Дні святкавання ў праваслаўных ад Ражства Хрыстова да Вадохрышча — з 7 па 19 студзеня (з 25 снежня па 6 студзеня ў каталікоў) — здаўна лічыліся святымі. У народзе гэты цыкл атрымаў такія назвы, як «каляды», «святыя вечары», «шчодрыкі». Называлі Калядой і саму Калядную куццю, свята Раства Хрыстова.
Напярэдадні святочных дзён аддзел краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага падрыхтаваў выставу «Бог аб'явіўся — Хрыстос нарадзіўся», якая знаёміць чытачоў з традыцыямі святкавання Калядак на Берасцейшчыне.
Калядныя святкаванні ўяўляюць сабой цэлы комплекс абрадаў. Адзін з абрадаў, які захаваўся на Палессі і ўвайшоў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь — «Конікі» у г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна. Падрабязней пра яго можна даведацца ў такіх кнігах, як «Культурнае жыццё Брэстчыны» (Брэст, 2020), «Кветкавы край Беларусі» (Мінск, 2020) і інш. Таксама на экспазіцыі прадстаўлены кніжныя, перыядычныя выданні, дзе адлюстраваны зімовыя абрады, традыцыі, фальклор нашых продкаў: «Зімовыя песні» (Мінск, 1975), «Традиционная культура Беларуси во времени и пространстве» (Мінск, 2013), «Солнцеворот: народный календарь и традиции белорусов» М. Н. Кузьмич(Мінск, 2022) і іншыя. Тэма Каляд не абышла бокам нашых брэсцкіх мастакоў і скульптараў: «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка» (Мінск, 2008), «Палескія былі ў творах Івана Супрунчыка» (Мінск, 2012). Тэатр у сваю чаргу робіць упэўненыя крокі па адраджэнні беларускай батлейкі («Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр» (Мінск, 2001), часопіс «Мастацтва» № 2 за 2019 год). А пра тое, як правільна накрыць на святочны стол раскажа «Энциклопедия Белорусской кухни» (Мінск, 2008) і кніга «Беларуская кухня» А. П. Вашчанкі (Мінск, 2017).
Запрашаем усіх жадаючых азнаёміцца з беларускімі традыцыямі Калядак. Кніжная выстава «Бог аб'явіўся — Хрыстос нарадзіўся» будзе працаваць у аддзеле краязнаўства да канца снежня.
Прыехала Каляда
У вазочку
Да на сівенькім
Канёчку.
Прыехала Каляда
Увечары,
Прывезла дудак
Рэшата.
Паставіла дудкі
На стаўпе,
А сама села
На куце.
Зайграйце, дудкі,
Тоненька,
Скачыце, дзяўчаткі,
Хорашанька.
А вы, хлопчыкі,
Пазірайце,
Сабе дзевачак
Выбірайце.
А вы, дзевачкі,
Гуляйце,
Залаты персцень
Пускайце…
Адзел краязнаўства
+375 162 957 48 79