Панядзелак, 05 Чэрвень 2023 16:53

Удзел Брэсцкай абласной бібліятэкі ў III Форуме медыйнай супольнасці Беларусі

 

 2 чэрвеня Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага прыняла ўдзел у працы III Форума медыйнай супольнасці Беларусі, у рамках якога адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XIX Нацыянальнага конкурса «Залатая літара».

 У межах Форуму супрацоўнікі бібліятэкі прапанавалі гасцям і наведвальнікам выставачную экспазіцыю, прысвечаную Брэсцкай Бібліі і 470-годдзю з заснавання першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарні, а таксама выставу «СМИ # 1 регион».

 Рэдакцыі газет Брэсцкай вобласці выхавалі не адно пакаленне журналістаў, чые імёны добра вядомы ў Беларусі. Аб’ектыўнасць, талерантнасць, камунікабельнасць, аператыўнасць і інтэлектуальнасць — гэтыя якасці ўласцівыя журналістам Берасцейшчыны. Сёння ў СМІ Першага рэгіёна працуюць высокапрафесійныя спецыялісты, многія рэспубліканскія выданні маюць сваіх ўласных карэспандэнтаў.

 Першы раздзел выставы «СМИ # 1 регион» пазнаёміў з гісторыяй развіцця друкаванага слова на Берасцейшчыне ў кнігах, а таксама з публікацыямі з розных газет. Раздзел распачынаўся ўнікальнай энцыклапедыяй «Брэст 1000» (Мн., 2019) і яе папярэднікам — энцыклапедычным даведнікам «Брэст» (Мн., 1987). Выданні пазнаёмілі з рознымі аспектамі жыцця рэгіёна, у т. л. з гісторыяй друкаванага слова Брэстчыны і адной са старэйшых газет вобласці — «Заря».

 У фондах Брэсцкай абласной бібліятэкі газета «Заря» захоўваецца з 1946 г. да цяперашняга часу. На сучасным этапе супрацоўнікамі бібліятэкі вядзецца актыўная праца па алічбоўцы падшывак газеты за розныя гады. На выставе ў прысутных была магчымасць пагартаць падшыўку газеты за 1946 год. Сёння «Заря» з’яўляецца лідэрам сярод друкаваных СМІ вобласці і штогод перамагае ў розных конкурсах, у т. л. і Нацыянальнам конкурсе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь «Залатая літара».

 Вехі развіцця СМІ Берасцейшчыны таксама былі адлюстраваны ў кнігах «Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Брэста» (Мн., 2021), зборніках журналісцкіх публікацый «Брэстчына вачамі журналістаў» (Брэст, 2005) і «Нашчадкам слова застанецца» (Брэст, 2001). Публікацыі з архіваў газет, а таксама лёсы брэсцкіх журналістаў апісаныя ў кнігах ветэранаў абласной журналістыкі: Уладзіміра Турава «След» (Брэст, 2010), Георгія Тамашэвіча «Журналистские будни» (Брэст, 2014) і Міколы Панасюка «Дыялог на мяжы стагоддзяў» (Мн., 2000). Раздзел таксама знаёміў з анталогіямі публікацый, прысвечаных юбілейным датам раённых газет і са зборнікамі конкурсных прац пераможцаў штогадовага спаборніцтва сярод журналістаў Брэсцкай вобласці.

 Кожны год на конкурс «Залатая літара» прадстаўнікі брэсцкіх СМІ дасылаюць лепшыя матэрыялы, якія дэманструюць высокі ўзровень прафесіяналізму. Гэтыя публікацыі атрымліваюць грамадскае прызнанне, уздымаюць важныя пытанні сацыяльна-эканамічнага, палітычнага, культурнага жыцця рэгіёна. Асобны раздзел выставы пазнаёміў прысутных з пераможцамі і лаўрэатамі конкурса ў розных катэгорыях і намінацыях за апошнія 10 гадоў.

 Знакавай падзеяй для нашага рэгіёна ў вобласці журналістыкі стала атрыманне гран-пры конкурса. Так ў 2017 г. лаўрэатам гран-пры ў намінацыі «Лепшы творчы праект года» стаў праект Аляксандра Валковіча «Астрамечаўскi рукапiс». Сваёй мастацкай каштоўнасцю альманах заслужыў высокую адзнаку журы. Выстава прадставіла асобныя выпускі алманаха, а таксама кнігі пісьменніка і журналіста Аляксандра Валковіча.

 Першай раёнкай Брэстчыны, якая атрымала гран-пры, стала газета «Навіны Камянеччыны» ў 2019 г. за праект «Камянеччына на старых фота» ў намінацыі «Лепшы творчы праект года». На працягу 3-х гадоў штотыдзень газета, сумесна з аўтарам праекта «Стары Камянец» Андрэем Асташэняй, публікавала старыя фатаздымкі г. Камянца і Камянецкага раёона. У 151 нумары газеты было надрукавана 700 лепшых фатаздымкаў.

 За часы існавання конкурса «Залатая літара» Брэсцкая вобласть шырока прадстаўлялася на рэспубліканскім узроўні ў катэгорыі «Персанальныя намінацыі».

 Кніжная выстава «СМИ # 1 регион» адлюстравала найбольш знакавыя для Берасцейшчыны прозвішчы і намінацыі. Так пераможцам ў 2013 г. у намінацыі «Лепшы аглядальнік» стала Святлана Яскевіч — уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Брэсцкай вобласці. Лаўрэатам ў 2018 г. у намінацыі «Лепшы рэпарцёр» — уласны карэспандэнт газеты «Советская Белоруссия» па Брэсцкай вобласці Павел Лосіч. Пераможцам ў 2021 г. у намінацыі «Лепшы фотакарэспандэнт» стаў Вадзім Якубёнак, фотакарэспандэнт «БелТА» па Брэсцкай вобласці.

 У рэгіёне заўжды актыўна развівалася аўтарская журналістыка, у друкаваных СМІ ўводзіліся калонкі рэдактара. Так пераможцам ў 2022 г. у намінацыі «Лепшы рэпарцёр» стала галоўны рэдактар баранавіцкай газеты «Наш край» Ірына Сасніна. Лаўрэатам 2020 г. у намінацыі «Лепшы аналітычны матэрыял» стаў карэспандэнт раённай газеты «Кобрынскі веснік» Дзмітрый Бялоў за аўтарскі праект «Дыхание бездны».

 Асабліва прыемна, калі ўзнагароды ўручаліся ветэранам. Ураджэнец Бярозаўскага раёна, адзін са старэйшых журналістаў рэспублікі Міхаіл Шыманскі ў 2022 г. стаў лаўрэатам «Залатой літары» у намінацыі «Лепшы матэрыял культуралагічнай, гісторыка-краязнаўчай тэматыкі» за цыкл публікацый ў бярозаўскай газеце «Маяк» — праект «Усюды была вайна».

 У розныя гады пераможцамі і лаўрэатамі конкурса станавіліся асобныя прадстаўнікі і аўтарскія калектывы газет «Полесская правда» (Пінскі рён), «Навіны Палесся» (Столінскі раён), «Раённыя будні» (Пружанскі раён); газеты «Лунінецкія навіны», «Ляхавіцкі веснік», «Івацэвіцкі веснік». І, безумоўна, гэта толькі невялікая частка ўсіх пераможцаў.

 Зямля Берасцейская… Яе гісторыя знакаміта людзьмі, падзеямі, справамі. Ад журналісцкага прафесіяналізму, умення і адказнасці залежыць веданне і памяць народа аб падзеях, якія адбываюцца на тэрыторыі нашай краіны і ў нашым слаўным Першым рэгіёне.

 Супрацоўнікі і чытачы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага шчыра віншуюць нашых землякоў, сёлетніх пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара» — рэдакцыю раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» (гран-пры за лепшы творчы праект года сярод абласных, раённых, гарадскіх, карпаратыўных друкаваных СМІ, інфармацыйных агентстваў, сеткавых выданняў) і дырэктара-галоўнага рэдактара КУІП «Рэдакцыя Брэсцкай абласной газеты “Заря”» Ігара Гетмана (намінацыя «Лепшы аналітычны матэрыял»).

 

 

 Аддзел краязнаўства

+375 162 57 48 79