Пятніца, 20 Люты 2026 00:00

«Дар і талент сапраўднага чалавека»: да юбілею Аляксея Скакуна

Паважаныя чытачы, з 19 лютага 2026 года ў сектары краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага распачала дзейнасць кніжная выстава «Дар і талент сапраўднага чалавека», прысвечаная юбілею вучонага-эканаміста, дзяржаўнага і гаспадарчага дзеяча Аляксея Скакуна.

Нарадзіўся Аляксей Сцяпанавіч у 1946 годзе ў в. Дастоева Іванаўскага раёна. Скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Працаваў у калгасах «Чырвоная Звязда», «Маладая гвардыя», «Дружба» Іванаўскага раёна, намеснікам старшыні Іванаўскага райвыканкама — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, старшынёй калгаса-камбіната «Памяць Ільіча» Брэсцкага раёна. Узначальваў СПК «Астрамечава».

Кандыдат эканамічных навук (1987), прафесар (2000), доктар эканамічных навук (2005), дацэнт (2008). З 1993 года — член-карэспадэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, з 1999-га — акадэмік Інжынернай акадэміі, член-карэспадэнт Міжнароднай інжынернай акадэміі (2000), з 2009 года — член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларускай ССР XI склікання, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь II і III склікання, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі аграпрамысловы саюз».

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2007 года. Аўтар кніг «Ориентир — новые высоты» (Минск, 1986), «АПК курсом ускорения» (Минск, 1988), «Деревенская политэкономия» (Москва, 1990), «Дорога в завтра» (Минск, 1992), «Рапс — культура масляничная» (Минск, 1994), «Право на жизнь» (Минск, 2001), «Единственный выход» (Минск, 2008), «Основные направления совершенствования хозяйственного механизма АПК» (Минск, 2012), «Сравнительная эффективность функционирования сельскохозяйственной отрасли в регионах Беларуси» (Минск, 2012). Аўтар фотаальбомаў «СПК «Остромечево» (Брест, 2006), «Учителю, другу и соратнику в честь 80-летия со дня рождения и 25-летия дружбы» (Брест, 2007) і «Люблю Беларусь» (Минск, 2022).

На экспазіцыі прадстаўлены кнігі прысвечаныя жыццю і дзейнасці юбіляра: «Аляксей Скакун: жыццё і працоўны подзвіг» (Мінск, 2017), Уладзімір Ліпскі «Мужык» (Мінск, 2011), Уладзімір Сітуха «Скакуны» (Брэст, 2005) і інш. Таксама тут можна ўбачыць біяграфічныя звесткі, змешчаныя ў энцыклапедычных выданнях Беларусі, азнаёміцца з працоўнай дзейнасцю Аляксея Сцяпанавіча. Публікацыі аб жыцці і творчасці таксама прадстаўлены артыкуламі краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс» і рэспубліканскіх часопісаў.

Выстава будзе экспанавацца ў сектары краязнаўства да канца лютага і на працягу сакавіка.

Тэлефон для даведак

+375 162 57 48 79

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 70 разоў Апошняя змена Панядзелак, 23 Люты 2026 10:27