Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:12

27 чэрвеня 2016 г. – 85 гадоў з часу пераўтварэння (1931) мястэчка Ляхавічы Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства ў горад

Горад Ляхавічы Брэсцкай вобласці размешчаны на рацэ Ведзьма. Упершыню ў дакументах упамінаецца ў 1492 годзе як дзяржаўнае ўладанне ВКЛ, цэнтр Ляхавіцкай воласці (маёнтка). У першай палове XVI ст. Ляхавічы належалі Гаштольдам. З 1551 года горадам валодаў вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст. У 1572 годзе пасяленне перайшло да Я. Е. Хадкевіча i яго нашчадкаў, якія з канца XVI ст. пачалі называцца «графы на Ляхавічах».

У канцы XVI ст. гетман Ян Хадкевіч пабудаваў тут драўляны замак, так званую Ляхавіцкую фартэцыю, які лічыўся самым значным з падобных пабудоў у Рэчы Паспалітай. Меў у плане форму правільнага чатырохкутніка з чатырма вялікімі бастыёнамі і брустверамі. У глыбіні двара стаяў двухпавярховы мураваны палац у стылі рэнесансу. Замак меў навейшыя гарматы, адлітыя ў пачатку XVII ст. у людвісарнях Хадкевіча i Сапегі.

У 1635 годзе праз дынастычны шлюб Ляхавічы перайшлі да Сапегаў. У XVII ст. Ляхавічы ўжо мястэчка, у якім у 1636 годзе было 216 “дымоў”. Неаднаразова Ляхавічы цярпелі ад войнаў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў чатыры разы былі спалены i разбураны. Спустошаны i ў час Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў, замак быў разбураны шведамі. У 1760 годзе мястэчка перайшло ва ўладанне Масальскіх. Яно ўваходзіла ў Навагрудскі, з 1791 года у Случарэцкі паветы Навагрудскага ваяводства.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Ляхавічы ў складзе Расійскай імперыі. З 1797 года цэнтр Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. Прыватнаўласніцкае мястэчка было перададзена вялікаму гетману літоўскаму С. Касакоўскаму. У XIX ст. яно яшчэ заставалася ва ўладанні Касакоўскіх.

Штуршок эканамічнаму росту Ляхавіч дало будаўніцтва Палескай чыгункі, калі ў 1880-я гады праз мястэчка быў пракладзены ўчастак чыгункі Баранавічы – Лунінец. Паводле перапicy 1897 года, у Ляхавічах налічвалася 150 двароў, 5016 жыхароў. Тут працавалі ганчарныя майстэрні, вінакурны завод, былі 30 крам, бальніца. Праводзіліся тры кірмашы на год. У 1900 годзе зявілася пошта, працавала 91 дробнае прамысловае прадпрыемства.

У Першую сусветную вайну Ляхавічы апынуліся ў прыфрантавой паласе. У лютымснежні 1918 года былі акупіраваны германскімі войскамі. 17 красавіка 1919 года Ляхавічы захапілі польскія войскі. У ліпені 1920 года мястэчка вызвалена Чырвонай арміяй. Згодна з Рыжскай мірнай дамовай (1921) Ляхавічы апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.

27 чэрвеня1931 года мястэчка Ляхавічы зноў атрымала статус горада. Адначасна да яго далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны – вёску Малая Лотва і чыгуначную станцыю. Быў створаны гарадскі магістрат, члены якога назначаліся дзяржаўнай адміністрацыяй. Бюджэт быў нязначным, амаль цалкам ішоў на ўтрыманне саміх муніцыпальных органаў. У сярэдзіне 1930-х гарадскія органы ў Заходняй Беларусі былі пазбаўлены самастойнасці, пераўтварыліся ў выканаўчы орган дзяржаўнай адміністрацыі, функцыянавалі незалежна ад волі большасці жыхароў гарадоў. З дапамогай адміністрацыйнага нажыму і фальсіфікацыі ўлады забяспечылі палякам дамінуючыя пазіцыі ў гарадскім самакіраванні.

У верасні 1939 года ў Ляхавічы ўвайшла Чырвоная армія, 18 верасня ўстаноўлена Савецкая ўлада. 15 студзеня 1940 года горад стаў цэнтрам Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года – Брэсцкай вобласці.

Раней горад не меў свайго герба. Рашэннем Ляхавіцкага Савета народных дэпутатаў ад 26 снежня 1994 года зацверджаны герб горада Ляхавічы: у чырвоным полі варажскага шчыта сярэбраны план замка. Выява Ляхавіцкага замка ўзята з гравюры 1660 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 годзе Ляхавіцкай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Шклянік Алена Анатольеўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

  1. Ляхавічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 4. Брэсцкая вобласць : у 2 кн. Мінск : БелЭн, 2007. Кн. 2. С. 250–255.

  2. Ляхавічы // Рэспубліка Беларусь : Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік. Мінск : БелЭн, 2004. С. 53–54.

  3. Ляхавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 429.

  4. Ляхавіцкі замак / М. А. Ткачоў ; Ляхавічы / С. Ф. Самбук // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 331–332.

  5. Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна / рэд.-склад. В. У. Скалабан. – Мінск, 1989. – 439 с. : іл., [8] л. іл.

  6. Ляховичи. Из прошлого в будущее / [автор концепции и текста А. М. Суворов; фото: В. В. Байковский и др.]. Брест : Полиграфика. 2013.175 с.

  7. Ляхавічы і ваколіцы : [гісторыя і сучаснасць горада] / гал. рэд. У. Шпарло. – Брэст : Вячэрні Брэст, 2010. – 95 с. : іл.

  8. Ляхавіцкі раён. Сцежкамі роднага краю : турыст. даведнік : [памятныя мясціны і помнікі гісторыі, культуры, архітэктуры] / тэкст Беразоўскі Г. В. ; маст. афармленне, фота С. В. Чарановіча. – Мінск : Рыфтур, 2009. – 38 с. іл.

  9. Ляхавіцкі край вачамі патэнцыяльнага турыста : [буклет-даведнік] / складзены і падрыхтаваны да друку ўстановай «Рэдакцыя раённай газеты “Ляхавіцкі веснік”» ; фота Сяргея Варановіча; тэкст Святланы Стыкуць. Брэст, 2007. 20 с. : іл.

  10. Татаринов, Ю. Города Беларуси. Брестчина : в некоторых интересных исторических сведениях : [г. Ляховичи] / Юрий Татаринов. Минск : Смэлток, 2010. – 171 с. – (Беларусь историческая).

  11. Ляховичи // Брестчина, устремленная в будущее : фотоальбом / гл. ред. Владимир Шпарло. Брест, 2009. С. 216218.

  12. Ляховичи // От Беловежскойпущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области / [текст: Т. Хвагина, А. Варавва ; фото С. Плыткевича]. Минск, 2013.С. 164166.

  13. Мельнікаў, І. Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг. : [малавядомыя старонкі гісторыі Заходняй Беларусі] / І. Мелькаў. – Мінск: Галіяфы, 2015. 428 с.: іл.

  14. Загідулін, А. М. Нацыянальная і канфесійная палітыка польскіх улад у адносінах да беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.) : дысертацыя кандыдата гістарычных навук / А. М. Загідулін. Гродна, 2005.

  15. Полуян, И. В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса 19291933 гг. / И. В. Полуян ; под ред. М. Г. Костюка. – Минск : Навука і тэхніка, 1991. – 207 с.

  16. Даркович, А.Л. Финансы городского самоуправления в Западной Белоруссии в 19191939 гг./ Александр ЛеонидовичДаркович // Вопросы истории. 2013.  № 7. C. 105116.

  17. Даркович, А.Л. Городское самоуправление в Западной Белоруссии. 19261939 гг. / Александр ЛеонидовичДаркович // Вопросы истории. 2012. № 2. C. 7490.

  18. Вабiшчэвiч, А.Паміж паланізацыяй і асіміляцыяй. Этнакультурная сітуацыя ў Заходняй Беларусі / Аляксандр Вабішчэвіч // Беларуская думка. 2009. № 7. С. 66–71.

  19. Вабiшчэвiч, А. Дзейнасць арганізацыі PolskaMacierzSzkolna у Заходняй Беларусі ў 20–30-я гг. XX ст. : [у т. л. Баранавіцкі павет] / Аляксандр Вабішчэвіч // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. Серыя гуман. і грамад. навук. 2007. № 2. С. 26–32.

  20. Сляшчынскі, В. Нацыянальная палітыка польскіх улад на землях Усходней Літвы і Заходняй Беларусі : [у т. л. Баранавіцкі павет] / В. Сляшчынскі // Беларускi гiстарычны часопiс. 2006. № 9. С. 10.

  21. Мілеўскі, Я. Е. Нацыянальная структура гарадскіх рад у перыяд з 1919 па 1939 год у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах / Я. Е. Мілеўскі // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. № 1. С. 22–23.



Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1338 разоў Апошняя змена Аўторак, 09 Чэрвень 2020 10:30