Галіна Іванаўна Ліс нарадзілася ў 1964 годзе ў пасёлку Багданаўка Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Гомельскі кааператыўны інстытут. Працавала на баранавіцкіх прадпрыемствах. Зараз з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам. Піша вершы на рускай і беларускай мовах. Друкавалася ў баранавіцкай газеце “Наш край”, альманаху “Гоман”, калектыўных зборніках “Дыханием единым”, “Паэзія 2010” і “Паэзія 2011”. З друку выйшлі яе кнігі вершаў: “Пускай душа моя для вас заговорит” (2008), “Васильковые грёзы” (2010), “Золотые рассветы мои…” (2013), “Цветная музыка души”, “Когда не рядом я…” і “Пацеркі лёсу”. Галіна Іванаўна з’яўляецца членам літаратурнага аб’яднання “Ліра” і членам народнага клуба “Ваганты”. Захапляецца жывапісам.
З нагоды выдання кнігі Міхася Маліноўскага “Васільковыя мроі : Галіна Ліс. Жыццё і творчасць” і дня нараджэння паэткі ў бібліятэцы сабраліся сябры творцы, баранавіцкія паэты, творчая інтэлегенцыя горада. На мерапрыемства былі запрошаны студэнты навучальных устаноў. Дырэктар ДУК “ЦБС г. Баранавічы” Таццяна Аляксандраўна Рудкоўская шчыра павіншавала Галіну Іванаўну. Потым — слова аўтара пра свае сустрэчы з гераіняй кнігі, пра іх падарожжы па літаратурных мясцінах баранавіцкага краю і Беларусі.
Шматлікія вершы Г. Ліс пакладзены на музыку. Удзельнікі хору “Ветеран” уключылі іх у свой рэпертуар, падчас сустрэчы прагучала некалькі песен.
Сама паэтка, сумесна з бардам Сяргеем Карповічам, некалькі гадоў таму стварыла дуэт “Залаты світанак”. Выступленні гэтага дуэта карыстаюцца нязменным поспехам на творчых сустрэчах у навучальных і культурных установах горада. У выкананні дуэта прагучала літаратурна-музычная кампазіцыя “Поры года”. Творца ўмее бачыць хараство прыроды ў розныя поры года: чуць цішыню, любавацца нябеснай сінню лета, золатам восені, лірыкай вясны, белым убраннем зімы. І самае галоўнае, яна можа выказаць гэтую прыгажосць у словах і музыцы.
Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Акрамя вершаў Галіна Іванаўна піша карціны. Некалькі яскравых кветкавых нацюрмортаў было прадстаўлена на кніжнай выставе “Паэзія – душы выратаванне”.
На заканченне сустрэчы адбылася фотасесія з сябрамі і паплечнікамі па творчай працы. Кожны жадаючы меў магчымасць узяць аўтограф у Галіны Іванаўны.
Алена Аляксандраўна Камарова, метадыст І кат. аддзела метадычнай і аналітычнай работы ЦГ імя В. Таўлая.