Пятніца, 13 Май 2016 12:14

7 лютага 2016 г. – 470 гадоў з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча Еўлашоўскага (1546 – пасля 1616, верагодна 1619), грамадскага дзеяча ВКЛ, пісьменніка-мемуарыста

Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) нарадзіўся 7 лютага 1546 года ў мястэчку Ляхавічы Наваградскага ваяводства (цяпер горад Ляхавічы Брэсцкай вобласці). Яго бацька, Міхаіл Васільевіч Еўлашоўскі, са старажытнага, але збяднелага, шляхецкага роду. Першапачатковую адукацыю Фёдар Еўлашоўскі атрымаў дома, астатнія веды набыў шляхам самаадукацыі ў час службы пры двары магнатаў.

Поспехам y сваім жыцці Фёдар Міхайлавіч быў абавязаны не радавітаму паходжанню, не вялікаму багаццю, a ўласнаму розуму і працавітасці. Выклікае здзіўленне той факт, што Ф. Еўлашоўскі быў самавукам, не вучыўся ў навучальных установах, але набыў значныя веды па матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцыі. Навагрудская шляхта ў 1579 годзе абірае Ф. Еўлашоўскага паслом на Варшаўскі вальны сейм. Там яму разам з навагрудскім паслом А. Трызнам было даручана прыняць удзел y распрацоўцы тэксту «Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага».

У 1592 годзе Фёдар Міхайлавіч разам з чатырма іншымі кандыдатамі прэтэндуе на вакантнае месца падсудка ў навагрудскім земскім судзе. З усіх кандыдатаў кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III асабіста зацвердзіў на гэту пасаду Ф. Еўлашоўскага.

У гісторыю Беларусі Фёдар Еўлашоўскі ўвайшоў як чалавек, які першым напісаў успаміны пра сваё прыватнае жыццё. Яго нататкі “Мемуары падсудка навагрудскага” – самы ранні помнік з усіх вядомых твораў мемуарнага жанру ў беларускай літаратуры. Свае ўспаміны Фёдар Міхайлавіч пачаў пісаць y 1603 годзе, калі яму споўнілася 57 гадоў, абарваў у пачатку 1604-га. Пісаў ён на старабеларускай мове з моцным уплывам тагачаснай польскай мовы.

Фёдар Міхайлавіч пражыў змястоўнае жыццё. Многіх людзей давялося яму пабачыць, чые імёны ўвайшлі ў гісторыю нашай Бацькаўшчыны – маршалак вялікі і ваявода трокскі Мікалай Крыштоф Радзівіл, маршалак земскі і гетман ліфляндскі Ян Геранім Хадкевіч, ваявода кіеўскі і маршалак зямлі валынскай Канстанцін Астрожскі. Быў вядомы Ф. Еўлашоўскі і пры каралеўскіх дварах Жыгімонта II Аўгуста, Стэфана Баторыя, Жыгімонта III Вазы.

Ва ўспамінах Ф. Еўлашоўскага запісаны ўражанні пра грамадскія і палітычныя падзеі, створана цэлая галерэя літаратурных партрэтаў прадстаўнікоў дробнай і сярэдняй шляхты Вялікага Княства Літоўскага другой паловы XVI – пачатку XVII стст. Аўтар мемуараў раскрыў сацыяльную псіхалогію, норавы, забабоны і звычаі дробнай службовай шляхты, змясціў характарыстыкі многіх вядомых асоб ВКЛ.

Як адзначыў адзін з першых даследчыкаў тэксту дыярыуша Ф. Еўлашоўскага А. Ф. Коршунаў: «Успаміны – своеасаблівы гісторыка-мемуарны зборнік цікавых, месцамі сюжэтна разгорнутых бытавых навел, y цэнтры якіх жывы, рэальны чалавек з уласцівымі яму рысамі характару і псіхалогіяй. Перад чытачом паўстае выразны вобраз самога аўтара – узорнага шляхціца, цудоўнага сем’яніна, пяшчотнага сына, які паважае бацькоў, любіць сваіх дзяцей, перажывае за іх лёс, не шкадуе часу, энергіі і сродкаў, каб лепш уладкаваць іх дабрабыт, хоць гэта і перашкодзіла здзейсніць яго юнацкую мару – наведаць іншыя краіны, папоўніць там свае веды, авалодаць рознымі рамёствамі».

Успаміны Ф. Еўлашоўскага былі ўпершыню надрукаваны ў 1886 годзе ў часопісе “Киевская старина” гісторыкам У. Б. Антановічам. Рукапіс дыярыуша Фёдара Еўлашоўскага зберагаецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (Польшча).

Дакладная дата смерці Фёдара Міхайлавіча Еўлашоўскага невядома. Паводле архіўных звестак жыў яшчэ ў 1616 годзе, па іншых – у першай палове 1619-га.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Ляхавіцкай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы.Шклянік Алена Анатольеўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

  1. Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 397.

  2. Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) Фёдар Міхайлавіч / Уладзімір Свяжынскі // Вялікае княства Літоўскае : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 619–620.

  3. Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 357.

  4. Еўлашоўскі Фёдар // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 432–433.

  5. Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) Фёдар Міхайлавіч / У. М. Свяжынскі //Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 419.

  6. Еўлашоўскі, Ф. Успаміны/ Фёдар Еўлашоўскі // Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі ХVII ст. Мінск, 2005. С. 31–123.

  7. Еўлашоўскі, Ф. Дыяруш / Фёдар Еўлашоўскі ; рэдпадрыхтоўка С. Л. Гараніна // Анталогія даўняй беларускай літаратуры : ХI – першая палова ХVІІІ ст. Мінск : Беларуская навука, 2003. С. 482–499.

  8. Еўлашоўскі, Ф. Успаміны/ Фёдар Еўлашоўскі ; каментарый А. Ф. Коршунава // Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі ХVII ст. / укл. А. Ф. Коршунава ; рэд. В. В. Барысенка. Мінск : Навука і тэхніка, 1983. С. 31–64.

  9. Еўлашэўскі, Ф. [Урыўкі з дзённіка] / Ф. Еўлашэўскі // Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мінск, 1959. С. 223–237.

  10. Свяжынскі, У.М. “Гістарычныя запіскі” Ф. Еўлашэўскага / У. М. Свяжынскі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1990. – 123 с.

  11. Рублевская, Л. И. Летописец Золотого века. Фёдор Евлашовский (1546 – после 1616) // Рыцари и дамы Беларуси : исторические очерки / Людмила Рублевская. Минск : Мастацкая лiтаратура, 2013. С. 70–76.

  12. Кавалёў, С. Мемуарная літаратура эпохі рэнесансу : [творчасць Ф. Еўлашоўскага] // Кавалёў, С. Літаратура Беларусі позняга Рэнесансу : жанры, творы, асобы / Сяргей Кавалёў. Мінск, 2005. С. 131–159.

  13. Свяжынскі, У. Фёдар Еўлашоўскі / Уладзімір Свяжынскі // Славутыя імёны Бацькаўшчыны : зборнік. Мінск : Беларускі фонд культуры, 2000. Вып. 1. С. 78–87.

  14. 7 лютага – 450 год з дня нараджэння Ф. М. Еўлашоўскага (1546 – пасля 1616), грамадскага дзеяча і пісьменніка // Новыя кнігі : Па староеках беларускага друку. 1995. № 11. Памятныя даты Беларускага календара. С. 28–29.

  15. Свяжынскі, У. Дыярыуш i Еўлашоўскі / Уладзімір Свяжынскі // Краязнаўчая газета. 2006. № 12, сакавік. С. 4.

  16. Саверчанка, І. Фёдар Еўлашэўскі – класік мемуарыстыкі / І. Саверчанка // ЛіМ. 2006. 23 чэрвеня. С. 14.

  17. Бельмач, С. Наш зямляк Фёдар Еўлашоўскі / С. Бельмач // Ляхавіцкі веснік. 2006. 11 лютага. С. 3.

  18. Канстанцiнаў, А. Першы мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі / А. Канстанцінаў // Заря. 2005. 29 марта.

  19. Круков, И. Н. Первый мемуарист // Круков,И.Н. Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Круков. Минск,2005. С.60.

  20. Дзівосныя прыгоды Ляхавіцкага шляхціца // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю. Баранавічы, 2004. С. 34–39.

  21. Яновіч, М. Фёдар Еўлашоўскі: першы беларускі мемуарыст / М. Яновіч // Народная воля. 2001. 20 лютага.

  22. Запіскі Фёдара Еўлашоўскага // Барэцкі, М. Гісторыя беларускай літаратуры. Мінск, 1992. С. 134–138.

  23. Гарэцкі, М. І. Запіскі Фёдара Еўлашэўскага // Гарэцкі, М. І. Гісторыя беларускай літаратуры / М. І. Гарэцкі. Мінск, 1992. С. 134–138.

  24. Свяжынскі, У. Першы беларускі мемуарыст / Уладзімір Свяжынскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 82–84.

  25. Цвыд, А. Летописец из Ляховичей : [Ф. Евлошовский] / А. Цвыд // Заря. 1985. 4 жніўня.

  26. Коршунаў, А.Ф. Новыя даныя аб Фёдары Еўлашоўскім / А. Ф. Коршунаў // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1983. № 1. С. 110–118.

  27. Свяжынскі, У. Арыгінал [“Дзённіка” Еўлашоўскага] знойдзены [у Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве] / У. Свяжынскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975. № 4. С. 48–49.

  28. Ахрыменка, П. П. Фёдар Еўлашэўскі (1546–1604) і яго «Дзённік» // Ахрыменка, П. П. Старажытная беларуская літаратура / П. П. Ахрыменка, М. Р. Ларчанка. Мінск, 1968. С. 111–112.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1835 разоў Апошняя змена Панядзелак, 01 Чэрвень 2020 11:22