Брэсцкая вобласць надзіва прыгожы і гасцінны край, які ацэніць кожны, хто любіць падарожжы і актыўны адпачынак, хто адкрыты для новых уражанняў і цікавіцца гісторыяй. Першародная прырода і багатая гісторыка-культурная спадчына робяць адпачынак разнастайным, цікавым і пазнавальным. Культурная і прыродная спадчына гэтага рэгіёну супернічаюць адзін з адным па сваім багацці, што робіць яго наведванне яшчэ больш займальным.
Нямала захаваных і адноўленых архітэктурных помнікаў уключана ў экскурсійныя маршруты. Сярод самых вядомых турыстычных аб'ектаў — Брэсцкая крэпасць, Камянецкая Вежа, палацавы комплекс у Ружанах, Косаўскі палац, сядзіба Нямцэвічаў, адзіны ў краіне музей касманаўтыкі і многае іншае. Акрамя гэтага, у вобласці нямала ўнікальных мясцін, звязаных з імёнамі вядомых людзей, такіх як Леў Сапега, Мікалай Радзівіл, Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Юльян Нямцэвіч, Напалеон Орда, Пётр Клімук, Аляксандр Сувораў, Якуб Колас, Янка Купала, Пётр Машэраў, Уладзімір Высоцкі і іншыя. Пра асаблівасці гэтых мясцін можна даведацца з кніг: «Замкі, палацы, паркі Брэсцкай вобласці X–XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы)» (Мінск, 2002) Л. М. Несцярчука, «Старинные усадьбы Брестской области» (Минск, 2004) А. Т. Федарука і іншых.
Гісторыя горада Брэста і яго сучаснае развіццё прасочваюцца ў наступных выданнях: «Брест. На перекрестке дорог и эпох» (Брест, 2009), «От Берестья до Бреста из века в век» (Брест, 2004) У. Мароза і В. Ежэлава, энцыклапедычны даведнік «Брест» (Минск, 1987) і інш.
Далёка за межамі краіны вядомы ўнікальны помнік прыроды, аб'ект сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — Нацыянальны парк «Белавежская пушча», самы вялікі лясны масіў Еўропы з шырокімі паляўнічымі ўгоддзямі, які захаваў да нашых дзён сваё дзікае першароднае аблічча і стаў «домам» для самай буйной у свеце папуляцыі зуброў. Таксама на тэрыторыі Нацыянальнага парка размешчана рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза. Гісторыя, асаблівасці развіцця і сучасны стан запаведніка адлюстраваны ў фотаальбоме «Беловежское диво» (Минск, 2017). Кніжныя выданні: Шарай М. «Белавежская пушча» (Мінск, 1990), Семаков В. В. «Были и легенды Беловежской пущи» (Брест, 2014), «Беловежская пуща. Дыхание природы: легенды и были, памятники природы, удивительное и замечательное» (Брест, 2012), «7 чудес Беловежской пущи» (Минск, 2009) і інш.
Акрамя шырока вядомых за межамі вобласці Брэсцкай крэпасці і Белавежскай пушчы, у вобласці ёсць больш за 700 помнікаў з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, такіх, як археалагічны музей «Бярэсце» ў Брэсце (раскоп старажытнаславянскага горада), «Белая Вежа» ў Камянецкім раёне, «Ружанская брама» ў Пружанскім раёне (рэзідэнцыя шляхецкага роду Сапегаў XVIII ст.), музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі і палац графаў Пуслоўскіх XIX ст. насупраць, багаты гісторыка-культурнай спадчынай горад Пінск – «сэрца Прыпяцкага Палесся».
У палескіх вёсках кожны дом — музей, напоўнены творамі мастацтва — тканымі, вышытымі, плеценымі з саломкі, выразанымі з паперы або дрэва, вылепленымі з гліны. Аматарам этнаграфіі і фальклору спадабаюцца Мотальскі музей народнай творчасці ў Іванаўскім раёне, музей «Бездзежскі фартушок» у Драгічынскім раёне, цэнтры ганчарства ў Столінскім раёне і бондарствы ў Іванаўскім і інш.
На выставе прадстаўлены кнігі, буклеты, турыстычныя даведнікі практычна па ўсіх раёнах Брэстчыны. Для тых, хто шмат падарожнічае, яны стануць каштоўнымі крыніцамі інфармацыі па турыстычных маршрутах вобласці.
Усіх, хто зацікаўлены ў вывучэнне славутасцяў Брэсцкай вобласці, запрашаем наведаць кніжную выставу «Сучасная Брэстчына: даведнік для жыхароў і гасцей горада», якая будзе экспанавацца ў сектары краязнаўства да канца года!
Тэлефон для даведак: + 375 162 57 48 79
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|