Пятніца, 13 Май 2016 12:19

12 красавіка 2016 г. – 475 гадоў з дня нараджэння Іпація Пацея (свец. Адама Львовіча; 1541–1613), царкоўнага і дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, пісьменніка-палеміста, філосафа, багаслова, аднаго з ініцыятараў і арганізатараў Брэсцкай у

Іпацій (свецкае імя Адам Львовіч) Пацей нарадзіўся 12 красавіка 1541 года ў сядзібе Ражанка Камянецкага павета Падляшскага ваяводства (цяпер у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці) у праваслаўнай шляхецкай сям’і.Бацька, Леў Пацей, служыў найвышэйшым пісарам караля Жыгімонта I Старога, а таксама займаў пасаду падскарбія (міністра фінансаў) Вялікага Княства Літоўскага. Маці, Ганна Лозчанка, па сведчанні сучаснікаў, была адукаванай жанчынай.

Дзяцінства Адама Пацея праходзіла ў арыстакратычным асяроддзі. Першапачатковыя веды атрымаў пры двары Cігізмунда II Аўгуста ў якасці каралеўскага пажа, потым пры двары Мікалая Радзівіла Чорнага, атрымаў сярэднюю адукацыю ў Нясвіжскай пратэстанцкай школе. Скончыў Ягелонскі ўніверсітэт (Кракаў), дзе вывучаў рыторыку, матэматыку, дыялектыку на факультэце свабодных мастацтваў.

Пасля вучобы з 1566 года Адам Пацей атрымаў пасаду брэсцкага земскага пісара. У 1569 годзе выбраны дэпутатам на Люблінскі сойм ад берасцейскай шляхты. З 1578 па 1580-я гады выконваў абавязкі падатковага інспектара Берасцейскага ваяводства, а з 1588 года – берасцейскага кашталяна і сенатара верхняй палаты Вольнага Сойму.

Шмат увагі Адам Пацей надаваў адукацыі і асвеце. Ён развіваў заснаваную ў 1597 годзе Берасцейскую школу, куды запрасіў доктара багаслоўя Пятра Аркудзія, грэка паводле паходжання. Заснаваў калегіум пры Віленскім Свята-Троіцкім манастыры, рэктарам якога прызначыў Пятра Федаровіча-Сумерэтніковіча. Штогод са сваіх сродкаў выдзяляў значныя сумы для школ ва Уладзіміры.

У 1593 годзе пасля смерці жонкі прыняў манаства пад імем Іпацій і ўзначаліў Уладзіміра-Брэсцкую епіскапскую кафедру. На новай пасадзе развіў актыўную дзейнасць, накіраваную на злучэнне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Iпацій Пацей дамогся, каб праваслаўны сабор 1594 года, які праходзіў у Брэсце, большасцю галасоў прыняў Саборную грамату, у якой былі вызначаны асноўныя мэты аб’яднання.

Восенню 1595 года разам з Кірылам Цярлецкім і вялікай дэлегацыяй у складзе свецкіх і духоўных асоб, едзіў да Папы Рымскага. 23 снежня 1595 года ў святочнай атмасферы дэлегацыю прыняў Клімент VIII. I. Пацей і К. Цярлецкі, выконваючы даручэнне сабора, прысягнулі Папе Рымскаму на вечнае злучэнне Царквы і Касцёла пад уладай рымскага прастола.

Улетку 1596 года I. Пацей завяршыў падрыхтоўку да міжцаркоўнага пагаднення. На Берасцейскім саборы, што праходзіў 6–8 кастрычніка 1596 года, адбылося падпісанне пагаднення – Берасцейскай уніі. Але замест згоды і мірнага суіснавання з-за асуджэння дзеянняў патрыярхаў некаторымі прыхільнікамі праваслаўя і непрыняцця імі уніі пачаўся доўгі перыяд міжканфесійнага супрацьстаяння, які доўжыўся некалькі стагоддзяў. З 1599 па 1613 гады Іпацій Пацей быў уніяцкім мітрапалітам Кіеўскай і ўсяе Русі.

У змаганні з ідэйнымі апанентамі Іпацій Пацей аддаваў перавагу пісьмоваму слову. Ён аўтар выдатных палемічных твораў на старажытнабеларускай і польскай мовах «Унія,або Выклад галоўных артыкулаў лучнасці грэкаў з Касцёлам Рымскім» (Вільня, 1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597), «Размова берасцяніна з братчыкам» (1604), «Уваскрослы Налівайка» (1607), «Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага братства», «Гармонія…», «Рэляцыя» (усе 1608), вялікай колькасці прамоў і павучанняў, казанняў і інш. У творах дамінуе царкоўна-рэлігійная і маральна-філасофская праблематыка, непрыняцце анархіі і хаоса. Шырока выкарыстоўваў розныя вобразныя сродкі мовы – метафары, параўнанні, алегорыі і інш. Прапаведніцкія творы на старабеларускай мове былі сабраны і выдадзены ў 1677 годзе, у 1714 годзе перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі і ў 1768 годзе ў Пачаеве.

Памёр Іпацій Пацей 18 ліпеня 1613 года ў г. Уладзіміры-Валынскім, пахаваны ва Уладзімірскім кафедральным саборы.

Іпацій Пацей унёс значны ўклад у рэфармаванне старабеларускай літаратурнай мовы. Арыгінальны мыслівец і прапаведнік, ён услед за вялікімі асветнікамі Францішкам Скарынам, Васілём Цяпінскім, Сымонам Будным заўсёды клапаціўся аб развіцці нацыянальнай культуры. Бадай, першым у гісторыі нацыянальнай публіцыстычнай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і дохоўнага станаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Пацей Іпацій // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 241.

  2. Пацей Іпацій / Юрась Лаўрык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 454–455.

  3. Пацей Іпацій // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2007. Т. 2. С. 421.

  4. Пацей Іпацій // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 2001. С. 243–244.

  5. Іпацій Пацей (1541–1613) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 284–286.

  6. Пацей Іпацій // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыкл. даведнік. Мінск, 2001. С. 322.

  7. Галенчанка, Г. Я. Невядомыя і малавядомыя помнікі духоўнай спадчыны і культурных сувязей Беларусі XV – сярэдзіны XVII ст. / Г. Я. Галенчанка. – Мінск : Беларуская навука, 2008. – 458 с. – Са зместу: Іпацій Пацей. Справядлівае апісанне Берасцейскага сабора 1596 г., 1597 г. – С. 131–137.

  8. Киприанович, Г. Я. Исторический очерк православия, католичества и унии в Белоруссии и Литве / Г. Я. Киприанович. Минск : Белорусский Экзархат, 2006. – 351 с. – Из содерж.: Ипатий Патей. – С. 114–119.

  9. Свістунова, М. І. Тэкставыя сродкі выражэння катэгорыі дыялагічнасці ў палемічных творах Іпація Пацея / М. І. Свістунова // Веснік БДУ. Серыя 4, Філалогія, журналістыка, педагогіка. 2014. № 3. С. 16–22.

  10. Саверченко, И. В. Вериги церковного сана / Иван Саверченко // Блеск короны : повесть-нарация / И. В. Саверченко. Минск, 2014. С. 203–232.

  11. Саверчанка, І. Вярыгі царкоўнага сану / Іван Саверчанка // Полымя. 2014. № 11. С. 127–139.

  12. Павловский, Б. Ипатий Патей: первый униат или вероотступник? / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2013. 13 декабря. С. 8.

  13. 12 красавіка – 470 гадоў з дня нараджэння І. Пацея (1541–1613), царкоўнага і дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, пісьменніка-палеміста // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. 2011. № 1. С. 5–7. Дадатак.

  14. Саверчанка, І. Іпацій Пацей: гістарычная, культурная і літаратурная спадчына / І. Саверчанка // Гiсторыя: праблемы выкладання. Серыя У дапамогу педагогу. 2008. № 11. С. 312.

  15. Свістунова, М. Прыказкі ў старабеларускіх палемічных творах : [на прыкладзе твораў Іпація Пацея] / М. Свістунова // Фалькларыстычныя даследаванні : кантэкст, тыпалогія, сувязі: зб. артыкулаў. Мінск : Бестпрынт, 2006. Вып. 3. С. 117–128.

  16. Лаўрык, Ю. Пачаткі ўніяцкае гамілетыкі : Прапаведніцкая спадчына мітрапаліта Іпацiя Пацея / Юры Лаўрык // Роднае слова. 2005. № 6. С. 15–17; № 7. С. 34–37.

  17. Ямчук, П. М. Феномен Адама-Іпатія Потія: едність ментально-християньского контексту білоруськоі та украінськоі культур / П. М. Ямчук // Беларуска-польскае памежжа: гісторыя, сучасны стан, будучыня : Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі 27–28 красавіка 2004 года / Установа адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна”. Брэст, 2004. C. 175–178.

  18. Галенчанка, Г. Іпаці Пацей (1541–1613) / Г. Галенчанка // Славутыя імёны Бацькаўшчыны / [уклад.: У. Гілеп і інш.]. Мінск, 2003. Вып. 2. С. 119–127.

  19. Марозава, С. В. Іпацій Пацей: царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік на пераломе культурна-гістарычных эпох / С. В. Марозава, С. А. Падокшын // Беларускі гістарычны зборнік. Беласток, 2002. Т. 17. С. 285–290.

  20. Саверченко, И. Великий подвижник / Иван Саверченко // Из тьмы веков светлеющие лики / [сост.: Ю. Я. Гуртовенко, Т. И. Улевич]. Минск, 1994. С. 85–93.

  21. Пацей, І. На свеце так водзіцца / Іпацій Пацей // Песні Белавежы : Камянеччына літаратурная : проза, паэзія, публіцыстыка / уклад. З. Дудзюк. Мінск, 2005. С. 8–14.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1395 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 11:01