Чацвер, 03 Сакавік 2022 17:19

Кніжная выстава «Археологический музей „Берестье“. История и современность».

У аддзеле краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі ім. М. Горкага пачала работу кніжная выстава «Археологический музей „Берестье“. История и современность», прысвечаная 50-годдзю заснавання філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

 

Філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея археалагічны музей «Бярэсце» — адзіны ў свеце музей сярэднявечнага ўсходнеславянскага горада. Заснаваны ў 1972 г. у Брэсце, адкрыты для наведвальнікаў у 1982 г. Знаходзіцца на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці на месцы гарадзішча старажытнага Бярэсця. У 1969—81 гг. і ў 1988 г. на месцы гарадзішча археолагамі Інстытута гісторыі АН Беларусі пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук П. Ф. Лысенкі праводзіліся раскопкі. Высокая канцэнтрацыя на параўнальна невялікай тэрыторыі добра захаваных пабудоў дазволіла стварыць унікальны музей. Шматлікія археалагічныя знаходкі XI–XIV стст. Распавядаюць пра эканамічнае,культурнае жыццё старажытнага горада і занятках яго жыхароў. Асновай экспазіцыі музея з'яўляецца археалагічны раскоп, на глыбіні 4 м. знаходзіцца частка рамесніцкага квартала — 28 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў XIII ст., 2 вулічныя маставыя, частакол, рэшткі глінабітных печак. Археалагічная калекцыя налічвае больш за 40 тыс. прадметаў. Унікальнымі знаходкамі з'яўляюцца: шахматны кароль, самшытавы грабеньчык з выразанымі 13 літарамі кірыліцы.

У 2020 г. за актыўную дзейнасць па захаванні нацыянальнага культурнага здабытку і стварэнні абноўленай экспазіцыі «Археалагічны музей «Бярэсце» быў удастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне».

Кніжная выстава «Археологический музей «Берестье». История и современность» знаёміць з гісторыяй і сучасным станам музея. На экспазіцыі прадстаўлены выданні: П. Ф. Лысенко «Берестье» (Мінск, 1985) і «Открытие Берестья» (Мінск, 2007), «Древнее Берестье: археологический музей» (Брэст, 2011), А. Гладыщук «Замок Берестейский» (Гродна, 2017, 2018, 2019), А. В. Воробей «Город и замок Брест Литовский» (Брэст, 2018) і інш. Сярод дакументаў таксама можна ўбачыць энцыклапедычныя выданні, артыкулы з газет і часопісаў, буклеты, паштоўкі.

Экспазіцыя будзе дзейнічаць на працягу сакавіка.

 

 

 

Аддзел краязнаўства

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 763 разоў Апошняя змена Серада, 09 Сакавік 2022 12:25