Чацвер, 29 Верасень 2016 11:30

2016 г. – 80 гадоў з часу адкрыцця Давыд-Гарадоцкага гарадзішча, помніка археалогіі ХІІ ст. (1936; Столінскі раён)

У мястэчку Давыд-Гарадок Столінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) 6 мая 1936 года ўспыхнуў вялікі пажар. Згарэла драўляная Васкрасенская царква, якая з пачатку ХІХ ст. стаяла на Замкавай гары на беразе ракі Гарынь, і больш за 100 дамоў.

Па ініцыятыве прыхаджан было вырашана на месцы згарэўшай пабудаваць мураваную царкву. Замкавая гара дыяметрам каля 150 м, а вышынёй 5–6 м. Восенню пачалі капаць катлаван для падмурку і на глыбіні чатырох метраў знайшлі памост з дубовых дошак. Памост разабралі, і пад ім ўбачылі склеп, у якім стаялі 13 трунаў. Мясцовы свяшчэннік Бяляеў зрабіў недаравальную памылку, па яго распараджэнню труны былі разбіты, астанкі перамешаны і закапаны ў іншым месцы.

Атрымаўшы звесткі аб дзіўнай знаходцы, з Вільні, якая была ў той час цэнтрам грамадска-культурнага жыцця беларусаў у Польшчы, у Давыд-Гарадок прыехаў вядомы вучоны і грамадскі дзеяч Антон Іванавіч Луцкевіч (1884–1946). Ён зразумеў, што тут знайдзены рэшткі замка і месца пахавання мясцовых князёў – Княжыя магілы. Чарапкі посуду, знойдзеныя А. І. Луцкевічам у раскопе, былі дасланы на экспертызу буйному спецыялісту па славянскай кераміцы прафесару Львоўскай багаслоўскай акадэміі Яраславу Іванавічу Пастэрнаку (1892–1969). Вучоны адказаў, што чарапкі з ніжніх пластоў адносяцца да ХІІ ст., а з верхніх – да ХVІІ­–ХVІІІ стст.

Адкрыццё Княжых магіл у Давыд-Гарадку стала сенсацыяй і абышло ўсю польскую прэсу. У 1937 годзе была накіравана археалагічная экспедыцыя на чале з доктарам філасофіі і гісторыі, прафесарам Познаньскага ўніверсітэта Раманам Іванавічам Якімовічам (1889–1951). Пад яго кіраўніцтва раскопкі на Замкавай гары вяліся ў 1937–1939 гадах.

Быў раскапаны сярэдневяковы населены пункт гарадскога тыпу, самы старажытны пласт якога адносіцца да ХІІ ст. Галоўная вуліца была выкладзена дубовымі плашкамі, другія вуліцы былі вузкімі, шырынёю 1,5–2 м, яны не мелі суцэльнага пакрыцця. Уздоўж вуліц стаялі жылыя хаціны. Было раскапана 12 такіх пабудоў. Кожная з іх уяўляла сабой аднапакаёвы квадрат 4х4 м. У хаціну вялі дверы шырынёй каля паўметра, у хаце была падлога і глінабітная печ.

Пры раскопках была знойдзена значная колькасць гаспадарчых прылад і прадметаў хатняга ўжытку: клёпкі і днішчы драўлянага посуду, грабяні, лыжкі, шылы, іголкі для пляцення рыбацкіх сетак, нажы, наканечнікі коп’яў, бронзавы званочак, кавалачкі шкляных бранзалетаў.

Р. І. Якімовіч знайшоў на Замкавай гары новыя пахаванні. Быў адкрыты склеп, дзе знаходзіліся 10 драўляных саркафагаў. Усяго было знойдзена 25 саркафагаў, у якіх ляжалі астанкі дарослых мужчын і жанчын, дзяцей. Захаваліся рэшткі адзення з палатна, фрагменты абутку з мяккай скуры, кавалкі тонкай тканіны. Што гэта пахаванні рускіх князёў, мясцовай рускай арыстакраціі, не было ніякага сумніву. Вучоны зрабіў вывад, што заснавальнікам Давыд-Гарадка быў адзін з Рурыкавічаў­ князь Давыд Ігаравіч (1060–1112), унук Яраслава Мудрага, які атрымаў Пагарынне ў 1100 годзе. Матэрыялы даследаванняў і экспанаты былі перададзены Беларускаму музею ў Вільні і Археалагічнаму музею ў Варшаве.

Наступныя раскопкі на гарадзішчы праводзіліся з 4 ліпеня 1967 года археалагічнай экспедыцыяй Інстытута гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам Пятра Фёдаравіча Лысенкі. Для ўдзелу ў земляных работах былі прыцягнуты вучні давыд-гарадоцкіх школ, якіх арганізаваў настаўнік гісторыі СШ № 2 Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў (1926–2015).

Ва ўсходняй частцы Замкавай гары быў зроблены раскоп, у якім адкрыты культурны пласт таўшчынёй звыш 4-х метраў. Было адкрыта 15 пабудоў, якія адносіліся да шасці будаўнічых ярусаў. Самы ніжні ярус належыць ад ХІІ ст. Зноўдзены наканечнік кап’я, наканечнікі стрэл, свінцовая булава, мноства прадметаў працы: кавальскія абцугі, прабойнік, долата, разец-лыжкар, сякера, спружынныя нажніцы, нажы, верацёны, іголкі. Добра захаваліся ў сухой зямлі вырабы з дрэва. Экспанаты з раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

Вынікі вывучэння старажытнага горада сведчаць, што яго матэрыяльная культура была на ўзроўні агульнарускіх паказчыкаў. Археалагічнымі раскопкамі патрывожана нязначная плошча Замкавай гары ў Давыд-Гарадку, вучоным астаўлена магчымасць зрабіць новыя адкрыцці.

У 1987 годзе па ініцыятыве краязнаўца М. У. Шэлехава на Замкавай гары, помніку археалогіі, пастаўлены памятны знак з надпісам «Отсюда есть пошел городок Давыда. ХII век». У 2000 годзе пад час святкавання 900-годдзя горада на цэнтральнай плошчы ўрачыста адкрыты помнік князю Давыду (скульптар Аляксандр Дранец).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Давыд-Гарадок // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4, кн. 2. С. 577–579.

  2. Давыд-Гарадоцкі замак / Міхась Ткачоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 189–191.

  3. Давыд-Гарадок / А. А. Егарэйчанка ; Давыд-Гарадоцкізамак / М. А. Ткачоў // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 204–206.

  4. Городище : [в Давид-Городке] / П. Ф. Лысенко // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 389.

  5. Гарадзішча : [у Давыд-Гарадку] / П. Ф. Лысенка// Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 349.

  6. Давыд-Гарадок / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 252–253.

  7. Лысенко, П. Ф. Города Туровской земли / Пётр Федорович Лысенко. – Минск, 1974. – 199 с. : ил. – Из содерж.: Давид-Городок : [об археологических раскопках в 1937–1939 гг. и 1967 г.]. – С. 118–142.

  8. Лысенко, П. Ф. Древний Туров : [многолетние археологические исследования древнего туровского городища] / П. Ф. Лысенко. Минск : Беларуская навука, 2004. – 180 с. – Из содерж.: [г. Давид-Городок]. – С. 37, 66, 85, 96.

  9. Лысенко, П. Ф. Раскопки городища древнерусского Давид-Городка в 1967 году / П. Ф. Лысенко // Древности Белоруссии : доклады к конференции по археологии Белоруссии. Март 1969 г. / под ред. В. Д. Будько ; АН БССР. Сектор археологии Института истории. Минск : [б. и.], 1969.

  10. Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў ; [прадмова П. Лысенкі]. – Брэст : Брэсцкае ўпраўленне па друку, 2000. – 304 с. : [8] л. іл. – Са зместу: Княжыя магілы. – С. 56–61.

  11. Шелехов, М. В. Забытое княжество Городецкое : [история г. Давыд-Городок, ХI–ХVI вв.] / М. В. Шелехов // Деды : дайджест публикаций о белорусской истории. Минск, 2012. С. 135–145.

  12. Шэлехаў, М. Забытае княства / Міхаіл Шэлехаў // Берасцейскія карані ’98 : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1998. С. 140–159.

  13. Шэлехаў, М. У. Забытае княства : [гісторыя Давыд-Гарадка, ХІІ ст.] / М. У. Шэлехаў // Памяць. Столінскі раён. : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 49–54.

  14. Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ ст. (гісторыя, стан перспектывы) / Леанід Міхайлавіч Несцярчук. – Мінск : БЕЛТА, 2002. – 336 с. : іл. – За зместу: Давыд-Гарадок. – С. 15–17.

  15. Штыхов, Г. В. Города Белоруссии по летописям и раскопкам (IХ–ХIII вв.) / Георгий Васильевич Штыхов. – Минск : Полымя, 1975. – 32 с. : ил. – Из содерж.: Давид-Городок [раскопки городища]. – С. 18.

  16. Jakimowicz, R. Dawidgródek / Roman Jakimowicz. – Pińsk : Drukarnia Braci Wilkowiczów, 1939. – 45 s. : il.

  17. Lopuski, J. RefleksieleśnikanadwykopaliskamiwDawidgródku : [роздум лясніка над археалагічнымі раскопкамі ў Давыд-Гарадку] / JanLopuski // Sylwan, ser. B, 2. T. 56. 1938. S. 46–49.

  18. Княжыя магілы ў Давід-Гарадку // Калосьсе : літаратурна-навуковы часопіс. Вільня, 1937. № 2 (11). С. 112–116.

  19. Луцкевіч Антон Іванавіч / Анатоль Сідарэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 402–403.

  20. Якімовіч Раман Іванавіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедя. Мінск, 1993. С. 672.

  21. Дранец, А. В. Князь Давыд. 2002. Бронза [Изоматериал] : [репродукция] / Александр Дранец // Сучасная беларуская скульптура. XXI стагоддзе. Мінск, 2012. С. 115.

  22. Бяліцкая, Г. Археалагічны помнік постзарубінецкага часу каля Давыд-Гарадка / Г. Бяліцкая // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 2006. № 21. C. 192–194.

  23. Лабынцев, Ю. А. В глубинном Полесье : (Турово-Пинская земля) / Ю. А. Лабынцев. – Москва : Искусство, 1989. – 159 с. : ил. – Из содерж.: Давид-Городок. Замковая гора. – С. 62–63.

  24. Молочко, Е. Давид-Городок: душевная декорация прошлого / Елена Молочко // Советская Белоруссия. 1998. 15 августа (№ 212–213). С. 4.

  25. Шэлехаў, М. Забытае княства : Княжыя магілы / Міхаіл Шэлехаў // Народная трыбуна. 1998. 6 чэрвеня.

  26. Шэлехаў, М. Князь Давыд і яго горад / Міхаіл Шэлехаў // Народная трыбуна. 1991. 21–27 кастрычніка. С. 8.

  27. Шэлехаў, М. Князь Давыд і яго горад : гістарычная легенда / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў // Навіны Палесся. Столін, 1980. 13 снежня.

  28. Шэлехаў, М. Кніга аб гарадах Тураўскай зямлі : [пра кнігу П. Ф. Лысенкі, які праводзіў раскопкі гарадзішча ў Давыд-Гарадку] / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў // Навіны Палесся. Столін, 1975. 17 ліпеня.

  29. Вольскі, В. Па дарогах Палесся : Замкавая гара [у Давыд-Гарадку] / Віталь Вольскі // Маладосць. 1970. № 10. С. 80–81.

  30. Шэлехаў, М. Помнікі трэба берагчы : [прапанова краязнаўцы паставіць памятны знак на месцы археалагічных раскопак на Замкавай гары] / М. Шэлехаў // Навіны Палесся. Столін, 1967. 16 снежня.

  31. Шэлехаў, М. Раскопкі ў Давыд-Гарадку : [пра археалагічныя раскопкі на Замкавай гары пад кіраўніцтвам П. Ф. Лысенкі] / М. Шэлехаў // Навіны Палесся. Столін, 1967. 13 ліпеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1820 разоў Апошняя змена Серада, 08 Ліпень 2020 11:24