Чацвер, 04 Снежань 2014 10:22

ДАТЫ БЕЛАРУСКАГА І КРАЯЗНАЎЧАГА КАЛЕНДАРА - 2015

1055 гадоў з дня нараджэння РАГНЕДЫ (ГАРЫСЛАВЫ) РАГВАЛОДАЎНЫ (у крышч. АНАСТАСІЯ; каля 960, Полацк – каля 1000), полацкай князёўны, асветніцы, дачкі князя полацкага Рагвалода

995 гадоў з часу, калі г. БРЭСТ быў ЗАХОПЛЕНЫ ПОЛЬСКІМ КАРАЛЁМ БАЛЯСЛАВАМ ХРАБРЫМ (1020)

885 – гадоў з дня нараджэння КІРЫЛЫ ТУРАЎСКАГА (мян. ЗЛАТАВУСТ; каля 1130 ці 1113, Тураў – пач. 1190-х), беларускага і ўсходнеславянскага царкоўнага дзеяча ХІІ ст., епіскапа тураўскага, пісьменніка-прапаведніка, святога праваслаўнай царквы

820 гадоў з дня нараджэння МІНДОЎГА (1195 ці каля 1200–1263), заснавальніка і першага вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1253), першага і апошняга караля Літвы (1253–1260)

775 гадоў з часу ўтварэння ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА (ВКЛ; 1240-я – 1795), усходнееўрапейскай феадальнай дзяржавы, якая існавала на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы, а таксама часткова Украіны, Расіі, Латвіі, Польшчы, Эстоніі і Малдовы

665 гадоў з дня нараджэння ВІТАЎТА (мян. ВЯЛІКІ; 1350–1430), вялікага князя ВКЛ (1392–1401), князя гродзенскага (1370–1382), троцкага (1382–1413), аднаго з самых выдатных дзяржаўных дзеячаў ВКЛ

640 гадоў таму КРЫЖАКІ НАПАЛІ на г. КАМЯНЕЦ і яго наваколле (1375)

625 гадоў з часу атрымання г. БРЭСТАМ ГРАМАТЫ НА МАГДЭБУРГСКАЕ ПРАВА, першым з беларускіх гарадоў (1390)

600 гадоў з дня нараджэння ЯНА ДЛУГАША (1415, Польшча – 1480), польскага гісторыка, дыпламата, царкоўнага дзеяча, у працах якога падрабязна апісана гісторыя Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага

555 гадоў таму ў г. БРЭСЦЕ праходзіў СЕЙМ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА (1460)

555 гадоў з дня нараджэння КАНСТАНЦІНА ІВАНАВІЧА АСТРОЖСКАГА (1460, Тураў – 1530), дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, вялікага гетмана літоўскага, военачальніка, мецэната

545 гадоў з часу з’яўлення ЖЫРОВІЦКАГА АБРАЗА МАЦІ БОЖАЙ, адной з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі (1470)

530 гадоў з дня нараджэння ЯНА ВІСЛІЦКАГА (каля 1485–1520), сярэдневяковага літаратара, паэта-лацініста ВКЛ і Польшчы, аўтара гераічнай паэмы «Пруская вайна» (1516)

525 гадоў з дня нараджэння ФРАНЦЫСКА (ФРАНЦІШАКА) СКАРЫНЫ (каля 1490, Полацк – каля 1551), беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, мысліцеля-асветніка, гуманіста, пісьменніка, мастака-графіка, вучонага-медыка, грамадскага дзеяча

520 гадоў таму ў г. БРЭСЦЕ адчынены ПЕРШЫ ШПІТАЛЬ-ПРЫЮТ ДЛЯ БЕДНЫХ, САСТАРЭЛЫХ І ХВОРЫХ (1495)

515 гадоў таму г. БРЭСТ быў РАЗРАБАВАНЫ ВОЙСКАМІ КРЫМСКАГА ХАНА МЭНГЛІ ГІРЭЯ (1500) 

495 гадоў з часу заснавання Ф. Скарынай у доме мецэната Я. Бабіча ВІЛЕНСКАЙ ДРУКАРНІ, першай на Беларусі (каля 1520) 

495 гадоў таму г. БРЭСТ СТАЎ ЦЭНТРАМ ПАВЕТА ў Падляшскім ваяводстве (1520)

485 гадоў з дня нараджэння СЫМОНА БУДНАГА (каля 1530, Беластоцкае ваяв. – 1593), дзеяча беларускай культуры, мысліцеля-гуманіста, філосафа, асветніка, рэлігійнага рэфарматара, філолага, паэта, кнігавыдаўца ВКЛ

485 гадоў з дня нараджэння ЯНА КАХАНОЎСКАГА (1530–1584), польскага паэта эпохі Адраджэння, жыццё і творчасць якога звязаны з Беларуссю

485 гадоў з дня нараджэння ФІЛОНА СЯМЁНАВІЧА КМІТА-ЧАРНАБЫЛЬСКАГА (каля 1530–1587), ваеннага і палітычнага дзеяча ВКЛ, аўтара эпісталярных твораў, якія з’яўляюцца помнікам старажытна-беларускай літаратуры

485 гадоў з дня нараджэння ДАНІЭЛЯ ЛАНЧЫЦКАГА (мян. ДАНІЭЛЯ з ЛАНЧЫЦЫ; каля 1530, Польшча – каля 1600), друкара (Нясвіж, Заслаўе, Вільня), прадаўжальніка традыцый Ф. Скарыны ў кнігадрукаванні на польскай i лацінскай мовах, намаганнямі якога былі выпушчаны «Новы Запавет» (1564, 1570), «Катэхізіс» С. Буднага (1564)

480 гадоў з дня нараджэння БАЗЫЛІКА ЦЫПРЫЯНА (КІПРЫЯНА; 1535(?), Серадз, Польшча – пасля 1600), беларускага і польскага дзеяча культуры, паэта, перакладчыка, кампазітара, кнігавыдаўца 

460 гадоў з часу першага ўпамінання г. СТОЛІНА ў пісьмовых крыніцах (1555) 

455 гадоў з дня нараджэння ЯНА ЛІЦЫНІЯ НАМЫСЛОЎСКАГА (пач. 1560-х, Намыслаў, Польшча – паміж 1633–1636), мысліцеля-гуманіста, дзеяча пратэстантызму ў ВКЛ, пісьменніка, педагога

455 гадоў з дня нараджэння САЛАМОНА ФЁДАРАВІЧА РЫСІНСКАГА (каля 1560, Полацкае ваяв. – 1625), польскага і беларускага паэта-лацініста, педагога, філосафа, фалькларыста-парэміёлага, этнографа, пратэстанцкага дзеяча, першага вядомага навуцы чалавека, які сам сябе назваў беларусам, а сваю краіну Беларуссю

445 гадоў з часу заснавання ВІЛЕНСКАГА ЎНІВЕРСІТЭТА, найстарэйшай навучальнай установы Беларусі і Літвы (цяпер Вільнюскі ўніверсітэт) (1570)

445 гадоў з дня нараджэння СТАФАНА (СІЛЬВЕСТРА) ІВАНАВІЧА ЗІЗАНІЯ (ТУСТАНОЎСКІ; сапр., верагодна, КУКОЛЬ; каля 1570, Львоўская вобл., Украіна – 1600), беларускага і ўкраінскага педагога, пісьменніка-палеміста, царкоўнага прапаведніка

435 гадоў з дня нараджэння ЛЯВОНЦІЯ КАРПОВІЧА (1580, Пінск – 1620), вялікалітоўскага праваслаўнага рэлігійнага дзеяча, які ўзначальваў антыўніяцкае супрацьстаянне ў ВКЛ, стваральніка і першага архімандрыта Віленскага брацкага праваслаўнага манастыра Святога Духа, пісьменніка-палеміста, кіраўніка брацкай друкарні

420 гадоў з дня нараджэння ГІЁМА ЛЕВАСЭР дэ БАПЛАНА (1595 ці каля 1600 – 1673 ці пасля 1675), французскага інжынера-фартыфікатара, ваеннага картографа, які склаў карту «Вялікае Княства Літоўскае і Белая Русь», дзе ўпершыню назва «Беларусь» была вынесена ў загаловак 

410 гадоў з дня нараджэння МАКАРЫЯ ПІНСКАГА (1605–1678), прападобнамучаніка, царкоўнага дзеяча, святога Беларускай Праваслаўнай Царквы

405 гадоў з часу ўзвядзення ЗБІРОЖСКАЙ ЦАРКВЫ ПАРАСКЕВЫ ПЯТНІЦЫ, помніка драўлянага дойлідства рэспубліканскага значэння (в. Збірогі, Брэсцкі р-н; 1610) 

325 гадоў з пачатку дзейнасці СУПРАСЛЬСКАЙ ДРУКАРНІ, якая дзейнічала пры Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры на аснове Свята-Троіцкай віленскай базыліанскай друкарні і выпусціла больш за 420 выданняў (каля 100 – кірылічных), сярод якіх буквары славянскай мовы, першы славяна-польскі друкаваны «Лексікон» (1772) і інш. (Беластоцкае ваяв.; 1690–1803)

315 гадоў з пачатку ПАЎНОЧНАЙ ВАЙНЫ 1700–1721 гг., вайны Швецыі і яе саюзнікаў (у т. л. з Рэччу Паспалітай (РП) 1705–1709) з Маскоўскай дзяржавай і яе саюзнікамі (у т. л. з РП 1700–1705; 1709–1720)

315 гадоў з дня нараджэння ІАГАНА (ЯНА) КРЫШТОФА ГЛАЎБІЦА (1700, Ніжнесілезскае ваяв., Польшча – 1767), беларускага і літоўскага архітэктара, найбуйнейшага прадстаўніка віленскага барока, стваральніка шматлікіх каталіцкіх храмаў на Беларусі

285 гадоў з дня нараджэння МІХАЛА КАЗІМІРА АГІНСКАГА (1730–1800), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, кампазітара, паэта, мецэната

270 гадоў з дня нараджэння МАЦЕЯ ЯКУБАВІЧА БУТРЫМОВІЧА (1745, Пінскі пав. – 1814), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, падстарасты і мечніка Пінскага павета

250 гадоў з пачатку будаўніцтва АГІНСКАГА КАНАЛА, які злучае рэкі Нёман, Шчару, Ясельду, Прыпяць, даўжынёй 54 км (Пінскі, Івацэвіцкі і Ляхавіцкі р-ны; 1765)

245 гадоў з часу заснавання ў г. БРЭСЦЕ СУКОННАЙ МАНУФАКТУРЫ (1770)

240 гадоў з пачатку будаўніцтва ДНЯПРОЎСКА-БУГСКАГА (КАРАЛЕЎСКАГА) КАНАЛА, які злучае рэкі Піну і Мухавец, даўжынёй 244 км (Брэсцкі, Жабінкаўскі, Кобрынскі, Драгічынскі, Іванаўскі і Пінскі р-ны; 1775)

225 гадоў з часу пабудавання ПІНСКАГА ПАЛАЦА М. БУТРЫМОВІЧА, помніка архітэктуры позняга барока, занесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (Пінск; пач. 1790, верагодна, 1794)

225 гадоў з дня нараджэння ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА (1790 ці 1794, ці канец 1799, Полацкі пав. – 1851), беларускага і польскага пісьменніка, фалькларыста, выдаўца, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры

225 гадоў з дня нараджэння АГНЕШКІ ЗДАНОВІЧ (дзяв. КАЧКОЎСКАЙ; каля 1790–1815), польскай актрысы і спявачкі, жыццё і дзейнасць якой былі звязаны з Беларуссю

220 гадоў таму ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай г. БРЭСТ УВАЙШОЎ У СКЛАД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1795)

215 гадоў з дня нараджэння КЕЛЯСЦІНА ІВАНАВІЧА БРЭНА (каля 1800, Брэстчына – 1875), краязнаўца, фалькларыста, этнографа, святара

215 гадоў з дня нараджэння ІГНАТА РЫГОРАВІЧА КУЛАКОЎСКАГА (1800, Пружанскі р-н – 1870), беларускага дзяржаўнага дзеяча, асветніка, педагога, перакладчыка

200 гадоў з дня нараджэння ФРАНЦА (ФРАНЦІШКА) АНДРЭЕВІЧА САВІЧА (псеўд. АДАМ ГЕЛЬГЕТ; каля 1815, в. Вяляцічы, Пінскі р-н – 1845), паэта, публіцыста, удзельніка вызваленчага руху, аднаго з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі, папярэдніка Кастуся Каліноўскага

195 гадоў з часу напісання парадыйна-сатырычнай паэмы «ЭНЕІДА НАВЫВАРАТ», аднаго з першых буйных твораў беларускай літаратуры новага часу, створанага ў пачатку ХІХ ст., аўтарства якой прыпісваюць Вікенцію Равінскаму (каля 1820-х гг.)

190 гадоў з дня нараджэння ФРАНЦІШКА УЛАДЗІСЛАВАВІЧА ЮНДЗІЛА (1825, Слонімскі пав., Гродзенская губ. (цяпер Івацэвіцкі р-н) – 1865), аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. на Беларусі і ў Польшчы

185 гадоў з часу зацвярджэння праекта будаўніцтва імператарам Мікалаем І БРЭСЦКАЙ КРЭПАСЦІ, комплекса абарончых збудаванняў ХІХ – пач. ХХ стст. (1830)

175 гадоў з пачатку існавання ТЭАТРА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА, першага беларускага нацыянальнага тэатра сучаснага тыпу, створанага В. І. Дуніным-Марцінкевічам (Мінск; каля 1840–1850)

160 гадоў з часу напісання сатырычна-гумарыстычнай паэмы «ТАРАС НА ПАРНАСЕ» К. Вераніцыным (паводле асобных даследчыкаў з удзелам Э. П. Вуля), помніка беларускай літаратуры ХІХ ст. (1855) 

160 гадоў з часу заснавання ў г. БРЭСЦЕ ЧАТЫРОХ ТЫТУНЁВЫХ МАНУФАКТУР (1855–1914)

155 гадоў з часу заснавання ў г. БРЭСЦЕ ЯЎРЭЙСКАЙ БАЛЬНІЦЫ (1860)

150 гадоў з часу заснавання ў г. БРЭСЦЕ ЧАТЫРОХКЛАСНАЙ ПРАГІМНАЗІІ (зараз у будынку знаходзіцца адзін з корпусаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна) (1865)

150 гадоў з часу пабудавання БРЭСЦКАЙ СІМЯОНАЎСКАЙ ЦАРКВЫ, помніка архітэктуры руска-візантыйскага стылю (Брэст; 1865)

135 гадоў з часу адкрыцця ЗАТ «ХОЛДЫНГАВАЯ КАМПАНІЯ “ПІНСКДРЭЎ”», створанага на базе фанернай фабрыкі акцыянернага таварыства братоў Лур’е (Пінск; 1880)

130 гадоў з часу заснавання ААТ «ПІНСКІ ордэна Знак пашаны СУДНАБУДАЎНІЧА-СУДНАРАМОНТНЫ ЗАВОД», старэйшага суднабудаўнічага прадпрыемства Беларусі (Пінск; 1885) 

125 гадоў з дня нараджэння ПІЛІПА ДЗЯМ’ЯНАВІЧА МЯДЗВЕДЗЯ (1890, Пружанскі пав., Гродзенская губ. – 1937), дзяржаўнага дзеяча БССР, удзельніка барацьбы за савецкую ўладу на Беларусі і ў Расіі, двойчы кавалера ордэна Чырвонага Сцяга

115 гадоў з дня нараджэння МІХАІЛА ЯЎХІМАВІЧА (ЯФІМАВІЧА) КРОШНЕРА (1900, Украіна – 1942), кампазітара, аўтара першага нацыянальнага балета «Салавей», заслужанага артыста Беларусі

110 гадоў з часу адкрыцця ў в. АСТРАМЕЧАВА на сродкі Ф. Ф. Паўленкава адной з першых у Беларусі БЯСПЛАТНЫХ НАРОДНЫХ БІБЛІЯТЭК (Брэсцкі р-н; 1905) 

110 гадоў з часу стварэння БРЭСЦКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ РСДРП, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні выступленняў салдат Брэсцкай крэпасці ў 1905–1907 гг. (1905)

105 гадоў з часу, калі ў м. КАМЯНЕЦ Брэсцкага павета Гродзенскай губерніі на народныя сродкі (земскія зборы) была АДЧЫНЕНА БАЛЬНІЦА (1910)

105 гадоў з часу адкрыцця ЗАВОДА ШКЛЯНЫХ ВЫРАБАЎ «ПІНА» (Пінск; 1910)

105 гадоў з часу адкрыцця ў ДАВЫД-ГАРАДКУ ЦАГЛЯНАГА ЗАВОДА ЎЛАСНІКА АЛЬПІНЕРА (Столінскі пав.; 1910)

95 гадоў з дня нараджэння ІВАНА ІВАНАВІЧА ЧУКЛАЯ (1920, Бешанковіцкі р-н, Віцебская вобл. – 1942), удзельніка партызанскага руху ў Пінскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну

90 гадоў з часу пабудовы ў г. БРЭСЦЕ ПЕРШАЙ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ (1925) 

90 гадоў з часу заснавання ў г. БРЭСЦЕ ПРЫВАТНАЙ ЖАНОЧАЙ ГІМНАЗІІ П. ЛЯВІЦКАГА (1925)

90 гадоў з часу адкрыцця ў МАЁНТКУ ПЛЯНТА-ГАЦКА ПРЫВАТНАГА ЛЕСАПІЛЬНАГА ЗАВОДА В. ПУСЛОЎСКАГА (Косаўскі пав.; 1925)

90 гадоў з часу выдання дзяржаўнага (нацыянальнага) бібліяграфічнага паказальніка «ЛЕТАПІС ПЕРЫЯДЫЧНЫХ ВЫДАННЯЎ БЕЛАРУСІ» (Мінск; 1925)

75 гадоў з часу заснавання УА «БРЭСЦКІ ДЗЯРЖАЎНЫ АБЛАСНЫ ЦЭНТР МАЛАДЗЁЖНАЙ ТВОРЧАСЦІ», буйнейшай абласной установы, якая выконвае каардынацыйныя і арганізацыйныя функцыі для раённых цэнтраў пазашкольнай работы, устаноў адукацыі ў правядзенні адукацыйных, культурна-масавых мерапрыемстваў (Брэст; 1940)

75 гадоў з часу адкрыцця УК «БРЭСЦКАЯ ЦЭНТРАЛЬНАЯ ГАРАДСКАЯ БІБЛІЯТЭКА імя А. С. ПУШКІНА» ( Брэст; 1940) 

75 гадоў з часу заснавання ААТ «ГІДРАСЕЛЬМАШ», прадпрыемства па выпуску сельскагаспадарчай тэхнікі (Пінск; 1940) 

75 гадоў з пачатку стварэння УА «СТОЛІНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ АГРАРНА-ЭКАНАМІЧНЫ КАЛЕДЖ» (Столін; 1940)

70 гадоў з часу адкрыцця УА «БРЭСЦКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ імя А. С. ПУШКІНА», буйнейшай навучальнай ўстановы Брэсцкай вобласці, цэнтра навуковых даследаванняў і культурнага жыцця паўднёва-заходняга Палесся (Брэст; 1945)

70 гадоў з часу заснавання РУП «ПАЛЕСКАЯ ВОПЫТНАЯ СТАНЦЫЯ МЕЛІЯРАЦЫЙНАГА ЗЕМЛЯРОБСТВА І ЛУГАВОДСТВА» 
(п. Палескі, Лунінецкі р-н; 1945)

70 гадоў з пачатку выдання літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса «НЁМАН» (Мінск; 1945)

60 гадоў з пачатку выдання дзяржаўнага (нацыянальнага) бібліяграфічнага паказальніка «ЛЕТАПІС ВЫЯЎЛЕНЧЫХ ВЫДАННЯЎ» (Мінск; 1955)

55 гадоў з часу адкрыцця ў КАМЯНЕЦКАЙ ВЕЖЫ АДДЗЕЛА БРЭСЦКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ (Камянец; 1960)

55 гадоў з часу заснавання ДУ «БЕЛАРУСКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЯ БІБЛІЯТЭКА імя І. С. ЛУПІНОВІЧА» НАН БЕЛАРУСІ, нацыянальнага інфармацыйнага цэнтра па пытаннях аграпрамысловага комплексу (Мінск; 1960)

55 гадоў з пачатку дзейнасці ААТ «ДЫВАНЫ БРЭСТА», вядучага вытворцы дываноў у Беларусі (Брэст; 1960)

55 гадоў з часу заснавання РУВП «БРЭСЦКАЯ ФАБРЫКА СУВЕНІРАЎ “СЛАВЯНКА”», створанага як фабрыка дзіцячай цацкі імя Кастрычніцкай Рэвалюцыі на базе мэблявай артэлі «Стаханавец» (Брэст; 1960) 

50 гадоў з пачатку стварэння ААТ «БРЭСЦКІ ПАНЧОШНЫ КАМБІНАТ», аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў панчошна-шкарпэткавых вырабаў для ўсіх полаўзроставых груп насельніцтва (Брэст; 1965)

50 гадоў з пачатку будаўніцтва ААТ «ПРАМЫСЛОВА-ГАНДЛЁВАЕ АБ’ЯДНАННЕ “ПАЛЕССЕ”», буйнейшага вытворцы верхніх трыкатажных вырабаў для ўсіх узроставых груп, паўшарсцяной і высокааб’ёмнай пражы трыкатажнага палатна ў Рэспубліцы Беларусь (Пінск; 1965)

45 гадоў з пачатку выдання спецыялізаванага навукова-папулярнага часопіса «АРХИТЕКТУРА И СТРОИТЕЛЬСТВО» (Мінск; 1970)

35 гадоў з часу стварэння «ТЭАТРА-СТУДЫІ КІНААКЦЁРА УП «НАЦЫЯНАЛЬНАЯ КІНАСТУДЫЯ “БЕЛАРУСЬФІЛЬМ”», заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь (Мінск; 1980)

30 гадоў з пачатку стварэння ААТ «КАВЛІЦМАШ», пінскага дзяржаўнага прадпрыемства ў складзе «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», вядучага станкабудаўнічага прадпрыемства Беларусі (Пінск; 1985) 

25 гадоў з часу заснавання УА «ПІНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ КАЛЕДЖ МАСТАЦТВАЎ» (Пінск; 1990)

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 585 разоў Апошняя змена Пятніца, 26 Красавік 2019 10:56