20 верасня супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, на чале з дырэктарам Стрыжэвіч Аленай Якаўлеўнай, прымалі ўдзел у традыцыйных паэтычных чытаннях «Бабіна лета з Нінай Мацяш», якія штогод праходзяць на радзіме паэткі ў г. Белаазёрску. Як і заўсёды, сёлетняя сустрэча сабрала шматлікіх гасцей, сяброў і прыхільнікаў творчасці Ніны Язэпаўны. На юбілейнае спатканне прыехалі вядомыя пісьменнікі: Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, Раіса Баравікова. З цеплынёй і павагай узгадвалі яны пра сваё сяброўства і творчыя стасункі з юбіляршай. Намеснік старшыні ГА СБП, паэт і празаік Усевалад Сцебурака павіншаваў гасцей са святам паэзіі, адзначыўшы сімвалічным выхад да гэтай падзеі юбілейнага дзясятага нумара абласнога літаратурнага альманаха «Жырандоля», ініцыятарам і складальнікам якога ў свой час выступіла Ніна Язэпаўна. Дапоўнілі мінскі творчы дэсант пісьменнік і літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч, паэт і журналіст Міхась Скобла, паэтка Вера Буланда і іншыя. Берасцейскую творчую супольнасць прадстаўлялі пісьменнікі і творчая грамадскасць нашага рэгіёна: Мікола Аляхновіч, Мікола Пракаповіч, Зінаіда Дудзюк, Лявон Валасюк, Сяргей Амяльчук, Яўген Бяласін, Святлана Варонік, Марыя Новік, Ганна Карпук і іншыя. На святочнай вечарыне гучалі вершы Ніны Мацяш, а таксама песні з музычна-паэтычнага альбома «Бэзавая завіруха». Госці і ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць наведаць і пакласці кветкі на магілу пісьменніцы, папрысутнічаць на ўрачыстым малебне ў памяць аб ёй, азнаёміцца з творчай спадчынай Ніны Язэпаўны ў Белаазёрскай гарадской бібліятэцы, якая з 2010 г. ганарова носіць імя паэткі. Дарэчы, менавіта дзякуючы руплівасці і плённай працы яе загадчыцы Тамары Кузняцовай і настаўніцы мясцовай гімназіі Галіны Скарына, штогод і ладзяцца паэтычныя чытанні, збіраючы з кожным разам усё большую колькасць прыхільнікаў творчай спадчыны Ніны Язэпаўны. Падчас сустрэчы Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага прыняла ў дар ад баранавіцкага паэта Аляксея Белага яго новую кнігу вершаў і эсэ «Жыві, дзе ўдосталь ветру...» і кнігу вершаў «Хвіля» Віславы Шымборскай у перакладзе Ніны Мацяш на беларускую мову, падораную Белаазёрскай гарадской бібліятэкай. Таксама аўтографы ў сваіх кнігах чытачам і супрацоўнікам Брэсцкай абласной бібліятэкі пакінулі Раіса Баравікова, Анатоль Вярцінскі, Міхась Скобла і Васіль Жуковіч.
26 верасня ў філіяле Брэскага абласнога краязнаўчага музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» адбылася яшчэ адна сустрэча, прысвечаная жыццю і творчай дзейнасці Ніны Мацяш. Вядучая і адна з арганізатараў вечарыны, руплівіца беларускага мастацкага слова і творчай спадчыны Ніны Мацяш Марыя Новік на пачатку мерапрыемства адзначыла, што некаторыя з асабістых рэчаў роднымі паэткі ласкава перададзены ў дар Музею. Выступоўцы, пісьменнікі Берасцейшчыны: Святлана Варонік, Лявон Валасюк, Мікола Аляхновіч, Мікола Пашкевіч, Ярына Дашына ўзгадвалі асабістыя і творчыя стасункі з Нінай Язэпаўнай, чыталі свае вершы. На вечарыне таксама гучала паэзія юбіляршы ў аўтарскім выкананні і выкананні студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, а навучэнцы Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы аздобілі вечарыну выкананнем твораў музычнай класікі.
Ніна Язэпаўна Мацяш была заўсёды добрым сябрам Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, у сценах якой неаднаразова праходзілі літаратурныя вечарыны з яе ўдзелам. З цеплынёй і павагай мы захоўваем у нашых фондах кнігі Ніны Язэпаўны, у тым ліку са шматлікімі аўтографамі; арыгінальныя фотаздымкі і матэрыялы аб жыцці і творчасці. У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі ў гэтыя дні дзейнічае кніжная выстава «Настальгія па Ніне Мацяш: 75 гадоў з дня нараджэння». Усе жадаючыя могуць азнаёміцца з мастацкімі творамі пісьменніцы, прадстаўленымі асобнымі выданнямі, а таксама калектыўнымі зборнікамі паэзіі. Увага на выставе надаецца і перакладніцкай дзейнасці, літаратурна-крытычным аглядам яе творчасці, успамінам сяброў і паплечнікаў. Тут таксама можна пабачыць арыгінальныя фотаздымкі аўтаркі з вядомымі літаратарамі: Уладзімірам Калеснікам, Янам Чыквіным, Сяргеем Законнікавым і іншымі. Запрашаем усіх жадаючых наведаць кніжную выставу «Настальгія па Ніне Мацяш» і далучыцца да жывога паэтычнага слова нашай вядомай зямлячкі!
Жэлянгоўская Ірына Іванаўна, галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Тэлефон для даведак: +375 162 57 48 79