Серада, 06 Верасень 2023 16:04

Мая зямля — маё натхненне. # 1 рэгіён

2–3 верасня Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага прыняла ўдзел у святкаванні юбілейнага XXX Дня беларускай пісьменнасці ў г. Гарадку Віцебскай вобласці. Супрацоўнікамі аддзела краязнаўства была падрыхтавана разгорнутая кніжная экспазіцыя, якая пазнаёміла гасцей свята з найбольш значнымі праектамі брэсцкіх выдавецтваў за апошнія 30 гадоў: кнігамі мясцовых аўтараў, выданнямі прысвечанымі гісторыка-культурнай спадчыне Брэсцкай вобласці і асобных гарадоў рэгіёна.

Першы раздзел выставы распачынаўся адметнымі кніжнымі навінкамі выдавецтва «Белкартаграфія»: «Брэст на старадаўніх картах і планах» і атласам «Брэст і наваколле ад старажытнасці да сучаснасці», а таксама арыгінальным аўтарскім даследваннем архітэктара-рэстаўратара Мікалая Ўласюка «Исторіческая топонимія Кобринскаго форштандта кръпости Брестъ-Літовскъ». У раздзеле было прадстаўлена шэраг значных для Брэсцкага рэгіёна кніг, якія выходзілі да юбілею нашага горада, сярод іх: энцыклапедыя «Брэст. Брест. Brest. 1000»,  «Брест 1000. Истоки. Судьба. Наследие», трэцяя частка навукова-папулярнай манаграфіі краязнаўцы-гісторыка А. Гладышчука «Замок Берестейский». Гістарычную тэматыку працягвалі кнігі, прысвечаныя гісторыі Брэсцкай крэпасці і падзей, звязаных з ёй: «Брестская крепость. Война и мир» і адно з апошніх перавыданняў кнігі «Бестская крепость» пісьменніка і гісторыка С. Смірнова; зборнікі дакументаў і матэр’ялаў Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці, пачынаючы з 1939 г. да 1953 г.; мемуары-замалёўкі мастака-дакументаліста Ўладзімра Губенкі «Брест моей памяти: 30–60-е годы XX ст.», а таксама падарунак абласной библіятэцы з подпісам архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана «Бестская епархия: история и современность». Асобна былі адзначаныя выданні, прысвечаныя знакамітым ураджэнцам Берасцейшчыны: двойчы герою Сацыялістычнай працы, былому старшыні калгаса «Советская Белоруссия» Уладзіміру Бядуле, касманаўту, двойчы Герою Савецкага Саюза Пятру Клімуку і доктару эканамічных навук, былому старшыні СВК «Астрамечава» Аляксею Скакуну.

Асаблівай ўвагі гасцей заслугоўвала літаратура, якая знаёміла з гісторыяй развіцця мастацкага слова на Берасцейшчынай: альбом з фатаздымкамі і біяграфіямі мясцовых пісьменнікаў 70-х гг. «Літаратурная Брэстчына», першы літаратурна-мастацкі альманах рэгіёна 1958 г. «Брэст», працы В. Ляшук і Г. Снітко «Літаратурная Берасцейшчына» і «Літаратурная карта Берасцейшчыны», гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя зборнікі, энцыклапедычны даведнік «Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі», літаратурны альманах Брэсцкага аддзялення СПБ «Берасцейская скарбніца», Брэсцкі раённы краязнаўчы альманах «Астрамечаўскі рукапіс» і інш.

Не раз падчас свята гучала імя вядомага вучонага і пісьменніка У. Калесніка, вызначалася яго роля ў развіцці мастацкай літаратуры і літаратуразнаўства на Берасцейшчыне.  Для Берасцейшчыны Калеснік — асоба знакавая. Менавіта ў Брэсце ў 2007 г. была заснавана Літаратурная прэмія імя У. Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта (з тэкстам рашэння можна было азнаёміцца ў № 204 «Национального реестра правовых актов РБ» за 2007 г.). Сёння Прэмія мае досыць багатую гісторыю. Яна налічвае больш за 40 лаўрэатаў. Конкурс на суісканне прэміі ажыццяўляецца па тром намінацыям: проза (у тым ліку драматургія і публіцыстыка), паэзія, дзіцячая літаратура. Прысутныя маглі азнаёміцца з некаторымі кнігамі са збору калекцыі кніг берасцейскіх пісьменнікаў-лаўрэатаў прэміі за ўсе гады яе існавання. Сярод іх такія зоркавыя аўтары, як: Валерый Грышкавец, Зінаіда Дудзюк, Васіль Ласковіч, Міхась Рудкоўскі, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско і Расціслаў і Анатоль Бензярукі, Ніна Мацяш, Аляксандр Валковіч, Надзея Парчук, Мікалай Елянеўскі, Алесь Корнеў, Мікалай Кавалевіч, Мікола Бусько, Анатоль Брытун, Анатоль Шушко, Мікола Антаноўскі і інш. Акрамя таго, на экспазіцыі экспанавалася знакамітае першае выданне і апошняе перавыданне Уладзіміра Калесніка «Я з вогненай вёскі…» (Мінск, 1975), напісаная ў суаўтарстве з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём. На выданні — аўтограф У. Калесніка: „Аддзелу беларускай літаратуры і краязнаўства з пажаданнем поспехаў у прапагандзе ідэй міру, дружбы паміж народамі“.

Шырока на экспазіцыі прадстаўляліся і творчыя праекты Брэсцкай абласной бібліятэкі: матэр’ялы і даклады навукова-практычных канферэнцый «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследванняя», зборнік «Імянныя і геаграфічныя паказальнікі да кніг „Памяць» па Брэсцкай вобласці“, часопіс «Бібліёпанарама», шэраг тэматычных і персанальных паказальнікаў — «Юлиан Урсын Немцевич: жизнь и творчество», «Алесь Каско», «Брестский мир: 95 лет со дня подписания», «Брэсцкая унія 1596 года», «Валянціна Іванаўна Локун», «Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч» і інш.

Берасцейшчына не раз прымала Свята беларускага пісьменства на сваіх землях. Кніжнай сталіцай Брэстчыны ў 1998 г. быў г. Пінск, у 2005 г. — г. Камянец, у 2011 г. — г. Ганцавічы і ў 2018 г. — г. Іванава. Сярод кніг, якія знаёмілі з агульным, эканамічным і культурным развіццём пералічыных гарадоў: «Песні Белавежы: Камянеччына літаратурная», «Паміж Бобрыкам і Ланню: Ганцаўшчына літаратурная», «Города и районы Берестейщины: история и современность. Ивановский район». Цікавымі і ўнікальнымі фатаздымкамі 1923–1939 гг. са збору Музея Беларускага Палесся ў Пінску ілюстравана кніга «Вандроўкі па Палессі» выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі». Асаблівай увагі заслугоўвалі грунтоўныя фотаальбомы і выданні, прысвечаныя сваеасаблівым сімвалам гэтых рэгіёнаў — нацыянальнаму парку Белавежская пушча ў Камянецкім раёне і знакамітаму ўраджэнцу Іванаўскага раёна — мастаку, літаратару і кампазітару Напалеону Орда.

Прыемна адзначыць, што ў наступным годзе Дзень беларускага пісьменства мы зноўку будзем сустракаць на Берасцейшчыне, у горадзе Івацэвічы. Шчыра запрашаем усіх жадаючых наведаць аддзел краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі і азнаёміцца са шматлікімі кніжнымі выданнямі, прысвечанымі сталіцы Дня беларускага пісьменства-2024.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 500 разоў Апошняя змена Чацвер, 07 Верасень 2023 14:53