Арганізатарам сустрэчы выступілі спецыяльная бібліятэка-філіял № 12 для людзей са слабым зрокам і Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А. С. Пушкіна.
Паэтка прэзентавала сваю новую кнігу вершаў «Берагі Надзеі». Мерапрыемства праходзіла ў рамках святкавання 10-годдзя са дня адкрыцця спецыяльнай бібліятэкі-філіяла № 12.
Надзея Мікалаеўна – аўтар пяці паэтычных зборнікаў.
У 2006 годзе ў намінацыі «Паэзія» рэдакцыйная калегія часопіса «Гоман» прысудзіла пісьменніцы першае месца – «Залатое пяро».
Паэтка з’яўляецца актыўным членам паэтычнага клуба «Крыніца», які ўжо дзевяць гадоў існуе пры спецыяльнай бібліятэцы-філіяле № 12.
На працягу ўсяго мерапрыемства аўтар распавядала пра сябе, пра свой творчы шлях.
Сябры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прыхільнікі таленту паэтэсы сабраліся сонечным вераснёўскім днём у бібліятэцы імя А. С. Пушкіна.
Шмат цёплых слоў і пажаданняў ў адрас Надзеі Мікалаеўны было сказана калегамі па пяру. Павіншаваць паэтку прыйшлі: намеснік старшыні Брэсцкага аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» – Л. М. Красеўская, Р. М. Бензярук, М. В. Панасюк, Т. А. Дземідовіч, М. С. Якімук, М. М. Трафімчук, С. Ф. Цыплюк, Я. К. Грыгаровіч.
Святочная атмасфера вечара дапаўнялася музычнымі кампазіцыямі навучэнцаў Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р. Шырмы, гурта «Лагуна» (салістка Марына Жыценева), юнай выканаўцы Ангеліны Маляўка.