Панядзелак, 06 Чэрвень 2016 13:32

28 мая 2016 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Марыі Пятроўны Маршак (1956), спявачкі, салісткі Беларускага дзяржаўнага ансабля народнай музыкі “Свята”, заслужаннай артысткі Беларусі

Марыя Пятроўна Маршак (у дзявоцтве Дзенісеня) нарадзілася 28 мая 1956 года ў вёсцы Любань Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці ў вялікай сялянскай сям’і. Бацька, Пётр Кандратавіч Дзенісеня, працаваў электрыкам у калгасе “Новае Палессе”, маці, Таццяна Фёдараўна, выхоўвала пяцёра дзяцей і таксама працавала ў калгасе. Дзед па мацярынскай лініі Фёдар Емяльянавіч Сафановіч (1905–1987) меў прыгожы тэнар і быў спевакам на ўсю вёску.

Марыя Маршак з пачатковых класаў школы танцавала і арганізоўвала святочныя мерапрыемствы, у старэйшых класах актыўна ўдзельнічала ў танцавальным калектыве Дома культуры. У 10-м класе пачала спяваць, голас яе заўважылі і сталі запрашаць ўдзельнічаць у музычных аглядах і конкурсах.

У 1973 годзе Марыя Маршак скончыла мясцовую сярэднюю школу, год працавала бібліятэкарам у Лахаўскай сельскай бібліятэцы. Потым была вучоба ў Мінскім музычным вучылішчы імя М. Глінкі (1974–1977), дзе акрамя спеваў асвоіла баян і фартэпіяна. Актыўна праявіла сваю грамадзянскую пазіцыю – была сакратаром камсамольскай арганізацыі і кіраўніком студэнцкага будаўнічага атрада.

У 1979–2008 гадах М. П. Маршак, маючы цудоўнае сапрана, працавала ў Нацыянальнам акадэмічным народным хоры імя Г. І. Цітовіча. У 2000 годзе Марыя Пятроўна атрымала званне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь. З 2008 года працуе ў Беларускім дзяржаўным ансамблі народнай музыкі “Свята” Белдзяржфілармоніі, якім кіруе заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Кашталапаў.

За гады працы ў вядомых мастацкіх калектывах Марыя Маршак пабывала з беларускімі песнямі амаль ва ўсіх куточках Беларусі, аб’ездзіла паўсвету. Пабывала ў Расіі, Чэхаславакіі, Японіі, Канадзе, Францыі, Паўночнай і Паўднёвай Карэі, Кітаі, Азербайджане, Туркменістане і інш. Не забывае Марыя Пятроўна і сваю малую радзіму – вёску Любань. У 2001 – 2004, 2010 гадах з творчымі калектывамі выступала ў Лунінцы і Лунінецкім раёне.

У песенным рэпертуары спявачкі народныя песні, духоўныя песнапенні, аўтарскія песні беларускіх і расійскіх кампазітараў. Найбольш вядомы ў яе выкананні песні: “Вол бушуе”, “З-за лесу, лесу-гаю”, “Да пшанічка ярына”, “Беларусь мая сінявокая”, “Сядзяць у абдымку ветэраны”, “Ой ты, грушачка мая” і інш. Многія песні ў выкананні М. Маршак запісаны на Беларускім радыё.

За доўгую творчую кар’еру Марыя Маршак працавала са славутымі дзеячамі мастацтва: беларускімі кампазітарамі Леанідам Захлеўным, Ігарам Лучанком, Ізмаілам Капланам, Уладзімірам Буднікам, народным артыстам БССР, дырыжорам Міхаілам Паўлавічам Дрынеўскім і інш. Спявачка была членам журы музычных конкурсаў “Галасы Беларусі”, “Звонкія галасы Радзімы”, “Свята ў нашу хату”, “Беларускія узоры”. Артыстка не стамляецца шліфаваць сваё майстэрства, служыць прыкладам для моладзі.

 

Матэрыал падрыхтаваны ў 2016 г. Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Бушыла Іна Васільеўна, гал. бібліёграф аддзела абслуговання і інфармацыі

 

  1. Маршак Марыя Пятроўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 404.

  2. Маршак Мария Петровна // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Мінск, 2007. Т. 4. С. 658.

  3. Свята” : [государственный ансамбль народной музыки] // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 603.

  4. Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча // Культура Беларусі : энціклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 69–70.

  5. Дзяржаўны акадэмічны народны хор БССР / З. Я. Мажэйка, Л. С. Мухарынская // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 311.

  6. Кучэйка, Г З песнямі пра каханне / Галіна Кучэйка // Лунінецкія навіны. 2015. 28 жніўня. С. 12.

  7. Маршак, М. Дзядуліна песня : [пра Фёдара Емяльянавіча Сафановіча, аматара-спевака з в. Любань] / Марыя Маршак // Лунінецкія навіны. 2010. 19 лютага.

  8. Кашталапаў, А. Анатоль Кашталапаў: “Хай кожны дзень вам дорыць свята” : [заслужаны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля “Свята” пра творчы шлях калектыву] / Анатоль Кашталапаў ; гутарыла Святлана Кліміценка // Народная воля. 2009. 24–28 снежня. С. 7.

  9. Маршак, М. Марыя Маршак (Дзенiсеня): “Шлях у мастацтва пачаўся ў Любані” : [артыстка Нацыянальнага акадэмiчнага народнагам хору РБ iмя Г. Цiтовiча пра свой творчы шлях]/ Марыя Маршак (Дзенісеня) ; гутарыла Т. Канапацкая // Лунінецкія навіны. 2004. 2 ліпеня. С. 6.

  10. Канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Марыі Пятроўны Маршак [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://zubronok.by/presstsentr/novosti/~shownews/konc_MarMarsh_news2016

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1683 разоў Апошняя змена Панядзелак, 25 Май 2020 12:16