Панядзелак, 06 Чэрвень 2016 13:44

1 красавіка 2016 г. – 115 гадоў з дня нараджэння Сяргея Міхайлавіча Пясецкага (1901–1964), польскага пісьменніка ў эміграцыі (Англія)

Сяргей Міхайлавіч Пясецкі нарадзіўся 1 красавіка 1901 года ў мястэчку Ляхавічы Мінскай губерні (цяпер горад Брэсцкай вобласці). Быў пазашлюбным дзіцём беларускага шляхціца Міхала Пясецкага, паштовага чыноўніка, і ягонай служанкі Клаўдзіі Кукаловіч. Неўзабаве пасля нараджэння сына Міхал расстаўся з Клаўдзіяй і выхоўваў хлопчыка з дапамогай мачыхі, а калі таму споўнілася 11 год, усынавіў яго і даў сваё прозвішча.

Дзяцінства Сяргея (Сергіюша) прайшло ў самотным сузіранні прыроды і чытанні кніжак, пераважна рускіх класікаў: Купрына, Чэхава, Дастаеўскага, Загоскіна. Сям’я жыла то ў Мінску, то ў Бабруйску – бацька часта мяняў месца працы. 

Маючы свабодалюбны і ўпарты характар, хлопец змалку, як мог, змагаўся з несправядлівасцю. Сёмы клас рускай гімназіі (Міхал Пясецкі з сям’ёй з пачаткам І Сусветнай вайны эвакуіруецца ва Уладзімір) для яго скончыўся трагічна: паспрабаваўшы пераканаць гімназійнага інспектара ў сваёй рацыі з дапамогай рэвальвера, Сяргей апынуўся ў турме. Аднак спрытны юнак неўзабаве ўцякае з турмы і акунаецца ў тагачасны вір рэвалюцыйных падзей. Жудаснасць бальшавіцкага тэрору настолькі яго ўразіла, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам.

Да 1921 года Сяргей Пясецкі ваюе з бальшавікамі спачатку ў шэрагах беларускай партызанкі (атрады «Зялёнага Дуба»), пасля ў польскіх вайсковых фармаваннях, а затым пераязджае ў Ракаў, мястэчка каля Мінска, што ў выніку Рыжскай мірнай дамовы становіцца польскім памежным пунктам і фактычна сталіцай кантрабандыстаў. На працягу пяці гадоў Сяргей Пясецкі займаецца кантрабандай, адначасова выконваючы на тэрыторыі Беларусі функцыі агента польскай ваеннай разведкі.

У 1927 годзе польскі суд асуджае Сяргея Пясецкага за рабаўніцтва на 15 гадоў турмы. Менавіта там, на сёмым годзе зняволення, у вязня прачынаецца літаратурны дар. Першы раман «Пяты этап», напісаны ў 1934 годзе, канфіскавала турэмная цэнзура, раман «Жыццё раззброеннага чалавека» (1936) застаўся недапісанным. І толькі раману «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», прысвечанаму «кантрабандысцкаму» перыяду жыцця Сяргея Пясецкага, пашчасціла ў 1937 годзе выйсці за турэмныя сцены і быць апублікаваным. Дзякуючы гэтаму твору хворы на сухоты аўтар не толькі атрымаў сусветную славу і вядомасць (за два перадваенныя гады раман быў перакладзены на 11 моў свету), але і быў датэрмінова вызвалены з турмы.

Падчас Другой сусветнай вайны Сяргей Пясецкі ўдзельнічае ў фармаваннях Арміі Краёвай на Віленшчыне, а ў 1946 годзе эмігруе на Захад, спачатку ў Італію, потым у Вялікабрытанію. Зарабляе на жыццё цяжкой фізічнай працай, у вольны час шмат піша. У 1947 годзе ўступае ў Альянс польскіх пісьменнікаў на чужбіне, але практычна не дзейначае ў рабоце эміграцыйных цэнтраў, пазбягае грамадскіх выступленняў. Растанне з сям’ёю (ажаніўся ў 1942 г., праз два гады нарадзіўся сын), што засталася ў Польшчы, жыццёвыя цяжкасці эмігранта не зламалі пісьменніка, загартавалі ягоную волю і літаратурны талент.

Пяру польскага пісьменніка Сяргея Пясецкага належаць 12 раманаў, а таксама навэлы, кінасцэнарыі, публіцыстычныя артыкулы. Па яго творах здымаліся мастацкія фільмы і тэлевізійныя серыялы.

«Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» – самы вядомы раман Сяргея Пясецкага. Яго найбольш часта выдавалі незалежныя выдавецтву свету, ён быў афіцыйна забаронены ў Польшчы да 1990 года. У «Запісках» аўтар пераўвасабіўся ў савецкага афіцэра, разважаў быццам бы яго катэгорыямі, прымітыўнай мовай, характэрным, па думцы аўтара, для «хомо саветыкус». «Запіскі» з’яўляюцца адным з найболей паслядоўных, бескампрамісных прыкладаў сатырычнага адлюстравання антычалавечай сутнасці таталітарнай савецкай сістэмы. Раман атрымаў мноства водгукаў, як станоўчых, так і негатыўных.

12 верасня 1964 года Сяргей Пясецкі памёр у ваенным шпіталі ад раку. Ён пахаваны далёка ад родных Ляхавіч, у Вялікабрытаніі, у горадзе Гастынгс.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 годзе Ляхавіцкай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Лагун Віталія Іванаўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

Творы С. Пясецкага

  1. Вавилонская башня : [сборник] / Сергей Песецкий ; перевод с польского [Г. А. Бенкевич]. Минск : Регистр, 2015. 302 с.

  2. Любовник Большой Медведицы : роман / Сергей Песецкий ; перевод с польского [В. Л. Авиловой, Д. С. Могилевцева]. Минск : Регистр, 2014. 362 с.

  3. Человек, превращенный в волка : роман / Сергей Песецкий ; перевод с польского [Г. А. Бенкевич]. Минск : Регистр, 2012. 367 с.

  4. К чести организации : роман / Сергей Песецкий ; перевод с польского [Г. А. Бенкевич]. Минск : Регистр, 2012. 335 с.

  5. Каханак Вялікай Мядзведзіцы : раман / Сяргей Пясецкі. – Мінск : Хурсiк, 2009. – 351 с.

  6. Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі (ад 17 верасня 1939 г.) : раман / Сяргей Пясецкі. – Мінск : VivaFutura, 2005. – 250 с.

  7. Пяты этап : раман / Сяргей Пясецкі // Полымя. 2010. № 5. С. 98–127; № 6. С. 89–111.

  8. Ніхто не дасць нам вызвалення : раздзел з рамана / Сяргей Пясецкі // Полымя. 2001. № 6. С. 147–205.

 

Аб жыцці і творчасці С. Пясецкага

  1. Пясецкий Сергей // Регионы Беларуси : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 293.

  2. Сяргей Пясецкі // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : «Брэсцкая друкарня», 2008. С. 366–367.

  3. Кабржыцкая, Т. В. Наш і не наш Сяргей Пясецкі : Зоркі Радзімы пісьменніка над колам яго жыццёвых і творчых калізій / Т. В. Кабржыцкая, П. В. Рагойша, М. М. Хмяльніцкі ; пад навук. рэд. В. П. Рагойшы. – Мінск : Кнігазбор, 2014. – 212 с.

  4. Рагойша, П. В. Творчасць Сяргея Пясецкага: праблема жанрава-стылёвай адметнасці : аўтарэф. дыс. на атрым. вуч. ступ. канд. філал. навук / Пётр Вячаслававіч Рагойша; БДУ. – Мiнск, 2001. – 20 с.

  5. Рублевская, Л. Дороги, которые мы выбираем : [о книге СПесецкого «Вавилонская башня»] / Людмила Рублевская // СБ Беларусь сегодня. 2015. 26 июня. С. 16.

  6. Кабржыцкая, Т. В. Трагікамічны свет вачыма рамантыка : [рецензия на кнігу: Наш і не наш Сяргей Пясецкі : Зоркі Радзімы пісьменніка над колам яго жыццёвых і творчых калізій / Т. В. Кабржыцкая, П. В. Рагойша, М. М. Хмяльніцкі] / Алесь Бразгуноў // Полымя. 2015. № 3. С. 179184.

  7. Вострыкава, А. Сяргей Пясецкі: усходнеславянскі кантэкст / Алена Вострыкава // ЛіМ. 2015. № 9. С. 14.

  8. Лаўрэш, Л. Прыгоды Сяргея Пясецкага на Лідчыне / Леанід Лаўрэш // Маладосць. 2015. № 2. С. 148–153.

  9. Кабржыцкая, Т. В. Першая сусветная вайна ў літаратуры : “Раскіданы родны край” у творах Алексы Кобеца, Максіма Гарэцкага, Сяргея Пясецкага / Таццяна Кабржыцкая, Мікалай Хмяльніцкі // Роднае слова. 2014. № 5. С. 3–8.

  10. Рублевская, Л. Контрабандист, шпион, романист / Людмила Рублевская // СБ Беларусь сегодня. 2013. 31 августа. С. 8.

  11. Міраў, Д. Два імя – дзве эпохі : [Ф. Еўлашоўскі і С. Пясецкі] / Дзмітрый Міраў // Ляхавіцкі веснік. 2012. 10 лістапада. С. 4.

  12. Бахановіч, Н. Л. Беларуская тэма ў польскай літаратуры : [творчасць Ю. У. Нямцэвіча, А. Міцкевіча, М. Радзевіч, С. Пясецкага] / Н. Л. Бахановіч // Літаратурная карта Еўропы : кантакты, тыпалогія, інтэртэкстуальнасць. Мінск, 2012. С. 205–228.

  13. Крапивин, С. Сергей Пясецкий и Виктор Яркин: взгляд на контрабанду и контрабандистов с разных сторон границы / Сергей Крапивин // Белорусская военная газета. 2012. 27 октября. С. 3.

  14. Блінец, А. Турма і воля Сяргея Пясецкага / Андрэй Блінец // ЛіМ. 2011. 11 лістапада. С. 11.

  15. Стужынская, Н. І. Беларусь мяцежная : з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву ў 20-я гг. ХХ ст. / Ніна Іванаўна Стужынская. – Вiльня : Наша Будучыня, 2011. – 381 с. – (Неизвестная история). – Са зместу: [Творчасць Сяргея Пясецкага]. – С. 283–289.

  16. Карсар памежжа : [прадмова да публікацыі перакладу на беларускую мову рамана С. Пясецкага «Пяты этап»] // Полымя. 2010. № 4. С. 91–128.

  17. Ждан, А. «Фартуна ходзіць па коле» : [пра кнігу С. Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы»] / А. Ждан //ЛіМ. 2009. 10 ліпеня. С. 6.

  18. Довнар-Запольский, А. Белорусский Бонд маскировался под контрабандиста : [белорусский супершпион Сергей Пясецкий] / Алексей Довнар-Запольский //Комсомольская правда в Белоруссии.2008. 13 ноября. С. 13.

  19. Чарановіч, С. Пажар жыцця: Сяргей Пясэцкі / Сяргей Чарановіч // Краязнаўчая газета. 2007. № 41; № 42. С. 7–8; Ляхавіцкі час. 2007. 13 верасня.

  20. Букчин, С. Писатель с большой дороги : [Сергей Пясецкий] / С. Букчин // Кур’ер. 2002. № 4. С. 38–43.

  21. Рагойша, П. Наш і не наш Пясецкі / Пятро Рагойша // Полымя. 2001. № 6.С. 205–218.

  22. Рагойша, П. Сергей Пясецкий : феномен творчества писателя русско-белорусско-польского пограничья / Пётр Рагойша // Звезда. 2001. № 6. С. 176–184.

  23. Сухапар, У. Забытыя імёны : [пра польскага пісьменніка Сергіюша Пясецкага (1901–1964) / Уладзімір Сухапар // Intex-press. Барановичи, 1999. 4 ноября. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 697 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 10:45