Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:03

2016 г. – 110 гадоў з часу пабудавання (1906) Свята-Мікалаеўскай Брацкай царквы ў г. Брэсце

Гісторыя Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы пачынаецца з 1885 года, калі праваслаўным брацтвам Брэст-Літоўска была пабудавана драўляная царква, якая звалася Мікалаеўскай. Пажар 4–5 мая 1895 года знішчыў яе, і было вырашана пачаць будаўніцтва новага каменнага храма.

У 1904–1906 гадах у г. Брэст-Літоўску (цяпер Брэст) была ўзведзена царква ў гонар Свяціцеля Мікалая. Яе будаўніцтва вялося на ахвяраванні маракоў і афіцэраў – удзельнікаў Руска-японскай вайны, якія лічылі Свяціцеля Мікалая сваім пакравіцелем, і на сродкі брацтва ў гонар Свяціцеля Мікалая і Апанаса, прападобнага ігумена Брэсцкага. Па гэтай прычыне царква мае неафіцыйны дадатак у назве – брацкая.

Будавалі храм не толькі свецкія вернікі, удзельнікі марскіх бітваў, іх сем’і. Неабходную суму ўнёс імператар Мікалай II, які таксама перадаў спіс імёнаў загінуўшых маракоў для пастаяннага памінання. Узвядзенню храма спрыяў былы гарадзенскі губернатар, старшыня Савета Міністраў Расійскай імперыі П. А. Сталыпін. Аўтарам праекта выступіў гродзенскі губернскі архітэктар Іван Капітонавіч Плотнікаў (1862–?). 19 снежня 1906 года новы храм быў урачыста асвечаны.

Свята-Мікалаеўскі храм прыцягваў вернікаў сваёй прыгажосцю. Ён выкананы ў руска-візантыйскім архітэктурным стылі з элементамі маскоўскага царкоўнага дойлідства XVII ст. Акрамя галоўнага прастола ў імя Свяціцеля Мікалая, у храме мелася два прытворы: у гонар святога апостала Якава Алфеева і ў імя святой велікамучаніцы Варвары. Алтар аддзелены ад храма трох’ярусным драўляным іканастасам.

У падоўжна-восевай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе 8-гранная званіца з адкрытым верхнім ярусам-звонам, завершаным высокім шатром з макаўкай. Званіца аб’яднана з цэнтральным двух’ярусным аб’ёмам працяглай трапезнай, падзеленай радамі арачных аконных праёмаў на два ярусы. Кубападобны аб’ём сяродкрыжжа завершаны маляўнічым 5-купаллем. З усходняга боку да цэнтральнага аб’ёму далучаецца 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі.

Галоўны ўваход падкрэслены манументальнай паперцю ў выглядзе трохпралётных вісячых аркатур і з высокім двухгранным шчытом на магутных слупах. Аналагічна, але ў меншым маштабе, вырашаны вуглавыя ўваходы цэнтральнага аб’ёму. Рознавялікія арачныя аконныя праёмы аформлены плоскаснымі ліштвамі, філёнгамі. У дэкоры выкарыстаны формы старажытнарускага дойлідства: какошнікі, кілепадобныя аркі, філёнгавыя лапаткі, квадратныя разеткі, бочкападобныя фігурныя калонкі, зубчастыя фрызы. Цокальная частка вылучана шматслойным архітэктурным абломам.

У смутны час войн і рэвалюцый, пры польскай і нямецкай акупацыі, набажэнствы ў царкве не спыняліся. У Першую сусветную вайну захопнікі прыстасавалі царкву пад гарнізонны храм нямецкіх салдат.

14 лістапада 1961 года Свята-Мікалаеўскі храм па вуліцы Савецкай, 10 быў зачынены. Увесну 1962 года з яго спілаваны ўсе крыжы над купаламі, а таксама збіты крыжы, якія ўпрыгожвалі фасад. Амаль трыццаць гадоў у будынку было размешчана сховішча Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці.

Летам 1989 года Свята-Мікалаеўская брацкая царква была вернута вернікам, на ёй засіялі крыжы. 7 студзеня 1990 года была адслужана першая літургія, а 18 лютага асвечаны прастол у гонар свяціцеля Міколы Цудатворцы. У 1994 годзе царква была адноўлена на ахвяраванні прыхаджан і гарадскіх прамысловых прадпрыемстваў. Летам 1995 года адноўлены храм наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ. З 1992 года пры Свята-Мікалаеўскай царкве дзейнічае нядзельная школа, у якой навучаецца каля 400 дзяцей. Таксама працуе праваслаўнае сястрынства міласэрнасці.

У розныя гады настаяцелямі Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы былі: святар Сяргей Тавараў (1902–1915), іерасхіманах Феафіл Несцярук (1919–1921), протаіерэй Леанід Раманскі (1921–1922), протапрэсвіцер Канстанцін Зноска (1922–1937), протаіерэй Мітрафан Зноска (1937–1944), протаіерэй Міхаіл Тарыма (1944–1948), протаіерэй Георгій Рэвінскі (1949–1950), протаіерэй Іаан Давідовіч (1950, 1951–1954), протаірэй Макарый Саковіч (1950–1951), протаіерэй Уладзімір Рункевіч (1954–1961), протаіерэй Міхаіл Сацюк (1988–1998), протаіерэй Пётр Рамановіч (з 1998 г.).

28 мая 2005 года ля Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы ўрачыста адкрыты памятны знак у гонар маракоў-удзельнікаў Руска-японскай вайны 1904–1905 гадоў і іх сямей.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

  1. Брестская Свято-Николаевская братская церковь // Туристские регионы Беларуси. Минск. 2008. С. 50.

  2. Свята-Мікалаеўская брацкая царква // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычы даведнік / А. М. Кулагін. Мінск. 2001. С. 26.

  3. Брэсцкая брацкая царква // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 290.

  4. Брэсцкая брацкая царква / Г. А. Лаўрэцкі // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнiк. Мінск. 1993. С. 87–88.

  5. Братская Николаевская церковь / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск. 1990. С. 44–45.

  6. Брацкая царква // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 39.

  7. Глущенко, Т. Недвижимость церковного престола : Свято-Николаевскому храму – 110 лет / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2016. 20 мая. (№ 40). С. 4.

  8. Ролич, О. Никольская братская церковь / Ольга Ролич // Заря. 2016. 12 мая. С. 8.

  9. Литвинович, Е. Эхо Цусимы... в Бресте : [о мемориальном знаке в память о моряках Брестчины – участниках русско-японской войны 1904–1905 гг. и 100-летия Цусимского сраженияу стен Свято-Никольской братской церкви] / Евгений Литвинович ; фото Валерия Короля // Заря. 2013. 4 июня. С. 7.

  10. Ролич, О. Свято-Никольская (братская) церковь / Ольга Ролич // Заря. 2015. 15 января. С. 17.

  11. Смаль, В. Вековые купола : в понедельник, 22 мая Свято-Николаевской церкви Бреста исполняется 100 лет / Валентин Смаль // Вечерний Брест. 2006. 15 мая.

  12. Ролич, О. Свято-Николаевская братская церковь г. Бреста / Ольга Ролич // Заря. 2006. 13 мая.

  13. Ролич, О. «...И храмы могут говорить...» : [празднование 100-летнего юбилея Свято-Николаевской Братской церкви г. Бреста] / Ольга Ролич // Заря. 2006. 23 мая. С. 1.

  14. Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Митрофан Зноско в авторском проекте : [Митрофан Зноско – настоятель Братской (Свято-Николаевской) церкви] / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2006. 24 февраля. С. 8.

  15. Волкович, А. Сынам Отечества посвящен памятный знак у Братской церкви : [об открытии памятного знака морякам – участникам русско-японской войны и 100-летия Цусимского сражения] / Александр Волкович // Брестский курьер. 2005. № 23. С. 10.

  16. Каменкова, М. Землякам – героям Цусимы : [об открытии памятного знака морякам – участникам русско-японской войны и 100-летия Цусимского сражения] / Марина Каменкова // Брестский вестник. 2005. 31 мая. С. 3.

  17. Литвинович, Е. Памятный знак и море цветов : [об открытии памятного знака в честь моряков – участников русско-японской войны 1904–1905 гг. и 100-летия Цусимского сражения] / Евгений Литвинович // Заря. 2005. 31 мая.

  18. Рубашевский, Ю. Плещут холодные волны : [об открытии памятного знака морякам – участникам русско-японской войны и 100-летия Цусимского сражения] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2005. 1 июня. С. 3.

  19. Адамянц-Подъяков, В. Золотое сечение храма : пешком в историю / Валерий Адамянц-Подъяков // Брестский курьер. 2002. № 9.

  20. Глущенко, Т. Твердая память престола : [о Свято-Николаевской братской церкви] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2001. 23 декабря.

  21. Бородина, О. Мой Дом, домом молитвы наречется… / Ольга Бородина // Заря. 1996. 21 декабря.

  22. Глущенко, Т. Пока мы ругаем времена – в храмах пишутся иконы : [о художественной росписи восстановленной Свято-Николаевской церкви в Бресте] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 1992. № 42.

  23. Александров, Н. Вокруг храма : [о проблемах реставрации Свято-Николаевской (Братской) церкви в Бресте] / Николай Александров // Заря. 1989. 25 октября.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1306 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Люты 2021 16:12