Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:11

19 жніўня 2016 г. – 65 гадоў з дня нараджэння Валерыя Георгіевіча Кяскевіча (1951), архітэктара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (1988), прэміі міжнароднага конкурсу ЮНЕСКА і Міжнароднага саюза архітэктараў «Жыллё – заўтра» (1984)

Валерый Георгіевіч Кяскевіч нарадзіўся 19 жніўня 1951 года ў г. Брэсце. У 1973 годзе скончыў Брэсцкі інженерна-будаўнічы інстытут. У 1974–1986 гадах працаваў у інстытуце «Брэстграмадзянпраект», уваходзіў у творчы калектыў пад кіраўніцтвам В. В. Арсеньева. З 1986 года – галоўны архітэктар праекта. З 1994 года – кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. З 1997 года Валерый Георгіевіч – галоўны архітэктар праектаў у інстытуце «Брэстпраект».

Асноўныя работы В. Г. Кяскевіча ў Брэсце: комплекс гаражоў аблвыканкама (1978), будынак выдавецтва газеты «Заря» (1982), жылы дом на бульвары Касманаўтаў (1985), гандлёвы цэнтр «Кантыненталь» (1997), комплекс жылых 5-ці павярховых дамоў па вул. Фруктовая (2000), гандлёва-забаўляльны цэнтр па вул. 28 ліпеня (2001), спартыўны комплекс «Вікторыя» (2005), Цэнтр вяслярных відаў спорту (2007), будынак СШ № 1 г. Брэста на вул. Калесніка (2011).

Новы аэравакзальны комплекс Брэста быў пабудаваны паводле індывідуальнага праекта калектыву брэсцкіх архітэктараў пад кіраўніцтвам Віктара Васільевіча Арсеньева, куды ўваходзіў і Валерый Георгіевіч. Аэравакзал расчыніў свае дзверы 15 кастрычніка 1986 года. Асаблівасцю архітэктурнай кампазіцыі аэравакзала стала практычна поўная адсутнасць масіўных калон. Для зручнасці пасажыраў і супрацоўнікаў дах і столь утрымлівалі спецыяльныя нясучыя канструкцыі без дадатковых падтрымак. Камфартабельны комплекс быў разлічаны на абслугоўванне 400 пасажыраў. Была вырашана праблема развядзення па розных узроўнях патоку прылятаючых і адлятаючых пасажыраў. Для зручнасці пасажыраў былі абсталяваны рэстаран, магазін, бар, сталовая. За гэту працу аўтары праекта В. В. Арсеньеў, А. Ляшук, В. Г. Кяскевіч, Р. А. Шылай і В. М. Гапіенка ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР (1988).

В. Г. Кяскевіч – лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Атрымаў прэмію міжнароднага конкурсу ЮНЕСКА і Міжнароднага саюза архітэктараў «Жыллё – заўтра» (1984). Валерый Георгіевіч узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» па выніках 2006 года.

На ХІ Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшы архітэктурны твор года праца «Універсальны спартыўны комплекс гульнявых відаў спорту на 5000 месцаў у г. Брэсце» была прызнана лепшым праектам года. Праект рэканструкцыі Брэсцкага тэатра лялек атрымаў высокую ацэнку міжнароднага журы ХІV Рэспубліканскага конкурсу лепшых архітэктурных праектаў 2008–2009 гадоў. Яго аўтар – Валерый Кяскевіч – быў удастоены медаля і дыплома першай ступені ў намінацыі «Рэканструкцыя».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

 

  1. Кяскевіч Валерый Георгіевіч// Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 4. С. 655.

  2. Кескевич Валерий Георгиевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1, кн. 1. Брестская область. Минск,2009. С. 453–454.

  3. Кескевич Валерий Георгиевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в7 т.]. Минск, 2007. Т. 4.С. 29.

  4. Брэсцкі аэрапорт / А. В. Пятроўская // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 504–507.

  5. Брэсцкі аэравакзал / В. І. Анікін // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 90.

  6. Архітэктурная спадчына Брэста : [Выяўленчы матэрыял] = Архитектурное наследие Бреста : Беларусь : 2015 : [насценны перакідны каляндар] / VOX (Брэст). – [Брэст] : Паліграфіка, 2015. – 13 л., уключаючы вокладку : каляр. афсет ; 42х59,5 см. – Са зместу: Дзяржаўная спецыялізаваная вучэбна-спартыўная ўстанова «Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па веславанні», 2007 год / архітэктары: В. Г. Кяскевіч [і інш.]. – Л. [4]; Палац спорту «Вікторыя» імя А. П. Мяшкова, 2004 год / архітэктары: В. Г. Кяскевіч [і інш.]. – Л. [7].

  7. Лопатникова, Я. Ко Дню знаний в Бресте открыта новая школа № 1 : [губернатор Брестской области К. А. Сумар принял участие в открытии новой школы по ул. Колесника в Бресте. Архитектор В. Кескевич] / Яна Лопатникова // Брестский курьер. 2014. 4 сентября (№ 36). С. 1, 5.

  8. Бунеева, Л. Действо начинается на улице : Как будет выглядеть после реконструкции брестский театр кукол : [о проекте здания театра кукол. Архитектор В. Кескевич] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2010. 13 августа. С. 7.

  9. Прэміі дзеячам культуры і мастацтва : Кіраўнік дзяржавы А. Лукашэнка 31 снежня падпісаў Указ аб прысуджэнні спецыяльнай прэмій Прэзідэнта РБ дзеячам культуры і мастацтва 2006 года : [у т. л. В. Кескевичу – за ўнікальны праект універсальнага спартыўнага комплексу гульнявых відаў спорту «Вікторыя» ў Брэсце] // ЛiМ. 2007. 12 студзеня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1154 разоў Апошняя змена Аўторак, 09 Чэрвень 2020 10:33