2025 г. — 500 гадоў з часу першага пісьмовага ўзгадвання в. Жыдча (Пінскі р‑н; 1525)
Вёска Жыдча Хойнаўскага сельсавета Пінскага раёна Брэсцкай вобласці мае багатую гісторыю. У пачатку XVI ст. Жыдча ў Пінскім княстве. Князь Фёдар Яраслававіч перадаў тут зямлю залатару пінскаму Цімафею Дзмітравічу, што ў 1525 г. было пацверджана граматай каралевы Боны Сфорцы. Гэта дата лічыцца першым пісьмовым узгадваннем Жыдчы.
7 студзеня 2025 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Антона Сцяпанавіча Ткачука (1945–2015), першага дырэктара саўгаса «Днепра-Бугскі» Кобрынскага раёна
Антон Сцяпанавіч Ткачук нарадзіўся 7 студзеня 1945 г. у в. Жыдча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці Ганна Еўдакімаўна і бацька Сцяпан Іванавіч працавалі паляводамі ў калгасе імя Свярдлова. Рана да сялянскай працы прывык і Антон. Сцяпан Іванавіч — былы франтавік, любіў ваенныя песні, часта сам спяваў іх, гэтую ўлюбёнасць перадаў і сыну. Калі Антону споўнілася пяць гадоў, бацька купіў яму гармонік. Музыка хлопцу давалася лёгка, у дзесяць гадоў яго ўжо запрашалі іграць на танцах. Вучыўся Антон у Хойніцкай сярэдняй школе Пінскага раёна, да якой прыходзілася дабірацца восенню і вясной на веласіпедзе, а зімой — на лыжах.