Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі і жахлівы след у людскіх лёсах. Па апошніх звестках падчас акупацыі Беларусь згубіла трэцюю частку свайго насельніцтва. Брэстчына, якая першай прыняла на сябе страшны ўдар ворага, сёння з’яўляецца сімвалам мужнасці і непахіснасці беларускага народа.
Кніжная экспазіцыя знаёміць з мастацкімі і дакументальнымі творамі аўтараў, чый лёс быў звязаны з нашым краем. Гэта творчасць як пісьменнікаў-франтавікоў (М. Засіма, П. Пестрака, В. Таўлая, В. Ласковіча і інш.) — сведкаў той жудаснай вайны, так і творы пісьменнікаў пасляваеннага пакалення (М. Рудкоўскага, Г. Марчука, У. Дамашэвіча, У. Гніламёдава, і інш.). Сярод выданняў прадстаўлены працы з аўтарскімі подпісамі.
Адна з іх — дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі» А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка, якая сёння ўпрыгожвае калекцыю выданняў з аўтографамі абласной бібліятэкі. Акрамя таго, на выставе змешчаны шэраг мастацкіх твораў беларускіх і рускіх пісьменнікаў, прысвечаных Брэсту і гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці. Сярод апошніх – творы А. Махнача, К. Губарэвіча, Б. Васільева і інш. Двухмоўны зборнік паэзіі «Рэха ў граніце» сёння з’яўляецца сваеасаблівым паэтычны летапісам абароны цытадэлі. Асобная паліца выставы знаёміць са знакамітымі ва ўсім свеце кнігамі пісьменніка-франтавіка С. Смірнова.
Сваё адлюстраванне на экспазіцыі знайшлі і працы сучасных аўтараў, іх бачанне і прачытанне тых гістарычных падзей. Напрыклад, серыя «Дзеці вайны» прадстаўлена кнігамі Р. Бензярука і З. Дудзюк. Надзвычай папулярнымі і запатрабаванымі ў чытачоў з’яўляюцца публікацыі пісьменнікаў-журналістаў М. Шыманскага, Р. Бензярука, А. Валковіча і інш.
Супрацоўнікі сектара краязнаўства запрашаюць усіх жадаючых і зацікаўленых азнаёміцца з выставай «Вялікая Айчынная вайна ў творчасці пісьменнікаў Берасцейшчыны», якая будзе працаваць на працягу бягучага месяца.
Сектар краязнаўства
+375 162 57 48 79
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|