17 верасня 2022 г. у 11:00 у аддзеле краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбудзецца прэзентацыя кніжнай выставы «Уладзімір Калеснік: шлях праз эпоху», прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння самабытнага вучонага, пісьменніка, мастака.
На выставе прапануюцца творы Уладзіміра Калесніка, якія распавядаюць пра славутыя постаці нацыянальнай літаратуры і культуры — Францішка Скарыну, Міколу Гусоўскага, Янку Купалу, Максіма Танка, Янку Брыля, Уладзіміра Караткевіча і многіх іншых творцаў. Сярод кніг — даследаванні пра «беларускую Атлантыду»: літаратуру пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Экспануюцца і матэрыялы пра навуковую дзейнасць Уладзіміра Калесніка, якія даюць уяўленне пра шматгранную і плённую працу даследчыка.
На выставе таксама прадстаўлены кнігі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, якія пакінулі Уладзіміру Калесніку свае аўтографы (выданні з хатняй бібліятэкі У. Калесніка).
Экспануюцца некаторыя фотаздымкі У. Калесніка, а таксама ягоныя творы разьбы па дрэве.
Да ўвагі — і кнігі берасцейскіх пісьменнікаў, якія сталі лаўрэатамі абласной літаратурнай прэміі імя У.А. Калесніка.
Кніжная выстава «Уладзімір Калеснік: шлях праз эпоху» запрашае да асэнсавання творчых здабыткаў геніяльнага творцы беларускай зямлі, запрашае да асэнсавання творчых стасункаў людзей розных пакаленняў.
У рамках святочных мерапрыемстваў да 100-годдзя Уладзіміра Калесніка 27 верасня 2022 г. адбудзецца прэзентацыя віртуальнага рэсурса «Уладзімір Калеснік—чалавек Адраджэння».
Таксама да канца года запрашаем аматараў і прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Калесніка на павольныя чытанні кніг «Доўг памяці», «Я з вогненнай вёскі…».
Калектыўныя заяўкі да ўдзелу ў чытаннях прымаюцца па телефоне: +375 162 57 48 79
Аддзел краязнаўства