Пятніца, 08 Май 2026 14:20

«Перамогу — шануем, герояў — памятаем»: кніжная выстава ка Дню Перамогі

Напярэдадні Дня Перамогі ў сектары краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага распачала працу кніжная выстава «Перамогу — шануем, герояў — памятаем», прысвечаная подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адкрываюць экспазіцыю і знаёмяць з маштабам падзей 1941–1945 гг. у Беларусі агульныя працы і даследаванні сучасных гісторыкаў, энцыклапедычныя выданні, дакументальныя хронікі, а таксама зборнікі архіўных дакументаў, сярод якіх: «За цябе, Беларусь!» (Мн., 2024), «Разам! Вялікая Перамога! » (Мн., 2025), «Брест в 1941—1944 гг. Оккупация» (Брест, 2016) і інш.

Важнае месца на выставе займаюць выданні, прысвечаныя генацыду мірнага насельніцтва ў гады акупацыі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Нашая вобласць спазнала на сабе ўвесь жах нацысцкай палітыкі знішчэння. Экспазіцыя знаёміць з дакументальнымі матэрыяламі расследаванняў, заснаваных на крымінальных справах аб генацыдзе, якія раскрываюць факты масавых расстрэлаў і існавання гета, а таксама з хронікамі спаленых вёсак: «Без срока давности: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Беларусь. Брестская область» (Мн., Москва, 2022), «Забвения не будет. Брестские сёстры Хатыни» (Мн., 2025), «Геноцид на Жабинковщине: нельзя забыть. Нельзя понять. Нельзя оправдать» (Брест, 2024) і інш.

Перамога для Берасцейшчыны — гэта не толькі дата ў календары, але і адноўленыя з попелу гарады, мірнае неба над Бугам і памяць, якая беражліва захоўваецца ў кожным радку нашых пісьменнікаў. На экспазіцыі прадстаўлены шырокі пласт дакументальнай і мастацкай літаратуры, якая дазваляе зірнуць на падзеі ваеннага часу вачыма нашых землякоў. Цэнтральнае месца займаюць творы пісьменнікаў–ураджэнцаў Брэстчыны і тых аўтараў, чыё жыццё і творчасць былі звязаны з нашым краем: В. Ласковіча, М. Цялічкі, М. Засіма, У. Калесніка, М. Купрэева, Л. Філатава і інш. Асобнай паліцай прадстаўлены кнігі, прысвечаныя дзецям - ахвярам вайны.

Асобны раздзел экспазіцыі акцэнтуе ўвагу на баявых шляхах воінаў–абаронцах, малавядомых фактах акупацыйнага рэжыму і партызанскага руху на тэрыторыі заходняга рэгіёна Беларусі. Праз прызму мясцовых выданняў, архіўных зборнікаў і літаратурных твораў нашых землякоў Перамога паўстае як вынік каласальнага напружання сіл менавіта тут, над Бугам і Прыпяццю.

Для Брэстчыны тэма Перамогі мае асаблівае значэнне: менавіта тут, у сценах легендарнай Цытадэлі, вайна пачала свой адлік, і менавіта наша зямля стала сімвалам нязломнай мужнасці беларусаў. З гераічнай абаронай Брэсцкай крэпасці знаёміць апошні раздзел экспазіцыі. Дзякуючы ўнікальным выданням Сяргея Смірнова, мастацкім творам Барыса Васільева і Канстанціна Губарэвіча, кожны змог нанова адкрыць для сябе подзвіг абаронцаў цытадэлі. Раздзел таксама праілюстраваны рэдкімі фотаздымкамі і паштоўкамі, прысвечанымі мемарыялу.

Запрашаем даследчыкаў, студэнтаў і ўсіх неабыякавых да гісторыі малой радзімы пазнаёміцца з фондамі, якія захоўваюць праўду аб подзвігу нашага народа. Выстава «Перамогу — шануем, герояў — памятаем» будзе працаваць у сектары краязнаўства на працягу мая.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3 разоў Апошняя змена Пятніца, 08 Май 2026 14:29