Чацвер, 06 Сакавік 2025 11:54

«З маленства сілу слова знаю»: да юбілею Зінаіды Дудзюк

З нагоды юбілею таленавітай пісьменніцы і ганаровай чытачкі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Зінаіды Дудзюк у сектары краязнаўства распачала працу кніжная выстава «З маленства сілу слова знаю».

Зінаіда Дудзюк нарадзілася на Браслаўшчыне, з 1968 г. жыве ў Брэсце. Яна скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут і Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве, працавала інжынерам, журналістам, загадчыкам літаратурнай часткі драмтэатра.

Зінаіда Дудзюк з’яўляецца аўтарам лірычных паэтычных зборнікаў, шматлікіх кніг мастацкай і дакументальнай прозы. Яе раманы «Год 1812», «Кола Сварога», «Велясіты», «Слодыч і атрута», «Гонды», «Лаза», «Сотворение» — гэта сапраўдная літаратура на самы розны чытацкі густ. Кніга «Кола Сварога» ў 2008 г. была ўганаравана Літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама. За кнігу ўспамінаў, нарысаў, эсэ «Пара высокага сонца» пісьменніца атрымала ў 2018 годзе Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Публіцыстыка». Пісьменніца выдала таксама некалькі зборнікаў драматычных твораў, упершыню пераклала на беларускую мову камедыю Яна Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман», вядомую казку «Канёк-гарбунок» Яршова. Зінаіда Іосіфаўна сама піша казкі для дзяцей. У 2018 г. яна стала пераможцай абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч» у намінацыі «Дзіцячая літаратура» за кнігу «Незвычайныя прыгоды Бусліка і яго сяброў». У 2019 г. — лаўрэат Прэміі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў намінацыі «Літаратура, журналістыка, крытыка». У 2020 г. за шматгадовую плённую працу, выдатныя дасягненні ў літаратурнай дзейнасці і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння пісьменніцы аб’яўлена Падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь; а ў 2021 г. Зінаіда Іосіфаўна атрымала гран-пры другога рэспубліканскага гумарыстычнага конкурсу «Папяровы бусел». У 2022 г. за кнігу «Паляванне зграяй» на рэспубліканскім конкурсе імя І. Шамякіна «Сэрца на далоні» аўтарка атрымала гран-пры. У 2024 г. на Дне пісьменства ў Івацэвічах Зінаіда Дудзюк таксама атрымала гран-пры рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Жывём, як светлай памяці зарок» імя Яўгеніі Янішчыц за паэтычную кнігу «Пуцявіна». Дзякуючы няўрымслівасці і працавітасці Зінаіды Дудзюк краязнаўчая літаратура папоўнілася кнігамі аб гісторыі некаторых брэсцкіх прадпрыемстваў, гісторыі развіцця лясной гаспадаркі вобласці. Асаблівая цікавасць і любоў пісьменніцы — беларуская (славянская) міфалогія і гісторыя слова. Шэраг кніг прысвечаны гэтым тэмам.

На кніжнай выставе прадстаўлена творчасць Зінаіды Дудзюк, копіі фотаздымкаў з яе асабістага архіва. Многія кнігі падораны самой пісьменніцай, многія пазначаны яе аўтографамі. На выставе можна ўбачыць, што яе біяграфічныя звесткі змешчаны ў самых аўтарытэтных энцыклапедычных выданнях Беларусі, артыкулы аб яе літаратурнай творчасці прадстаўленны ў зборніках матэрыялаў канферэнцый, зборніках навуковых артыкулаў, манаграфіях.

Выстава дзейнічае ў сектары краязнаўства на працягу сакавіка.

Сектар краязнаўства

+375 162 57 48 79

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 6 разоў Апошняя змена Чацвер, 06 Сакавік 2025 12:01