Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Ткачук Антон Сцяпанавіч

Саўгас «Днепра-Бугскі» Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці быў створаны на меліяраваных землях 17 лютага 1981 г. Сваім нараджэннем саўгас абавязаны спецыялістам і рабочым ПМК-52 і ПМК-57. Агульная зямельная плошча гаспадаркі складала 8086 га, з якіх 5533 — меліяраваныя.

Антон Сцяпанавіч Ткачук нарадзіўся 7 студзеня 1945 г. у в. Жыдча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці Ганна Еўдакімаўна і бацька Сцяпан Іванавіч працавалі паляводамі ў калгасе імя Свярдлова. Рана да сялянскай працы прывык і Антон. Сцяпан Іванавіч — былы франтавік, любіў ваенныя песні, часта сам спяваў іх, гэтую ўлюбёнасць перадаў і сыну. Калі Антону споўнілася пяць гадоў, бацька купіў яму гармонік. Музыка хлопцу давалася лёгка, у дзесяць гадоў яго ўжо запрашалі іграць на танцах. Вучыўся Антон у Хойніцкай сярэдняй школе Пінскага раёна, да якой прыходзілася дабірацца восенню і вясной на веласіпедзе, а зімой — на лыжах.