11 ліпеня 2018 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Вольгі Сцяпанаўны Захаравай (1908–1981), заслужанай артысткі БССР (1955)
Вольга Сцяпанаўна Захарава нарадзілася 11 ліпеня 1908 г. у г. Яршове Саратаўскай губерні (Расія) у сям’i чыгуначнiка. Рана страціла бацьку. Скончыла тэатральную студыю «Пралеткульта» (1927) i была прынята ў трупу першага Саратаўскага рабочага тэатра. Затым скончыла тэатральны тэхнікум (1932). Працавала ў тэатрах гарадоў Саратава, Грознага, Благавешчанска-на-Амуры, Армавіра, Варонежа.
25 ліпеня 2018 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Пятра Аляксандравіча Маркіна (1903–1958), заслужанага артыста БССР (1955)
Пётр Аляксандравіч Маркін нарадзіўся 25 ліпеня 1903 г. у г. Саратаве (Расія) у сям’і рабочага. Скончыў Саратаўскі тэатральны тэхнікум (1924), вучыўся ў актрысы і педагога Марыі Іванаўны Велізарый. У 1926–1929 гг. працаваў у тэатрах розных гарадоў РСФСР.
27 кастрычніка 2017 г. — 50 гадоў з дня прысуджэння калектыву Брэсцкага драматычнага тэатра імя ЛКСМБ прэміі Ленінскага камсамола за спектакль «Брэсцкая крэпасць» (1967)
Брэсцкая крэпасць стала сімвалам мужнасці савецкіх салдат на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Беларускі драматург Кастусь Губарэвіч (1907–1987) у 1949 годзе напісаў п’есу ў 3 актах 8 карцінах «Цытадэль славы», якая распавядала аб гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года. Гэта быў адзін з першых мастацкіх твораў аб героях-абаронцах крэпасці. П’еса была пастаўлена рэжысёрам Канстанцінам Мікалаевічам Саннікавым у Беларускім драматычным тэатры імя Янкі Купалы. Прэм’ера адбылася 4 кастрычніка 1950 года. Аднак спектакль аказаўся незаўважаным крытыкамі і гледачамі, праз некалькі прадстаўленняў быў зняты з рэпертуару.
25 снежня 2017 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Таццяны Піліпаўны Заранок (1917–2007), драматычнай актрысы, народнай артысткі БССР (1967)
Таццяна Піліпаўна Заранок нарадзілася 25 снежня 1917 года на ст. Васілевічы Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер горад Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці) у сям’і чыгуначніка. З 1930 года вучылася на драматычных курсах у Мінску, дзе выкладчыкам быў Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч, які раскрыў талент юнай артысткі. Пасля заканчэння курсаў у 1931 годзе была накіравана ў Віцебск у Беларускі другі дзяржаўны тэатр, дзе працавала і вучылася. У 1933 годзе скончыла студыю БДТ-2, педагогамі былі М. А. Міцкевіч, А. К. Ільінскі.