У Бярэсці (цяпер Брэст), які меў высокі палітычны, царкоўны і культурны статус горада, аднаго з галоўных эканамічных і культурных цэнтраў ВКЛ, 6–10 кастрычніка 1596 года адбыўся сабор. Прымаў гасцей берасцейска-уладзімірскі епіскап Іпацій Пацей (1541–1613). У саборы ўдзельнічалі праваслаўныя епіскапы і іншыя прыхільнікі ўніі, а таксама яе праціўнікі на чале з князем К. К. Астрожскім і епіскапамі Гедэонам Балабанам і Міхаілам Капысценскім. Сабор адразу падзяліўся на дзве групоўкі – уніяцкую і праваслаўную, якія збіраліся паасобку. Пытанне лігітымнасці кожнага з сабораў дэбатуецца і цяпер.
Мясцовыя іерархі праваслаўнай царквы жадалі быць незалежнымі ад канстанцінопальскага патрыярха, не хацелі падпарадкоўвацца маскоўскаму патрыярху. Была незадаволенасць паборамі прадстаўнікоў грэчаскай праваслаўнай царквы, спроба працідзейнічаць імкненням рускага цара захапіць землі Беларусі і Украіны, захаваць недатыкальнасць уладанняў царквы і маёмасці. А таксама ліквідаваць крызіс праваслаўнай царквы, які абвастрыўся ў канцы ХVІ ст. – шмат вернікаў пачалі пераходзіць у пратэстанцтва і каталіцтва.
Князь Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч Астрожскі (1526–1608), уплывовы магнат, ваявода кіеўскі, вёў патрыятычную дзейнасць у абарону праваслаўя, дзяржаўных інтарэсаў ВКЛ. Пра сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай Рэчы Паспалітай ён неаднойчы заяўляў на сейме Польска-Літоўскай дзяржавы. Супраць уніі выступіла таксама частка праваслаўнай шляхты, духавенства і гараджан. Непрыняццю ўніі спрыялі экзарх канстанцінопальскага патрыярхату Нікіфар і экзарх александрыйскага патрыярха Кірыл Лукарыс.
Берасцейская ўнія рыхтавалася на аснове Фларэнційскай уніі 1439 года, якая фармальна была пашырана на тэрыторыю ВКЛ. Паводле Берасцейскай уніі прызнавалася вяршынства Папы Рымскага, у царкоўных дагматах зыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына (каталіцкі дагмат), у той жа час захаваліся ўсе праваслаўныя абрады, богаслужэнне і казанні на царкоўнаславянскай мове.
9 кастрычніка 1596 года ў царкве Святога Мікалая, найстаражытнейшай з берасцейскіх святынь (узгадваецца з 1390 г.), была ўрачыста абвешчана Берасцейская ўнія – прававы акт, які юрыдычна замацаваў аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай цэркваў на аснове пэўных кампрамісаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Царква стала называцца грэка-каталіцкай.
Замест устанаўлення адзінства ўсходняй царквы з заходняй, Берасцейскі сабор прывёў да новага падзелу. Праваслаўны сабор унію не прыняў. Уніяцкі сабор прыняў пастырскі ліст аб адхіленні ад сану Г. Балабана, М. Капысценскага і іншых святароў, якія не прынялі ўнію. Праціўнікі ўніі таксама сімвалічна пазбавілі сану ўніяцкага мітрапаліта і епіскапаў. Пачалося вялікае процістаянне, якое цалкам не вырашана да нашага часу.
Кароль Жыгімонт ІІІ Ваза ўніверсалам ад 15 снежня 1596 года зацвердзіў акт Берасцейскай уніі і заклікаў беларусаў і ўкраінцаў прызнаць уніяцкіх епіскапаў. Унію прыняла значная частка праваслаўнага насельніцтва Беларусі, але ў некаторых раёнах яна не замацавалася (наваколле Пінска і інш.). Супраціўленне часта прымала актыўныя формы. Паступова ўніяцкая царква на Беларусі ахапіла сваёй дзейнасцю шырокія масы гарадскога і асабліва сельскага насельніцтва.
Брэсцкая ўнія на Беларусі была ліквідавана Полацкім царкоўным саборам, які прайшоў 12 лютага 1839 года ў Полацку – цэнтры беларускай уніяцкай епархіі. Тры епіскапы і 21 вышэйшая духоўная асоба падпісалі саборны акт аб далучэнні ўніяцкай царквы да Рускай праваслаўнай. 23 сакавіка Сінод згадзіўся на аб’яднанне цэркваў, Грэка-уніяцкая калегія перайменавана ў Беларуска-Літоўскую калегію. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім далучана да Рускай праваслаўнай у 1875 годзе.
У заходняй частцы Украіны, якая ўваходзіла да 1918 года ў склад Аўстра-Венгерскай імперыі, а ў 1921–1939 гадах ў Польшчу, уніяцкая царква прадаўжала існаваць. На Украіне ўнія ліквідавана саборам у Львове ў сакавіку 1946 года. Аднак дзейнасць шэрагу ўніяцкіх святароў працягвалася ў падполлі і эміграцыі. Уніяты на Украіне захавалі прыхільнасць да сваёй царквы, і ў снежні 1989 года яна была афіцыйна адноўлена. Украінская грэка-каталіцкая царква не прызнае кананічнасць сабора ў Львове. У 1990-я прыхільнікі ўніяцтва на Украіне вялі барацьбу за храмы і прыходы Рускай праваслаўнай царквы. Зараз на Украіне каля 4,5 млн. вернікаў-уніятаў, каля 4 тысяч грэка-каталіцкіх прыходаў.
Беларуская ўніяцкая царква адрадзілася ў 1920-я гады ў Заходняй Беларусі, але была ліквідавана ў 1940-м. У 1990 годзе Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіцыйнае прызнанне з боку Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ. У 1994 годзе Ватыканам зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на беларускую мову. Зараз уніяцкія цэрквы дзейнічаюць у Мінску, Гомелі, Гродне і інш. У Брэсце дзейнічае грэка-каталіцкі прыход святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя (вул. Дворнікава, 63).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
-
Брэсцкая унія 1596 / А. П. Грыцкевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 65–66.
-
Брестская уния 1596 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 515.
-
Берасцейская унія 1596 / Анатоль Грыцкевіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 316–317.
-
Брэсцкая унія 1596 г. // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск : БЕЛТА, 1997. Кн. 1. С. 76–77.
-
Брэсцкая унія 1596 / А. П. Грыцкевіч// Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 98.
-
Унія царкоўная / Ю. В. Бажэнаў, А. В. Мірановіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 237.
-
Беларуская грэка-каталіцкая царква / С. Ф. Дубянецкі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 409–410.
-
Украінская грэка-каталіцкая царква / М. Г. Нікіцін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 207.
-
Полацкі царкоўны сабор 1839 //
-
Брэсцкая царкоўная унія (1596-2006): гісторыя і сучаснасць : зб. навук. артыкулаў. – Брэст : БрДУ, 2006. – 196 с.
-
Уния в документах : сборник / вступ. ст. В. А. Тепловой ; сост.: В. А. Теплова, З. И. Зуева. – Минск : Лучи Софии, 1997. – 520 с.
-
Лыч, Л. М. Уніяцкая царква Беларусі: этнакультурны аспект : [гісторыя Брэсцкай уніі] / Леанiд Мiхайлавiч Лыч. – Мінск : Кнігазбор, 2011. – 128 с.
-
Зноско, К. Исторический очерк церковной унии: её происхождение и характер : [1596 г.] / протоиерей Константин Зноско. – Минск : Белорусский Экзархат, 2007. – 367 с.
-
Тимошенко, Л. Берестейська унiя 1596 р. / Л. Тимошенко. – Дрогобич : Коло, 2004. – 197 с.
-
Брэсцкая унiя 1596 г.: гiсторыя i культура : тэматычны зб. навук. прац / навук. рэд. Яцкевiч С. А. – Брэст, 1996. – 41 с.
-
Гайдук, Н. Брестская уния 1596 года / Николай Гайдук. – Минск : Православное Братство во имя Архистратига Михаила, 1996. – 191 с.
-
Григоренко, А. Уния в истории Украины-Руси : краткий исторический очерк / Алексей Григоренко. – Новосибирск : Паритет, 1991. – 104 с.
-
Мiхалiна. Жыцьцярыс сьвятое пакутнiцы Унii / Міхаліна. – Берасьце : Рэдакцыя газеты “Царква”, 2000. – 41 с.
-
Soszynski, R. 400-lecie Unii Brzeskiej 1596–1996 / RomanSoszynski. – Warszawa : Michalineum, 1996. – 232 s.
-
Dylągowa, H. Dzieje Unii Brzeskiej (1596–1918) / H. Dylągowa. – Warszawa – Olsztyn : Wydawnictwo Interlibro, Warmińskie wydawnictwo dyecezjalne. – 228 s.
-
Падокшын, С. А. Іпацій Пацей: царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік на пераломе культурна-гістарычных эпох / Сямён Аляксандравіч Падокшын. – Мінск : Беларуская навука, 2001. – 118 с.
-
Чернов, С. В. Первоисточники о Брестской церковной унии и актуальность их изучения в наши дни / Сергей Владимирович Чернов // Христианство в Беларуси : история и современность. Минск, 2014. С. 92–99.
-
Іванова, Л. Берасцейская унія / Л. Іванова // Гісторыя Беларусі : у 6 т.Мінск, 2008. Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. C. 526–540.
-
Тарас, А.Е. Брестская уния 1596 года и её политические последствия// Тарас, А.Е. Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV–XVII вв./ А.Е. Тарас. Москва, 2006. C. 369–374.
-
Саверчанка, I. Брэсцкая царкоўная унія 1596 года: гістарычныя перадумовы і абставіны падпісання / І. Саверчанка // Беларускі гістарычны часопіс. 2006. № 12. С. 23–30.
-
Майский, Г. Уния – брестская, интерес – международный : [в Бресте прошла международная научно-практическая конференция «Брэсцкая царкоўная унія (1596–2006): гісторыя і сучаснасць»] / Г. Майский // Заря. 2006. 24 октября. С. 2.
-
Криштапович, Л. Е. Брестская церковная уния: прошлое и настоящее // Криштапович, Л. Е. Беларусь и Россия: историософское и цивилизационное единство / Л. Е. Криштапович. Минск, 2006. С. 42–74.
-
Дойлiд, Г. Берасцейская унія 1596: не толькі ў імя Бога / Г. Дойлід // Краязнаўчая газета. 2006. № 38, кастрычнік. С. 4.
-
Дзмітрачкоў, П.Ф. Рэлігійна-канфесійнае становішча на Беларусі. Брэсцкая царкоўная унія// Дзмітрачкоў, П.Ф. Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Другая палова XIII – першая палова XVII стст. / П. Ф. Дзмітрачкоў. Магілёў, 2003. С. 142–173.
-
Хацееў, А. Эклезіялогія Брэсцкай уніі 1596 года / іерэй Аляксей Хацееў // Праваслаўе. Мінск, 2002. № 11. С. 22–38.