Спадчына: Народны хор Брэсцкага Палаца культуры прафсаюзаў
Аўторак, 13 Люты 2018 10:18
23 кастрычніка 2018 г. — 60 гадоў з часу заснавання народнага хору Брэсцкага Палаца культуры прафсаюзаў (1958)
У Брэсце пры абласным савеце прафсаюзаў 23 кастрычніка 1958 года быў створаны самадзейны харавы калектыў. У гэты дзень адбылася першая рэпетыцыя, на якую прыйшлі 70 чалавек рознага ўзросту. Арганізатар і мастацкі кіраўнік хору — Альфрэд Шутаў, пад яго кіраўніцтвам калектыў дасягнуў значнага выканальніцкага майстэрства. У хор пасля адпаведнага праслухоўвання ўліваліся людзі розных прафесій — муляры, ткачыхі, прадаўцы, медсёстры. Напачатку ў калектыве было каля 30 чалавек, сярод іх Зінаіда Долган, Яўгенія Давідовіч, Ірына Шах, Яўген Повад, Марына Бяссілка, Таццяна Канаплёва, Надзея Барысава і інш. Шмат выступалі па Брэсцкай вобласці: бадай, не было калгаса ці саўгаса, дзе б яны не выступілі.