З пачатку Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Шэлехаў збіраў зброю і боепрыпасы, перадаваў партызанам. З кастрычніка 1942 года – у партызанскім атрадзе імя Суворава 2-й Мінскай брыгады. Першы свой медаль “Партызану Айчыннай вайны” ІІ ступені атрымаў 7 лістапада 1943 года. У канцы 1943 года быў паранены і трапіў у палон, знаходзіўся ў лагерах ваеннапалонных у Германіі. У пачатку 1945-га ўдалося ўцячы, прабраўся на ўсход і уступіў у Чырвоную армію.
Ваяваў у складзе стралковага палка зенітнай дывізіі 9-га стралковага корпуса 5-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронта. Удзельнічаў у фарсіраванні Одэра, у штурме Берліна. М. У. Шэлехаў быў паранены. Пасля Перамогі служыў у Германіі. Дэмабілізаваны ў красавіку 1947 года ў званні старшага сяржанта. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені і Чырвонай зоркі, медалямі.
У 1951 годзе М. У. Шэлехаў закончыў гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, па накіраванні працаваў у сельскіх школах Столінскага раёна. У 1962–1986 гадах – дырэктар СШ № 2 г. Давыд-Гарадка. На пенсіі з 1994 года. Выдатнік народнай адукацыі БССР (1967) і СССР (1972), узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
М. У. Шэлехаў – аўтар сотняў публікацый па гісторыі і краязнаўстве паўднёвых тэрыторый Беларусі і Палесся. Краязнаўчыя артыкулы друкаваліся ў “Звяздзе”, “Настаўніцкай газеце”, “Заре”, “Народнай трыбуне”, “Навінах Палесся” і іншых газетах і часопісах. З краязнаўчымі паведамленнямі выступаў на радыё і тэлебачанні. Удзельнічаў у стварэнні музея гісторыі Давыд-Гарадка, якім кіруе Мікалай Паўлавіч Бразоўскі. Музею ў кастрычніку 2004 года прысвоена ганаровае званне “народны”. Працаваў у складзе камісіі па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Столінскі раён” (2003).
Значнай падзеяй для краязнаўцаў Палесся стала манаграфія Міхаіла Уладзіміравіча “Давыд-Гарадок. Час і людзі” (2000), якая была выдадзена да 900-годдзя старажытнага горада. М. У. Шэлехаў апавядае аб самастойным развіцці цэнтральнага Палесся, сведчыць аб высокіх дасягненнях ў горадабудаўніцтве, эканоміцы і культуры мясцовага насельніцтва. Напісана кнiга простай і даходлівай мовай, апісанне падзей вядзецца цікава і захапляльна. Прадмову да кнігі напісаў доктар гістарычных навук Пётр Фёдаравiч Лысенка.
У 2012 годзе выйшла другая кніга М. У. Шэлехава “За веру и волю”, у якой расказваецца аб рэлігійнай сітуацыі на Беларусі ў ХVІ–ХVIII стст. Выданне зроблена ў межах дзейнасці грамадскага аб’яднання “Тураўскае навукова-асветніцкае таварыства”.
Міхаіл Уладзіміравіч вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Давыд-Гарадоцкага гарадскога і Столінскага раённага Саветаў. З 1972 года – старшыня савета ветэранаў Давыд-Гарадка. Ганаровы грамадзянін горада Давыд-Гарадка (2001).
Жонка, Ніна Аляксандраўна Шэлехава, – заслужаная настаўніца БССР, узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”. Выкладала хімію і біялогію ў СШ № 1 г. Давыд-Гарадка. З вучнямі з 1965 года вяла пошуковую патрыятычную работу, вадзіла дзяцей у паходы па партызанскіх месцах. Вялі перапіску з роднымі загінуўшых у Давыд-Гарадку байцоў. Намаганнямі гуртка следапытаў і з дапамогай выканкама на помніку брацкай магілы, што каля будынка школы, была ўстаноўлена дошка з імёнамі пахаваных воінаў. Жыццё Н. А. Шэлехавай – узор настаўніцкага служэння дабру і справядлівасці, ведам і асвеце.
Сын, Міхаіл Міхайлавіч Шэлехаў (1954), стаў журналістам, паэтам, драматургам, кінасцэнарыстам.
Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў памёр 31 мая 2015 года.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
-
Шелехов Михаил Владимирович // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2009 / под ред. И. В. Чекалова. Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 263.
-
Шелехов Михаил Владимирович // Долготович, Б. Д. Почётные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 26–27.
-
Шэлехаў Міхаіл Уладзіміравіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 499.
-
Шэлехава Ніна Аляксандраўна // Памяць. Столінскі раён. С. 497.
-
Живёт память : [Михаил Владимирович Шелехов (1926–2015) : некролог] // Навiны Палесся (Столiн). 2015. 5 чэрвеня. С. 8.
-
Да 75-годдзя ўтварэння Столінскага раёна : [біяграфія М. У. Шэлехава, Ганаровага грамадзяніна г. Давыд-Гарадок] // Навіны Палесся (Столін). 2015. 16 студзеня. С. 3.
-
Михайлов, М. История мемориальной доски : [о патриотической работе учительницы СШ № 1 г. Давид-Городка Нины Александровны Шелеховой] / М. Михайлов // Навiны Палесся (Столiн). 2014. 18 лiстапада. С. 3.
-
Карлюкевіч, А. Люблю вясковую айчыну!.. : [пра ўраджэнца в. Бахаравічы М. У. Шэлехава] / Алесь Карлюкевіч // Мінская праўда. 2011. 16 чэрвеня (№ 110–111).
-
Шэлехаў, М. У. ...І пакланіўся родным месцам / М. У. Шэлехаў ; гутарыла В. Васільева // Навіны Палесся (Столiн). 2008. 2 ліпеня. С. 2.
-
Раманенка, Л. Яму да ўсяго сягоння справа... : [пра М. У. Шэлехава] / Леанiд Раманенка // Навiны Палесся (Столiн). 2006. 17 кастрычнiка. С. 2.
-
Раманенка, Л. Яму да ўсяго сягоння справа : [пра М. У. Шэлехава] / Леанiд Раманенка // ЛіМ. 2006. 17 лістапада. С. 6.
-
Глушакоў, У. Палескі Герадот : [пра М. У. Шэлехава, краязнаўца] / Уладзімір Глушакоў // Рэспублiка. 2006. 14 кастрычніка. С. 10.
-
Карлюкевiч, А. Радзіма бахураў / Алесь Карлюкевiч // Краязнаўчая газета. 2005. № 29 (жнiвень). С. 6.
-
Мірановіч, В. Залатыя іх гады : [пра 50-годдзе сумеснага жыцця М. У. і Н. А. Шэлехавых] / В. Мірановіч // Навіны Палесся (Столін). 2003. 11 лістапада. С. 2.
-
Дзякуй! : [падзяка грамадскасці Давыд-Гарадка, настаўнікам Н. А. і М. У. Шэлехавым ад родных загінуўшых за вызваленне горада] / Мікалай, Віктар і Аляксандр Гальцовы, М. Усцінаў і інш. // Навіны Палесся (Столін). 1985. 18 мая.
-
Мірановіч, В. Іх багацце – кнігі : [пра хатнюю бібліятэку настаўнікаў Н. А. і М. У. Шэлехавых з Давыд-Гарадка] / В. Мірановіч // Навіны Палесся (Столін). 1980. 2 верасня.
-
Шелехов, М. В. За веру и волю : памяти героев Освободительной борьбы Белой Руси против уничтожения Православия в XVI–XVIII веках посвящается / М. В. Шелехов ; [науч. ред. П. Ф. Лысенко] ; Общественное объединение «Туровское научно-просветительское общество». – 2-е изд., испр. – Минск : А. Н. Вараксин, 2013. – 103 с.
-
Шэлехаў, М. Давыд-Гарадок. Час і людзі / Міхаіл Шэлехаў ; [прадмова П. Лысенкі]. – Брэст : Брэсцкае ўпраўленне па друку, 2000. – 304 с. : [8] л. іл.
-
Шелехов, М. В. Забытое княжество Городецкое : [история г. Давыд-Городок] / М. В. Шелехов // Деды : дайджест публикаций о белорусской истории. Минск, 2012. С. 135–145.
-
Шэлехаў, М. У. Забытае княства : [гісторыя Давыд-Гарадка] / М. У. Шэлехаў ; У складзе Вялікага княства Літоўскага / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч ; Татары на Палессі / М. У. Шэлехаў ; У складзе Рэчы паспалітай / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч ; Століншчына ў ХVІ–ХVІІІ стагоддзях / М. У. Шэлехаў // Памяць. Столінскі раён. С. 49–70.
-
Шэлехаў, М. У. У складзе Расійскай імперыі ; Паўстанне 1863–1964 гадоў / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч ; На мяжы двух стагоддзяў / М. У. Шэлехаў, М. П. Бразоўскі, Ю. С. Юркевіч ; Адукацыя, культура, грамадскае будаўніцтва / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён. С. 72–82.
-
Шэлехаў, М. Забытае княства / Міхаіл Шэлехаў // Берасцейскія карані ’98 : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1998. С. 140–159.
-
Шелехов, М. Школа Победы : [о 70-летии СШ № 2 г. Давид-Городка] / Михаил Шелехов // Навiны Палесся (Столiн). 2014. 31 кастрычнiка. С. 8.
-
Шелехов, М. Давид-Городок: накануне 900-летия : [аб падрыхтоўцы святкавання юбілея горада] / Михаил Шелехов // Народная трыбуна. 1998. 14 лютага.
-
Шэлехаў, М. Школе – 40 гадоў : [пра гісторыю СШ № 2 г. Давыд-Гарадка] / М. Шэлехаў // Навіны Палесся (Столін). 1984. 20 лістапада.