2025 г. — 300 гадоў з часу будаўніцтва Праабражэнскай царквы ў в. Хмелева (Жабінкаўскі р-н; 1725), помніка народнага драўлянага дойлідства
Вёска Хмелева Жабінкаўскага раёна ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў ХVI ст. як маёнтак у Берасцейскім старостве ВКЛ. На захадзе, непадалёк ад Хмелева, на могілках у 1725 г. быў узведзены з дрэва уніяцкі храм у гонар Праабражэння Гасподняга.
2025 г. — 560 гадоў з часу першага пісьмовага згадвання Свята-Спаскага жаночага манастыра ў г. Кобрыне (1465), помніка архітэктуры барока
Спаскі манастыр г. Кобрына — найбольш старажытны помнік праваслаўнага царкоўнага будаўніцтва, адно з найстаражытнейшых мясцін Беларусі. Размешчаны на левым беразе р. Мухавец. Да нашых дзён захаваўся келейны двухпавярховы манастырскі корпус (вул. 17 Верасня, 11).
2021 г. — 40 гадоў з часу выяўлення святой крыніцы ля в. Вяжное Пружанскага раёна (1981), помніка прыроды
Побач з вёскай Вяжное Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці працякала невялічкая рачулка Кубанька. Была яна такая вузенькая, што мясцовыя жыхары жартам называлі яе Пераплюйкай. Але прыйшоў час і па рэчышчы Кубанькі вырашылі пракласці меліярацыйны канал. Калі пракладвалі яго ў 1981 г., у адным з месцаў з-пад каўша экскаватара ўвысь ускінуліся некалькі магутных трохмятровых фантанаў вады. Пасля напор вады аслабеў, а каб засцерагчы гэтую ваду ад іншай, было ўстаноўлена бетоннае кальцо.