16 ліпеня 2015 г. у зале краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася творчая імпрэза.
Наш сталы сябар Яўгеніўш Іванец — прафесар, доктар гістарычных навук, вядомы польскі навуковец перадаў у фонд аддзела рэдкую кнігу, якую ён назваў справай свайго жыцця і якая з’яўляецца яго кандыдатскай працай “Z dziejów staroobrzędowców na ziemiach polskich XVII-XX w.” (Warszawa : Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1997). Дырэктар бібліятэкі Тамара Паўлаўна Данілюк з удзячнасцю прыняла падарунак і падзякавала аўтару за даўняе супрацоўніцтва з нашай ўстановай. На мерапрыемстве прысутнічалі супрацоўнікі бібліятэкі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і намеснік начальніка упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Гарбузаў Вячаслаў Іванавіч. Прысутныя мелі магчымасць азнаёміцца з імправізаванай выставай кніг і дакументаў (каля 40 адзінак), падораных аўтарам за гады плённага сяброўства з Брэсцкай абласной бібліятэкай.