігай”. Традыцыйна да Дня аховы дзяцей у парку культуры і адпачынку “1 Мая” праводзілі святы кнігі. У канцы 1960-х бібліятэцы далі тэлевізар, дзеці прыходзілі, каб паглядзець тэлеперадачы.

У 1974–1984 гадах дырэктарам была Аляксандра Васільеўна Яцэвіч. Доўгі час працавалі бібліятэкары Марыя Філіпаўна Марчык, Любоў Мітрафанаўна Міранчук, Мая Рыгораўна Смелік, Вольга Канстанцінаўна Волкава i інш.

У 1974 годзе ў бібліятэцы зрабілі адкрыты доступ да кніжнага фонду. Тады было абавязковым кожнаму чытачу выдаваць не толькі мастацкую, але і галіновую літаратуру. У 1970-я гады работнікі бібліятэкі часта ўдзельнічалі ў телеперадачах Брэсцкай абласной студыі ТБ.

З 1985 года дырэктарам стала Ірына Іванаўна Ярась (1936–2013). У 1986 годзе фонд складаў 113,6 тыс. экз. Бібліятэка абслугоўвала 7,3 тыс. чытачоў. Меліся дзве чытальныя залы: для вучняў 1–3 класаў i 4–8 класаў. Абласная бібліятэка была цэнтрам для бібліятэк усіх сістэм і ведамстваў, якія абслугоўвалі дзяцей. Выдавала інфармацыйныя і рэкамендацыйныя спіскі новых паступленняў літаратуры, метадычныя дапаможнікі па прапагандзе мастацкай і пазнавальнай літаратуры. Арганізоўвала павышэнне кваліфікацыі работнікаў работнікаў дзіцячых і школьных бібліятэк вобласці.

У снежні 1986 года ўпраўленне культуры аблвыканкама выступіла з ініцыятывай аб’яднання дзвюх абласных бібліятэк, якую падтрымала Міністэрства культуры БССР. У гэты час (са студзеня 1985 г.) “дарослую” бібліятэку ўзначальвала А. В. Яцэвіч. Такое аб’яднанне неўзабаве адбылося: з 1 студзеня 1987 года дзіцячая бібліятэка стала аддзяленнем па абслугоўванню школьнікаў абласной бібліятэкі імя М. Горкага. Праз год гэты эксперымент быў адобраны загадам Міністра культуры БССР і рашэннем Брэсцкага аблвыканкама.

Узначальвала аддзяленне І. I. Ярась, якая атрымала пасаду намесніка дырэктара па рабоце з дзецьмі. У 1991–2002 гадах намеснікам па рабоце з дзецьмі была Ларыса Фёдараўна Семянцова, якая працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1977 года. З 2003 года калектывам кіруе Ларыса Эдуардаўна Верамчук як загадчык аддзела літаратуры для дзяцей і юнацтва.

Фонд аддзела ўніверсальны па зместу і відах выданняў, складае больш за 120 тыс. экз. Карыстальнікі – вучні сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў. Асобныя катэгорыі чытачоў – дашкольнікі, а таксама іх бацькі, выхавацелі, настаўнікі. Штогод у аддзеле абслугоўваюцца больш за 7 тыс. чытачоў. У структуры аддзела выдзелены абанемент і чытальная зала, праца якіх дыферэнцыравана па ўзроставаму прызнаку. Чытачам даецца магчымасць самастойна працаваць з электроннымі дакументамі.

Асноўны накірунак дзейнасці супрацоўнікаў аддзела – вывучэнне і маніторынг стану дзіцячага чытання як асновы жыццёвай стратэгіі падрастаючага пакалення ў рэгіёне. Штогод складаецца праграма летняга чытання дзяцей 6–11 гадоў. У аддзеле працуюць пазнавальны клуб “Ліхтарык”, гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Школа маленькіх чараўнікоў”. Здзейсняюцца розныя праекты, напрыклад, “Дзеці, бацькі, бібліятэка: крокі насустрач”, цыкл сустрэч “Кніжка на экране”, акцыя “Брэст чытае дзецям” i iнш. Урокі з дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі праводзяцца ў “Пакоі казак”, які аформлены майстрам разьбы па дрэве Юрыем Фёдаравічам Чэрневым.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Брэсцкаяабласная бібліятэка імя М. Горкага // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 56–57.

  2. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага / Г. І. Бурына // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск : БЕЛТА, 2001. Кн. 2. С. 593–594.

  3. Библиотека детская областная // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 91–92.

  4. Брестская областная детская библиотека // Библиотеки Белоруссии : справочник. 2-е изд., перераб. и доп. / сост.: В. Е. Виноградова и др. Минск : Полымя, 1988. С. 59.

  5. Веремчук, Л. Э. Реформа образования и проблемы библиотечного обслуживания детей и подростков : из опыта работы отдела обслуживания школьников Брестской обалстной библиотеки им. М. Горького / Веремчук Л. Э. // Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага – сацыякультурны і інфармацыйны цэнтр рэгіёна. Да 70-годдзя з дня заснавання : матэрыялы нав.-практ. канф., Брэст, 7–8 красавіка 2010 г. / склад. А. М. Мяснянкіна. Брэст, 2010. С. 12–18.

  6. Семенцова, Л. Ф. Кажется, мы где-то встречались : [воспоминания] / Лариса Фёдоровна Семенцова // Листая памяти страницы… : Брестской областной библиотеке имени М. Горького 70 лет / концепция, сост., лит. редактирование А. М. Суворов ; отв. за вып. Т. П. Данилюк. Брест : Полиграфика, 2009. С. 84–87.

  7. Марчик, М.Ф. “Мне в мире до всего есть дело…” : [воспоминания] / Мария Филипповна Марчик // Листая памяти страницы… С. 36–39.

  8. Смелик, М.Г. Всё “золото” библиотеки : [воспоминания] / Майя Григорьевна Смелик // Листая памяти страницы… С. 64–67.

  9. Бурина, Г. И. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / Г. И. Бурина // Нарысы гісторыі бібліятэк Брэсцкай вобласці / Брэсц. абл. б-ка імя М. Горкага, Аддзел бібліятэказнаўства ; [склад. Л. І. Рачкоўская, А. М. Мяснянкіна]. Выд. 2-е, дап. і перапрац. Брэст, 2001. С. 108–109.

  10. Яцевич, А. В. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / А. В. Яцевич // Очерки истории библиотек Брестской области / Брестская обл. биб. им. М. Горького. Брест, 1996. С. 65–71.

  11. Владимирова, Н. Проект «Книжка на экране» стартовал в Бресте : [о проекте отдела литературы для детей и юношества ОБ] / Настя Владимирова // Брестский вестник. 2015. 29 января (№ 5). С. 19.

  12. Вертинская, С. «Книжкины именины» собрали в Бресте самых верных друзей : [об открытии Недели детской книги в отделе литературы для детей и юношества] / Светлана Вертинская // Брестский курьер. 2014. 27 марта (№ 13). С. 26.

  13. Хакiмава, А. «Чытаем верш па-беларуску» : [пра акцыю «Чытаем верш па-беларуску», якая пачалася з удзелам старшынi аблвыканкама К. А. Сумара] / Антанiна Хакiмава // Вечерний Брест. 2014. 8–9 мая. С. 2.

  14. Гармель, Е. «Брест читает детям» : [об открытии акции «Брест читает детям» с участием председателя облисполкома К. А. Сумара] / Елена Гармель // Заря. 2012. 17 мая. С. 3.

  15. Веремчук, Л. На мове падлеткаў : [пра абслугоўванне падлеткаў у Брэсцкай АБ iмя М. Горкага] / Ларыса Верамчук // ЛiМ. 2010. 19 лютага (№ 7). С. 4.

  16. Веремчук, Л. Радостное чтение : Из опыта программной деятельности отдела литературы для детей и юношества Брестской областной библиотеки им. М. Горького / Лариса Веремчук // Бiблiятэка прапануе. 2011. № 9. С. 2–4.

  17. Литвинович, Е. Книга жизни Елизаветы Кухаревой : Областную детскую библиотеку создавала женщина, чьи обращения находили понимание у первого секретара ЦК КПБ и главы советского государства : [о первом директоре Брестской областной детской библиотеки] / Евгений Литвинович // Заря. 2006. 16 марта. С. 18.

  18. Власюк, А. Даешь живое полено получаешь Буратино! : [в областной детской библиотеке открылся музей резчика по дереву Юрия Чернева] / А. Власюк // Брестский курьер. 2004. 6 мая. С.10.

Чытаць 1285 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Ліпень 2020 10:19