Творчасць Яўгеніі Янішчыц (1948—1988) — адна з самых яркіх старонак беларускай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя. Яе высока цаніла крытыка, ёй захапляліся звычайныя чытачы. І сёння, калі беларускае прыгожае пісьменства актыўна шукае новыя шляхі самасцвярджэння, у тым ліку праз наватарства і эксперымент, лірыка Яўгеніі Янішчыц, далёкая ад модных паэтычных павеваў, па-ранейшаму застаецца вяршыннай з’явай нашай літаратуры, кранаючы сэрцы як сталых прыхільнікаў сапраўднай паэзіі, так і моладзі.