Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:38

11 ліпеня 2016 г. – 105 гадоў з дня нараджэння Янкі Чабора (сап. Іван Сцяпанавіч Патаповіч; 1911–1943), беларускага пісьменніка, паэта, публіцыста, рэвалюцыянера

Іван Сцяпанавіч Патаповіч (Янка Чабор) нарадзіўся 11 ліпеня 1911 года ў вёсцы Рачканы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай патрыярхальнай сялянскай сям’і. Дзеці змалку прывучаліся да працы, дапамагалі па гаспадарцы.

Першапачатковую адукацыю Іван атрымаў у польскай школе ў роднай вёсцы, паступіў у чацвёрты клас Віленскай беларускай гімназіі. Разам з ім вучыўся Якуб Міско (1911–1981), які стаў журналістам, пісьменнікам, заслужаным дзеячам культуры БССР (1967). Якуб Герасімавіч запомніў Івана як высокага, хударлявага хлопца, з адкрытым тварам, у рагавых акулярах. Ён быў прыветлівы, вучыўся старанна. У час вучобы захапіўся беларускай літаратурай, асабліва любіў вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іван Патаповіч скончыў гімназію ў 1931 годзе, затым вучыўся ў Віленскім універсітэце. Студэнтам стаў членам КПЗБ, вёў прапагандысцкую работу сярод студэнтаў-беларускаў.

Іван Патаповіч свае паэтычныя і публіцыстычныя творы падпісваў псеўданімам Янка Чабор. Першыя вершы Янкі Чабора («Васілёк», «Мы арлы») былі змешчаны ў 1928 годзе ў рукапісным часопісе падпольнай ячэйкі Віленскай беларускай гімназіі «Васілёк» (№ 1). Пісаў вершы публіцыстычнага, маральна-выхаваўчага характару. Друкаваўся таксама ў «Беларускай газеце».

У 1931 годзе Янка Чабор надрукаваў «Адкрыты ліст» з заклікам да заходнебеларускіх пісьменнікаў аб’яднацца ў адзіную пісьменніцкую арганізацыю. Быў адным з ініцыятараў стварэння Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Мэта стварэння – ідэйнае выхаванне літаратурнай моладзі і барацьба за прынцыпы класавасці і камуністычнай партыйнасці літаратуры. Фронт выкрываў шкоднасць буржуазных тэорый надкласавасці і апалітычнасці мастацтва. Праграма фронту была выкладзена ў «Дэкларацыі паэтаў…», апублікаванай ў № 1 часопіса «Літаратурная старонка» (1934). Заклік падпісалі Янка Чабор, Міхась Васілёк, Аляксей Рэдзька, Пятрусь Граніт, Звястун (Піліп Пестрак), Анатоль Іверс.

10 снежня 1933 года на з’ездзе пісьменнікаў у Вільні Іван Патаповіч быў абраны рэдактарам-выдаўцом часопіса «Літаратурная старонка», які стаў друкаваным органам Літаратурнага фронту. У гэтым часопісе Янка Чабор змясціў некалькі вершаў («Заклік», «Гэй, арліна мая сіла…»), галоўным пасылам якіх быў заклік да рэвалюцыйнай перабудовы жыцця. Першы нумар часопіса выйшаў з друку 25 студзеня 1934 года і быў адразу канфіскаваны польскімі ўладамі.

У сакавіку 1934 года Іван Патаповіч за сваю грамадска-палітычную дзейнасць быў арыштаваны, змешчаны ў Лукішскую турму. Літаратурны фронт распаўся ў выніку арыштаў актыву – паэтаў і празаікаў В. Таўлая, Я. Чабора, П. Пестрака, А. Дубовіча, Я. Міско, выдаўца «Беларускай газеты» А. Карповіча. Следства доўжылася больш за два гады, у сакавіку 1936 года Янка Чабор быў асуджаны на пяць гадоў турмы.

У верасні 1936 годзе Янка Чабор выйшаў з турмы па амністыі і заняўся арганізацыяй кааператываў у вёсках сваёй ваколіцы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР прымаў удзел ва ўстанаўленні Савецкай улады і ў рабоце першых савецкіх устаноў у родным раёне.

Янка Чабор памёр у 1943 годзе. Дата, месца і абставіны смерці нявысветленыя. Вядома, што ў 1941 годзе ён быў арыштаваны НКУС. Усе родныя Івана Патаповіча былі рэпрэсіраваны і адпраўлены ў Сібір, у Краснаярскі край. Пасля вайны сям’я была рэабілітавана і атрымала дазвол вярнуцца на радзіму.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Ляхавіцкай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Маруцік Марына Мікалаеўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

  1. Янка Чабор (1911–1941) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд., укл. А. М. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 367–370.

  2. Чабор Янка / А. В. Мальдзіс // Беларуская энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 6. С. 243.

  3. Чабор Янка / У. А. Калеснік // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 501.

  4. Міско, Я. Хлопец з вёскі Рачканы / Якуб Міско // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 178–179.

  5. Міско, Я. Хлопец з вёскі Рачканы : [1981 г.] // Міско, Я. Маё маўклівае сэрца : з літаратурнай спадчыны / Якуб Міско. Мінск : Юнацтва, 1983. С. 451–455.

  6. Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў / У. А. Калеснік // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 278.

  7. История белорусской советской литературы : [Янка Чабор]. Минск, 1977. С. 114–116.

  8. Гісторыя беларускай савецкай літаратуры : [Янка Чабор]. Мінск, 1965. Т. 1. С. 145–150.

  9. Ляшук, В. Я. Літаратура Берасцейшчыны : [Янка Чабор] / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Брэст, 1999. С. 240.

  10. Чабор, Я. Заклік ; “Гэй, арліна мая сіла…” : [вершы] / Янка Чабор // Сцягі і паходні : творы паэтаў з былой Заходняй Беларусi / прадм. Ул. Калеснiка. Мінск, 1965. С. 119–121.

  11. Снітко, Г. «Заспяваю песню люду...» : да 95-годдзя з дня нараджэння Янкі Чабора / Г. Снітко, I. Фiлiмон // Ляхавіцкі веснік. 2006. 12 ліпеня. С. 3.

  12. Патаповіч, А. Наш зямляк Янка Чабор : [стрыечны брат Янкі Чабора ўспамінае] / Антон Іосіфавіч Патаповіч // Ляхавіцкі веснік. 1991. 11 чэрвеня (№ 55). С. 2.

  13. Місько Я. Хлопец з вёскі Рачканы : [да 50-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР] / Якуб Міско // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1989. 3 верасня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 520 разоў